Маладыя і перспектыўныя



Нядаўна згулялі вяселле галоўны інжынер КСУП "Хвінявічы" Юрый Маслоўскі і дыспетчар гаспадаркі Алена (у дзявоцтве Марук).

Маладую сям'ю работнікаў гаспадаркі з адметнай падзеяй у жыцці прыехалі павіншаваць старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу У. Казак і першы сакратар раённага камітэта ГА "БРСМ" К. Хілімончык. На мехдвары, у прысутнасці калегаў па рабоце, віншаванні і падарункі прымаў Юрый Маслоўскі.

Ад імя моладзі раёна Кацярына Хілімончык павіншавала маладажонаў з "нараджэннем сям'і", пажадала Юрыю і Алене моцнага здароўя, удачы ў справах, каб яны былі хлебасольнымі і дбайнымі гаспадарамі.

Уладзімір Фёдаравіч Казак звярнуўся да Юрыя з такімі словамі:
— Цудоўна, што вы жывяце і працуеце ў вёсцы, стварылі новую сям'ю. Жадаю, каб яна была моцнай, каб вы паспяхова працавалі, раслі прафесійна. Шчасця і ўдачы вашай сям'і.

Старшыня КСУП "Хвінявічы" Мікалай Анатольевіч Бубноўскі вельмі сур'ёзна адносіцца да праблемы замацавання кадраў у сельскай гаспадарцы, уважліва ставіцца да моладзі, якая тут працуе. Пра маладажонаў ён расказаў наступнае.

— Юрый прыйшоў у нашу гаспадарку па размеркаванні пасля заканчэння Жыровіцкага тэхнікума. Адслужыў у арміі, скончыў Баранавіцкі ўніверсітэт, паспяхова працуе галоўным інжынерам.

Алена — мясцовая, у КСУП "Хвінявічы" шмат гадоў працуюць яе бацькі: бацька — механізатарам, маці — намеснікам галоўнага бухгалтара.

Маладая сям'я атрымала ад гаспадаркі двухпакаёвую кватэру. Яны перспектыўныя маладыя людзі, добрыя спецыялісты. Гэта надзейная маладая змена.

І.СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/