Навялі парадак у вёсках



Сваімі сіламі вядуць добраўпарадкаванне ўласнай маёмасці і грамадскіх могілак работнікі Данілавіцкага сельвыканкама і жыхары мясцовых вёсак. Пачынаючы з сакавіка, на тэрыторыі сельсавета быў праведзены шэраг суботнікаў па навядзенні парадку на падведамаснай тэрыторыі.

- Добраўпарадкаванне населеных пунктаў - адзін з галоўнейшых напрамкаў нашай дзейнасці, - адзначае старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых. У гэтай справе аб'ядналіся і работнікі сацыяльнай сферы, і мясцовыя жыхары.

Асобна варта сказаць пра гаспадароў уласных сядзібаў, якія клапоцяцца аб чысціні і парадку на сваіх тэрыторыях. Прыемна бачыць, як яны абкошваюць траву ля агароджаў, змятаюць і зносяць апалае лісце, убіраюць засохлыя кветкі.

Традыцыйным застаецца наш сумесны клопат аб вясковых могілках. Іх на тэрыторыі сельвыканкама налічваецца 20. 3 пачатку ліпеня сацыяльныя работнікі двойчы наводзілі парадак на вясковых могілках у вёсцы Лапушна, Касцюкі, Стараельня. Выкананы значны аб'ём работы: абкошана трава і пустазелле, спілавана кустоўе, знесены сухія і аварыйныя дрэвы, сабрана і вывезена смецце. Кіраўніцтвам ААТ "Граніт-Агра" арганізаваны транспарт па вывазе смецця з могілкаў.

Не застаюцца абыякавымі да парадку і самі вяскоўцы: своечасова прыбіраюць магілы, за якімі няма каму даглядаць, падтрымліваюць чысціню і парадак на прылеглай да могілкаў тэрыторыі.

Клапоціцца аб добраўпарадкаванні вясковых могілкаў і стараста вёскі Зарой Святаслаў Сас. Ганна Мікалаеўна паведаміла, што плённа папрацавалі на мясцовых могілках у вёсцы Зарой А. Шанхай, П. Масюк, С. Літавар, Д. Сас, Ч. Масюк.

Менавіта дзякуючы актыўнасці гэтых людзей, удалося хутка і якасна справіцца з пастаўленымі задачамі.
Намаганнямі мясцовых жыхароў, а таксама грамадзян, якія часова пражываюць на тэрыторыі сельсавета, выдалена дзікая і аварыйная расліннасць, высечана сухое кустоўе з вясковых могілкаў у вёсцы Стараельня. Ініцыятарам хуткай дапамогі стаў ураджэнец вёскі Еленка, цяперашні жыхар горада Лагішын Вікенцій Семярнік.

Работнікі Данілавіцкага сельвыканкама на чале са старшынёй Ганнай Жых выказваюць словы шчырай падзякі нераўнадушным да роднэй зямлі людзям.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/