Юныя ахоўнікі правапарадку



У лютым раённы моладзевы атрад аховы правапарадку адзначыў свой чарговы "дзень нараджэння". 3 гэтай нагоды адбыўся ўрачысты прыём ва ўдзельнікі атрада навучэнцаў старэйшых класаў установаў адукацыі Дзятлаўшчыны. Мерапрыемства праходзіла ў зале пасяджэнняў аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама.

Школьнікаў павітала першы сакратар раённага камітэта ГА "БРСМ" Кацярына Хілімончык. Яна расказала, што моладзевы атрад аховы правапарадку ў нашым раёне дзейнічае даўно. Старэйшае яго звяно — працоўная моладзь, сярэдняе — вучні старэйшых класаў. Вось і цяпер атрад папоўніцца новымі ўдзельнікамі, бо ў зале сядзяць тыя, хто атрымае пасведчанні.

Як да малодшых калегаў да будучых удзельнікаў моладзевага атрада аховы правапарадку звярнуўся начальнік аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама А. Ф. Біль. Аляксандр Францавіч зазначыў, што парадак у горадзе і населеных пунктах, дзе мы жывём, залежыць толькі ад нас і нашых адносінаў да рэчаіснасці. Людзі, якія прывыклі да парадку, ніколі не будуць хадзіць па газонах, маляваць на сценах, псаваць лаўкі — адным словам, яны будуць берагчы тое, што ў іх ёсць, і навучаць гэтаму іншых. Начальнік міліцыі выказаў спадзяванне, што ў асобе новых удзельнікаў атрада ён знойдзе надзейных памочнікаў па ахове парадку ў нашым раёне.

Ва ўрачыстай абстаноўцы пасведчанні ўдзельнікаў моладзевага атрада аховы правапарадку школьнікам уручылі начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама A. Ф. Біль і першы сакратар раённага камітэта ГА "БРСМ" К. Хілімончык.

Намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама па ідэалагічнай і кадравай рабоце I. В. Хітро расказаў моладзі, як можна паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Як наладжаны працэс навучання, якія створаны ўмовы для тых, хто атрымлівае адукацыю ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь і Магілёўскім інстытуце МУС Рэспублікі Беларусь, расказалі курсанты Дзмітрый Жыгала і Андрэй Вінцукевіч.

Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама B. В. Петрукевіч павіншаваў новых удзельнікаў моладзевага атрада аховы правапарадку з атрыманнем пасведчанняў. Расказаў, што яны цяпер стануць першымі памочнікамі для адміністрацый сваіх навучальных установаў у забеспячэнні парадку на школьных мерапрыемствах. Таксама зазначыў, што раз у месяц для іх будуць арганізоўвацца заняткі, сустрэчы з цікавымі людзьмі і нават курсы па самаабароне.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/