Свята яблыкаў у Жукоўшчыне



У рамках праекта "Дбайных людзей славім - весела час бавім" прайшло Свята яблыкаў, якое штогод ладзіцца ў аграгарадку Жукоўшчына - лідара па вырошчванні і рэалізацыі сартавых яблыкаў.

Са словамі прывітання да аднавяскоўцаў і гасцей свята звярнуўся старшыня Жукоушчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык, які пажадаў усім бадзёрага настрою, ветлівых усмешак, актыўнага адпачынку, а ўдзельнікам сельскай эстафеты - спартыўнай удачы, доўгачаканых перамог.

У гэты дзень старшыня КСУП "Жукоўшчына" Іван Свіб узнагародзіў самых дастойных працаўнікоў гаспадаркі. Іван Аляксандравіч падзякаваў людзям за пленную працу, яе станоўчыя вынікі, пажадаў новых поспехаў і перамог, моцнага здароўя і дабрабыту.

3 віншаваннямі і музычнымі падарункамі завіталі на галоўную пляцоўку госці аграгарадка - ансамбль "Гуляй, Бульбаш!" з горада Мінска. Артысты сталічнага песенна-танцавальнага калектыву падарылі ўдзельнікам мерапрыемства цудоўныя песні.

Потым пачаліся спартыўныя спаборніцтвы. Каманды сельгасарганізацый "Жукоўшчына", "Хвінявічьі" і "Вензавец"
хутка занялі стартавыя пазіцыі. На працягу трох этапаў спаборніцтваў камандам-удзельніцам трэба было сабраць ураджай яблыкаў, акуратна перанесці яго да месца прызначэння, сабраць частку ўраджаю на зімовае захоўванне, а конкурс на хуткасць і спрыт нарэшце стварыў кругаварот яблыкаў у камандзе.

Па выніках спаборніцтваў перамогу ў сельскай вясёлай эстафеце атрымала каманда КСУП "Жукоўшчына", на другім месцы - КСУП "Хвінявічы", трэцяе месца - у каманды КСУП "Вензавец". Старшыня Жукоушчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык уручыў капітанам каманд дыпломы і каштоўныя падарункі. Падтрымаць жыхароў аграгарадка Жукоўшчына прыехалі работнікі ААТ "Граніт-Агра". Артысты ансамбля народнай песні "Суседачкі" Данілавіцкага дома культуры падарылі ўдзельнікам святочнай праграмы шчырыя песні і багатыя на гумар байкі.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/