Усё жыццё на сувязі



Якога чалавека можна назваць шчаслівым? Напэўна, таго, у якога ёсць, перш за ўсё, тыя, хто яго любіць, клапатлівыя бацькі, яго сям'я. Мне вельмі пашанцавала: у мяне вялікая і дружная сям'я, і акрамя таты, мамы і маёй малодшай сястры, у мяне ёсць бабулі і дзядулі.

Нядаўна свой 65-гадовы юбілей адзначыў мой дзядуля Віктар Браніслававіч Урбан. Ён нарадзіўся ў Дзятлаўскім раёне ў вёсцы Засецце. Скончыў сярэднюю школу №2 у Дзятлаве, вучыўся ў Мінскім электратэхнікуме сувязі, а затым у інстытуце сувязі ў Маскве. На працягу 37 гадоў (з 1977 па 2014 гады) ён працаваў у Дзятлаўскім раённым вузле электрасувязі інжынерам шматканальнай сувязі. За гэтыя гады атрымаў шырокае прызнанне сярод калег і шмат чаго дамогся ў жыцці.

Мой дзядуля не раз узнагароджваўся Дыпломамі і Ганаровымі граматамі, сярод якіх Ганаровая грамата Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства электрычнай сувязі "Гроднааблтэлекам" за шматгадовую, добрасумленную працу, асабісты уклад у вынікі дзейнасці галіны сувязі, Ганаровая грамата Савета дзяржаўнага прадпрыемства электрычнай сувязі "Гроднааблтэлекам" і Прэзідыума абкама прафсаюза за значны уклад у развіццё і ўдасканаленне сродкаў сувязі.

Я ганаруся тым, што мой дзед быў двойчы прызнаны лепшым работнікам галіны сувязі і ўзнагароджаны Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога вытворча-тэхнічнага ўпраўлення сувязі ў сувязі з прысваеннем звання "Лепшы па прафесіі" ў 1986 і 1989 гадах. У час навучання ў тэхнікуме дзядуля неаднаразова ўзнагароджваўся граматамі за актыўны ўдзел у грамадскім жыцці тэхнікума, за высокую працоўную дысцыпліну.

Мой бацька расказваў мне пра тое, што іх сям'я была вельмі спартыўнай: удзельнічалі ў спаборніцтвах па валейболе, настольным тэнісе, спартакіядзе па шматбор'і. Сярод дзедавых узнагародаў - Дыпломы пераможцы раённага вузла сувязі ў раённай спартакіядзе работнікаў вузла сувязі па настольным тэнісе, у спартакіядзе па шматбор'і комплексу ГТО сярод мужчын у 1988 годзе. У 1990 годзе сям'я майго дзядулі і бабулі была ўзнагароджана Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў сувязі, якая заняла 1-е месца ў спартакіядзе. Дзядуля і бабуля прывілі майму бацьку навыкі здаровага ладу жыцця, таму ён і абраў факультет фізічнай культуры. Любоў да спорту перадалася і мне: гуляю ў футбол, тэніс і ўдзельнічаю ў раённых і абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы.

На працягу многіх гадоў Віктар Браніслававіч працаваў з рознымі прыборамі і пастаянна ўносіў рацыяналізатарскія прапановы. У яго налічваюцца тры пасведчанні на рацыяналізатарскія прапановы да выкарыстання.

За што я люблю і паважаю дзядулю Віцю? Мой дзядуля мяне вельмі добра вучыць. Ён навучыў мяне рамантаваць веласіпед, расказаў, для чаго патрэбныя розныя запчасткі і як правільна падабраць патрэбныя ключы да іх. Калі я бываю на канікулах у дзядулі, мы рашаем цікавыя задачы па матэматыцы.

Дзякуючы гэтаму я займаю першыя месцы ў раённай алімпіядзе па матэматыцы. Яшчэ дзядуля навучыў мяне гуляць у шашкі і шахматы. Шмат у чым дзякуючы яму мы з маёй сястрой Упадай выйгралі міжнародны турнір па шахматах і ўзялі гран-пры для сваей школы №3 г. Дзятлава.

Акрамя майстэрства рамонту, дзядуля расказвае мне, як трэба сябе правільна паводзіць сярод людзей. Мой дзядуля заўсёды стрыманы і спакойны, таму ўсе вакол прыслухоўваюцца да яго меркавання і адносяцца з павагай. А яшчэ ён вельмі добры і вясёлы. Калі мы садзімся ўсёй сям'ёй за стол, наш абед пачынаецца з якога-небудзь жарта. Але ў той жа час ён вельмі разважлівы і мудры. Пра гэта сведчыць сівізна на скронях і яго заўсёды ўсё разумеючы погляд.

Дзядуля ўмее рабіць усё. У яго залатыя рукі. Ён для мяне ўзор сапраўднага мужчыны: моцнага, адважнага, мэтанакіраванага і адказнага. Я расту і бяру за прыклад дзядулеву навуку, каб быць годным унукам і пераемнікам сямейных традыцый.

Я ўвесь час здзіўляюся: адкуль дзядуля ведае адказы на ўсе пытанні? Мабыць, таму, што ён чалавек рознабаковых захапленняў, ён цікавіцца гісторыяй, навуковымі адкрыццямі, глядзіць аналітычныя перадачы, навіны, чытае газеты і кнігі.

Мая мама кажа, што я ўвесь у дзеда: уседлівасць, любоў да тэнісу, матэматыкі і іншых дакладных навук, праектаванне і стварэнне сваімі рукамі з канструктара і паперы розных цацак. А яшчэ мама кажа, што дзядулю трэба паставіць помнік пры жыцці. Аказваецца, гэта вобразны выраз, але я з мамай цалкам згодны: дзядуля самааддана дапамагае тату будаваць дом, а маме - добраўпарадкоўваць тэрыторыю вакол дома. Наогул, дзядуля любіць дапамагаць усім, не толькі родным і блізкім. Хоць ён ужо чатыры гады як на пенсіі, але яму дагэтуль тэлефануюць яго маладыя калегі і кансультуюцца па розных пытаннях. Ён можа падтрымаць у цяжкую хвіліну, рассмяшыць. Дзядуля пастаянна цікавіцца маімі поспехамі ў вучобе.

Што б дзядуля ні рабіў, ва ўсім яго падтрымлівае мая бабуля - Валянціна Міхайлаўна. Яна заўсёды была для дзядулі вернай спадарожніцай і надзейным тылам. Мне здаецца, пакуль ёсць бабулі і дзядулі, то ў нас ёсць як бы якар у жыцці, надзейная апора. Якар у маракоў лічаць сімвалам надзеі, з ім карабель не аднясе ў мора і не разаб'е аб камяні на беразе. Так і дзядуля з бабуляй - надзейны прытулак у любую буру, дапамога і падтрымка ў любой бядзе.

Сёння мой дзядуля знаходзіцца на пенсіі, але, як ён сам кажа, у яго шмат спраў і клопатаў, перш за ўсё - клопат пра сваіх дзяцей - сына Алега і дачку Алену, а таксама аб пяці ўнуках.

Мы ўсёй нашай вялікай і дружнай сям'ёй віншуем нашага горача любімага і выдатнага дзядулю Віктара Браніслававіча з яго юбілейным днём нараджэння! Хочам пажадаць яму заставацца маладым і энергічным, моцнага здароуя, цяпла і ўтульнасці ў яго доме. Няхай Гасподзь заўсёды аберагае блізкіх ад бедаў і няшчасцяў, няхай жыццё будзе напоўнена толькі радаснымі і прыемнымі падзеямі, а ў сям'і будзе шчасце і дастатак!

Яраслаў УРБАН

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/