Цёплыя фарбы добрасуседства: Жыхары Вензаўца выратавалі бусляня



Наўрад ці знойдзецца яшчэ адна птушка, пільная ўвага і клопат аб якой выклікаюць столькі станоўчых эмоцый у людзей, як сімвалы зямлі славянскай - белыя буслы. Бусел - самы жаданы сусед вяскоўцаў, які прыносіць шчасце тым хатам, побач з якімі селіцца. 3 году ў год ранняй вясной вяртаюцца буслы на радзіму.

Сёлетняя вясна не стала выключэннем. Працяглы клёкат разбудзіў жыхароў аграгарадка Вензавец уранку аднаго дня. Гэта шчыравалі па ваколіцах гучныя галасы двух буслоў, якія даносіліся з гнязда, што размясцілася побач з хатай Баляслава і Таццяны Крывулькаў. 3 цікаўнасцю назіралі яны за маладой птушынай парай. Затым у гняздзе з'явіліся птушаняты. Любавалася Таццяна Аляксандраўна прывязанасцю дарослых птушак адзін да аднаго і беражлівымі адносінамі да птушанят, назірала, як сталі малыя бусляняты на ногі.

Выпадак, які ўсхваляваў жыхароў вёскі і прынёс перапалох у птушынае сямейства, здарыўся тады, калі бусляняты яшчэ не ўмелі лятаць. У час, калі старэйшыя буслы адсутнічалі, малыя, пэўна, актыўна бавілі час: адзін з буслоў вываліўся з гнязда. Таццяна Аляксандраўна стала сведкам гэтага здарэння, а ён ужо ў сваю чаргу прыцягнуў да сябе пільную ўвагу аднавяскоўцаў.

Першым чынам бусляня прынеслі на двор Баляслава і Таццяны Крывулькаў, далі яму крыху прывыкнуць, паставілі посуд з вадой. Калі малое падняло галаву і паціху пачало азірацца, Таццяна Аляксандраўна, якая працавала ў свой час асемянатарам у калгасе, упэўнена вынесла вердыкт:" Жыць будзе".

Паступова бусел стаў падымацца на ногі, пачаў расходжвацца, прыглядацца да людзей. Стала зразумелым: неабходна арганізаваць дапамогу і паспрабаваць падняць бусляня ў гняздо. Жыхары аграгарадка Уладзімір Калач і Юрый Дзянісік
пачалі тэлефанаваць у раённыя службы. Супрацоўнікі аховы прыроды заверылі аднавяскоўцаў, што тэрмінова акажуць дапамогу, паабяцалі прыслаць неабходую спецтэхніку.

А пакуль чакалі дапамогі, аднавяскоўцы ўласнымі намаганнямі арганізавалі добры догляд за буслянём. Зразумела, не абышлося без ласункаў для яго.

- Немагчыма было спакойна глядзець, як дарослыя буслы кружаць ля надворка, - успамінае Таццяна Аляксандраўна. - Вядома ж, свае, роднае. Любая страта - гэта балючыя адчуванні, ні з чым не параўнальныя перажыванні. I не мае значэння, страта гэтая адбылася ў людзей ці ў птушак.

Хутка да неабыякавых аднавяскоўцаў далучыліся прафесіяналы. Супрацоўнікі аховы прыроды сумесна з работнікамі электрасетак паднялі бусляня ў гняздо. Птушка апынулася ў звычайных і звыклых умовах жыцця. 3 хваляваннем прынялі яе сародзічы.

Лічыцца, што белыя буслы цудоўна разбіраюцца ў людзях: селяцца толькі ля добрых і працавітых гаспадароў, адносяцца да іх з асаблівай падзякай, могуць пауплываць на іх далейшы лес. Можна быць упэўненымі, што сямейная пара сёлетніх буслоў не памылілася, выбраўшы для суседства жыхароў аграгарадка Вензавец.

Хто ведае, можа, выратоўваючы маленькае бусляня, неабыякавыя жыхары выратавалі ад выпрабаванняў цэлую вёску.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/