ПРЫМАЛІ Ў ГІМНАЗІСТЫ



Гімназія №1 горада Дзятлава з'яўляецца адной з трыццаці лепшых навучальных установаў нашай рэспублікі. Ужо на працягу трынаццаці гадоў яна падтрымлівае аўтарытэт у раёне, дзякуючы адукацыі на ўзроўні лепшых сталічных школаў, высокаму працэнту паступлення выпускнікоў у вышэйшыя навучальныя ўстановы, багатаму культурна-сацыяльнаму жыццю навучэнцаў.
Сёння бацькі з радасцю аддаюць у дзятлаўскую гімназію сваіх дзяцей. Кожны год каля дваццаці пяці пяцікласнікаў прыходзяць у гімназію з мэтай атрымаць пуцёўку ў жыццё. Адміністрацыя ўстановы, настаўнікі, старэйшыя вучні сустракаюць новых гмназістаў вельмі цёпла і сардэчна. Традыцыйна ў першую суботу снежня праводзіцца ўрачысты прыём самых малодшых вучняў у шэрагі гімназістаў.
Так і сёлета 3 снежня вялікая гімназічная сям'я пабольшала на дваццаць чатыры чалавекі. У гонар пяцікласнікаў прайшоў канцэрт у форме маленькага спектакля, у якім прынялі ўдзел вучні старэйшых класаў, настаўнікі і бацькі. Пяцікласнікі далі ўрачыстую клятву, у якой пацвердзілі свой намер стаць сапраўднымі гімназістамі. Іх бацькі таксама далі адпаведную клятву, паабяцаўшы ва ўсім падтрымліваць сваіх дзяцей, дапамагаць ім у вучобе, выхоўваць актыўнымі, чулымі, адказнымі.
Дырэктар гімназіі Інэса Іванаўна Гецэвіч павітала юных гімназістаў, а таксама дала ім некалькі каштоўных парадаў. Ад імя бацькоў пяцікласнікаў з урачыстай прамовай выступіла Наталля Мікалаеўна Цітова. Старэйшыя вучні, у сваю чаргу, павіншавалі пяцікласнікаў творчымі выступленнямі: яны паказалі акрабатычныя і вакальныя нумары. Цудоўны настрой усім прысутным стварала гімназічная каманда клуба вясёлых і знаходлівых.
"Мілае Дзятлава, светлую Радзіму ў свеце велізарным жадаем праславіць..." — гэта не проста словы з гімна гімназіі, а сапраўдны дэвіз усіх навучэнцаў. Магчыма, праз некалькі гадоў менавіта сённяшнія гімназісты-пяцікласнікі зробяць маленькі гарадок Дзятлава сусветна вядомым.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/