Юбілейны візіт валанцёраў



Наш раён чарговы раз наведалі прадстаўнікі галандскай дабрачыннай арганізацыі "Дзеці Чарнобыля". Гэта быў іх саракавы візіт на Дзятлаўшчыну. Дабрачынная арганізацыя на працягу 20 гадоў дапамагае беларусам, якія жывуць на тэрыторыях, забруджаных у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Госці з галандскага горада Капэла прыязджаюць на Дзятлаўшчыну двойчы на год — вясной і восенню. У нашым раёне яны супрацоўнічаюць з Дварэцкім і Мяляхавіцкім сельскімі Саветамі, Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцай, раённай араганізацыяй Таварыства Чырвонага Крыжа.

Да сустрэчы з карэспандэнткай газеты "Перамога", якая адбылася ў Дзятлаўскай раённай бальніцы, валанцёры ў час свайго юбілейнага візіту пабылі ў аграгарадку Дварэц, аказалі дапамогу мясцовым дзіцячаму саду, школе, амбулаторыі і развезлі 130 харчовых набораў жыхарам сельсаветаў. Сярод тых, хто атрымаў прадукты, — шматдзетныя сем'і, малазабяспечаныя людзі, інваліды першай і другой групаў.

У Дзятлаве прадстаўнікоў дабрачыннай арганізацыі "Дзеці Чарнобыля" сустракалі галоўны доктар Цэнтральнай раённай бальніцы Марыя Максімовіч, старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, настаўніца школы №1 горада Дзятлава Ірына Дарафейчык, якая перакладала размову.

Валанцёры расказалі, што крыху пазней прыбудзе гуманітарны груз. Ен цяпер праходзіць мытны кантроль. Там — пасцельная бялізна і медыцынскія рэчы для бальніцы сястрынскага догляду аграгарадка Гезгалы, таксама бальніцы будуць перададзены некалькі соцень падгузнікаў для дарослых. Раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа візіцёры перадалі 7 харчовых набораў. Звычайна замежныя госці прыязджаюць. у Беларусь з грашовымі сродкамі і ўжо тут набываюць звыклыя для мясцовых жыхароў харчовыя прадукты, сродкі догляду.

І. СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/