"Футбол у вёсцы": гуляюць спартсмены Гезгалаўскай школы



21 красавіка футбалісты дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы на гэты раз завіталі з эстафетай у Гезгалы, якую беражліва перадалі сваім аднагодкам вучні з Раклевічаў.

3 гісторыяй узнікнення сусветнага футбола, яго разнавіднасцямі, знакамітымі імёнамі, лепшымі футбольнымі клубамі свету пазнаёміла навучэнцаў школы мультымедыйная прэзентацыя. Разам з арганізатарам праекта Уладзімірам Ганчаром дзеці ўзгадалі правілы гульні ў футбол, знакамітых футбалістаў Беларусі, пазнаёміліся з ТОП-10 лепшых футбалістаў свету, з цікавымі фактамі ўзнікнення гэтай гульні.

Гісторыя развіцця футбола на Дзятлаўшчыне асабліва захапіла спартсменаў гэтай школы: чорна-белыя фотаздымкі футбольных каманд "Матор", "Славянка", каляровыя здымкі футбольных клубаў "Ніва" і "Белая Русь" дзеці разглядалі з цікаўнасцю.

Працягам сустрэчы, як і планавалася, стаў майстар-клас на навучанне юных футбалістаў элементам гульні. Футбольны матч стаўдоўгачаканым працягам сустрэчы. Каманды былі дастойныя. Таму першага гола прыйшлося чакаць доўга. Футбалісты кожнай каманды былі настроены на перамогу. Не былі страшныя юным футбалістам падзенні і ўдары, пасля якіх спартсмены падымаліся і беглі далей. Здавалася, што моцы ў іх было не адняць.

Лепшыя футбалісты па выніках матча былі адзначаны трэнерамі. Яны ўвойдуць у склад каманды сваёй школы і прымуць удзел у асноўных спаборніцтвах у Дзятлаве.

На развітанне каманда Гезгалаускай школы атрымала падарункі ад Беларускай федэрацыі футбола. Іх уручыў удзельнікам арганізатар і аўтар праекта Уладзімір Ганчар. Наступнымі эстафету чакаюць спартсмены з Таркачоў.

Тэкст і фота Аксаны АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/