Фестываль-карнавал роставых лялек у Дзятлаве



Дзеці і дарослыя, мясцовыя жыхары і госці Дзятлава мелі магчымасць папрысутнічаць на фестывалі-карнавале роставых лялек і гульнёвых праграм. Ён ладзіўся ў Дзятлаве 26 мая на пляцоўцы каля Цэнтра культуры і народнай творчасці, а таксама ў глядзеяьнай зале.

Але перш, чым праланаваць гледачам казкі і забавы, артысты ў казачных касцюмах удзельнічалі ў шэсці па вуліцах Дзятлава. Іх суправаджаў Наваельнянскі зводны духавы аркестр. Героі мультфільмаў і казак пад бадзёрыя маршы прайшліся па вуліцах Перамогі, Чырвонаармейскай, плошчы 17 Верасня, вуліцы Міцкевіча.

Лялек фатаграфавалі, віталі дзятлаўчане. У шэсці прынялі ўдзел звыш паўсотні роставых лялек на чале з Катом у ботах. Гэту новую ляльку — самую вялікую і прыгожую — прэзентаваў сам кіраўнік тэатра гульні роставых лялек "Лялькі для ўсіх" Іван Каско.

На фестываль-карнавал дзятлаўчане, навагрудчане, прадстаўнікі Карэліцкага, Зэльвенскага і Свіслацкага раёнаў прапанавалі розныя праграмы, але аб'яднала артыстаў імкненне парадаваць, павесяліць дзятву і дарослых. Менавіта выдатнага настрою, знаёмства з новымі цікавымі героямі-лялькамі пажадала на пачатку фестывалю Наталля Калодка, начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама. Яна зычыла ўдзельнікам поспехаў, а перамогі — мацнейшым.

Журы няпроста было вызначыць лепшы калектыў. Але яно ўрэшце агучыла вынікі. Дыпламантам першай ступені стаў народны тэатр-студыя "Карагод" з аграгарадка Грынкі Свіслацкага раёна (кіраўнік Марыя Самалевіч). Таксама ў пёраможцах дзятлаўчане — тэатр гульні роставых лялек "Лялькі для ўсіх" пад кіраўніцтвам Івана Каско. Нашы госці са Свіслачы павезлі дахаты галоўны прыз фестывалю — роставую ляльку "Сонейка". Гэта перамога на рахунку "Карагода" — не першая, бо калектыў існуе ўжо 16 гадоў. Быў на "Славянскім базары", фестывалі нацыянальных культур у Гродне, фестывалі ў Воранаве. Усе 16 гадоў кіруе калектывам Марыя Мікалаеўна Самалевіч. Да тэатральнай дзеі яна прыахвоціла сваю нявестку Дар'ю, касцюмерам у калектыве — дачка Наталля.

Марыя Мікалаеўна мае тры зборнікі тэатральных пастановак, якія сама піша і ўвасабляе на сцэне. Дапамагаюць ёй у гэтым Святлана Шмыга, Таццяна Завадская, Аксана Пачыноўская.

Фестываль-карнавал не абмяжоўваўся гульнямі і пастаноўкамі. У гэты дзень ладзілася выстава вырабаў дзятлаўскіх майстроў. Для дзяцей працавалі каруселі, батуты, надзіманы гарадок. Жадаючыя маглі наведаць гасцёўню "БульбаЁстыка", рэзідэнцыю Олафа, патанцаваць на дыскатэках, паўдзельнічаць у фестываілі фарбаў і паветраных шароў.

I. МІХАЙЛОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/