"Калі мы разам - мы мацнейшыя!"



На Дзятлаўшчыне прайшоў IX абласны фестываль творчасці маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі "Калі мы разам — мы мацнейшыя!".

Штогод фестываль збірае сяброў у адным з раёнаў Гродзенскай вобласці, каб аб'яднаць творчую моладзь з асаблівасцямі ў развіцці, захапіць яе рознымі відамі мастацтва, якія да таго ж з'яўляюцца эфектыўнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі. Фестываль дае магчымасць рэалізаваць творчы патэнцыял, дапамагае набыць веды пра сябе і свае здольнасці, раскрыць новыя таленты і імёны.

У мінулым годзе маладыя людзі сустракаліся на Мастоўскай зямлі, сёлета іх вітала Дзятлаўшчына. Мерапрыемства 2017 года праходзіла ў фармаце "Еўрабачання": "асаблівыя" артысты прадстаўлялі творчасць народаў свету. У фестывалі прынялі ўдзел калектывы аддзяленняў дзённага знаходжання для людзей з абмежаванымі магчымасцямі тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Гродзенскай вобласці, а таксама Васілішкаўскі дом-інтэрнат — усяго 21 творчы калектыў.

Святочная атмасфера пачыналася з фае Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці, дзе роставыя лялькі і моладзь у нацыянальных строях хлебам-соллю сустракалі кожную дэлегацыю ўдзельнікаў. Шэфства над гасцямі адразу бралі валанцёры, якіх дэлегацыі маглі адрозніць па каляровых гальштуках (кожнаму раёну адпавядаў свой колер). У фае ладзілася выстава творчасці маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Сёлета для выставы майстравалі лялек розных нацыянальнасцяў у адпаведных уборах. Якую краіну прадстаўляў раён - такіх лялек ён і рыхтаваў. Атрымалася сапраўдная лялечная "дружба народаў свету".

Тым, хто здарожыўся, валанцёры раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа прапаноўвалі гарачую каву, чай, іншыя напоі — на выбар. Прычым, замовіць напоі можна было на працягу ўсяго свята, як i сфатаграфавацца на памяць.

Асноўная дзея разгарнулася ў актавай зале. Удзельнікам свята прапанавалі паглядзець кінастужку пра Дзятлаўшчыну, а затым паклікалі ў падарожжа вакол свету і ў 21 краіну. Але перш чым адправіцца ў вандроўку, вядучыя "Еўрабачання "Калі мы разам — мы мацнейшыя" Вольга Сакута і Мікіта Чубрык прадставілі ганаровае журы фестывалю. Гэта былі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама А. Дубовік, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама А. Зімнавода, галоўны спецыяліст гэтага камітэта Н. Табола, намеснік старшыні Дзятлаускага райвыканкама I. Кухарэвіч, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення "Беларускага фонду міру" I. Калбаска, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў В. Лукашэвіч, дырэктар Гродзенскага абласнога аддзялення "Беларускі дзіцячы фонд" Т. Чарвякова, інспектар па культурна-масавай рабоце Гродзенскай абласной арганізацыі ГА "БелТІЗ" А. Багдановіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама А. Васкель, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Г. Касцюк.

— Дзявяты фестываль сабраў маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Дзятлаве, — зазначыў старщыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама А. Зімнавода. - Усяго на Гродзеншчыне тэрытарыяльныя аддзяленні дзеннага знаходжання наведваюць 670 чалавек, у вобласці функцыянуюць 170 працоўных майстэрняў і клубаў. Мы ганарымся тым, што вы робіце. Напрыклад, такіх прыгожых лялек, як на вашай выставе творчасці, можа зрабіць далёка не кожны майстар. Я жадаю вам удачы, поспехаў, самарэалізацыі.

Дзякуючы ўдзельнікам фестывалю, у першым аддзяленні гледачы пазнаёміліся з культурай, звычаямі, песнямі і танцамі Злучаных Штатаў Амерыкі, якія прадстаўляў Слонімскі раён, Грузіі (Смаргонскі раён), Украіны (Зэльвенскі раён), Польшчы (Гродзенскі раён), Францыі (Ашмянскі раён), Малдовы (Свіслацкі раён), Іспаніі (Ленінскі раён горада Гродна), Літвы (Астравецкі раён), Расіі (Шчучынскі раён, Васілішкі), Англіі (Кастрычніцкі раён горада Гродна) і Беларусі, якую прадставілі гаспадары пляцоўкі — аддзялене дзённага знаходжання для людзей з абмежаванымі магчымасцямі "Праменьчык" Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

Здаецца, нікога не пакінулі раўнадушнымі вясёлыя каўбоі і джыгіты, цікава было завітаць на французскі паказ модаў, блізкімі сэрцу і зразумелымі былі песні і танцы краінаў-суседак, прыемна было сустрэцца з вядомым дэтэктывам Шэрлакам Холмсам і не менш прыемна — вярнуцца ў родную Беларусь, дзе гняздзяцца журавы, а гасцей вітаюць хлебам-соллю.

У другім аддзяленні падарожжа вакол свету прадоўжылася. Наведалі Індыю, з ёю знаёмілі прадстаўнікі Навагрудскага раёна, Бразілію (Шчучынскі раён), Татарстан (Іўеўскі раён), Кубу (Карэліцкі раён), Германію (Ваўкавыскі раён), Венесуэлу (Лідскі раён, горад Ліда), Афрыку (Бераставіцкі раён), Ізраіль (Лідскі раён, горад Бярозаўка), Поўнач (Воранаўскі раён), Арменію (Мастоўскі раён). Цікава было пабьщь на індыйскім вяселлі і бразільскім карнавале, паслухаць "Кукарэлу" і "Хава нагіла", убачыць танец агню і "Паўночнае ззянне".

Напрыканцы першага і другога аддзяленняў калектывы-ўдзельнікі былі запрошаны на сцэну для віншаванняў. Артысты кожнага раёна атрымалі дыпломы ўдзельнікаў IX абласнога фестывалю творчасці маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі "Калі мы разам — мы мацнейшыя!" і памятныя падарункі. Кубак фестывалю ад горада Дзятлава перайшоў Ленінскаму раёну горада Гродна, бо менавіта там будзе ладзіцца юбілейны X фестываль творчасці. Удзельнікі журы падзякавалі дзятлаўчанам за арганізацыю яркага свята і зрабілі выснову, што асаблівыя артысты выдатна падрыхтаваліся да гэтай сустрэчы і ўсе яны пераможцы, таму што знаходзяць сілы для творчасці і самарэалізацыі.

Дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Т. Нікіпорчык зазначыла, што гасцінны, цеплы прыем удаўся яшчэ і дзякуючы падтрымцы спонсараў. Гэта Гродзенская абласная арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, Гродзенскае абласное аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду, Гродзенская абласная арганізацыя ГА "БелТІЗ", Гродзенскае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру, Гродзенская абласная арганізацыя ГА "БелТІ", ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод", Лідскі шклозавод "Неман", раённы камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, ТАА "Белтэрміз", ТАА "Ізакам", Гродзенскі філіял ТАА "Еўрагандаль" г. Гродна, СТАА "Ойл-Фуд", раённы камітэт ГА "БРСМ", Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі, раённая арганізацыя ГА "БСЖ", Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства, фермерская гаспадарка А. Шчыкарэвіча, КСУП "Жукоўшчына", аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Дзятлаўскі цэнтр культуры і народнай творчасці.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/