БУДУЧЫМ АБІТУРЫЕНТАМ РАСКАЗАЛІ ПРА ВАЕННУЮ АКАДЭМІЮ



3 вучнямі старэйшых класаў школ і гімназіі горада Дзятлава сустрэліся прадстаўнікі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь і раённага ваеннага камісарыята. Сустрэчы мелі прафарыентацыйны накірунак. Першая прайшла ў гімназіі №1 райцэнтра.

— Спыніўшы свой выбар на Ваеннай акадэміі, маладыя людзі пасля яе заканчэння атрымліваюць прэстыжную і запатрабаваную спецыяльнасць, якая ім дазволіць упэўнена глядзець у будучыню, — пачаў гутарку прадстаўнік Ваеннай акадэміі, выкладчык факультэта ваеннай разведку кафедры сілаў спецыяльных аперацый і вайсковай разведкі Міхаіл Бурдзін. — У перыяд навучання курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні. Жывуць у добраўпарадкаваных казармах або інтэрнатах, атрымліваюць рэчавае, харчовае і грашовае забеспячэнне. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі выпускнікам гарантуюцца працаўладкаванне, дастойная аплата працы, сацыяльная абароненасць, магчымасць прафесійнага і кар'ернага росту.
Падрыхтоўка курсантаў у акадэміі ажыццяўляецца на сямі факультэтах. Пра іх Міхаіл Яўгенавіч распавёў падрабязна:
— На агульнавайсковым факультэце рыхтуюць мотастралкоў, танкістаў, ваенных псіхолагаў, спецыялістаў тылавога забеспячэння і ідэалагічнай работы. На факультэце сувязі і аўтаматызаваных сістэмаў кіравання вучаць на сувязістаў, спецыялістаў спецыялізаваных сістэмаў кіравання і апрацоўкі інфармацыі. На факультэце супрацьпаветранай абароны рыхтуюць будучых афіцэраў для эксплуатацыі і абслугоўвання радыётэхнічных сістэмаў і ракетных комплексаў, якія знаходзяцца на ўзбраенні войскаў супрацьпаветранай абароны. Факультэт ваеннай разведкі ажыццяўляе падрыхтоўку будучых афіцэраў для падраздзяленняў сілаў спецыяльных аперацый, а таксама спецыялістаў радыёэлектроннай разведкі і радыёэлектроннай барацьбы. Лётчыкаў, афіцэраў баявога кіравання авіяцыяй, авіяцыйных інжынераў рыхтуюць на авіяцыйным факультэце. Факультэт унутраных войск ажыццяўляе падрыхтоўку курсантаў для іх далейшай службы на афіцэрскіх пасадах у падраздзяленнях і часцях унутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь. На факультэце ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення рыхтуюць будучых афіцэраў-артылерыстаў, спецыялістаў ракетна-артылерыйскага ўзбраення.
Таксама Міхаіл Бурдзін удакладніў, на якія спецыяльнасці могуць паступаць не толькі хлопцы, але і дзяўчаты. Акрамя таго, ён акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што курсанты дадаткова навучаюцца ваджэнню транспартных сродкаў з наступнай магчымасцю атрымання правоў на кіраванне, што ў звычайным жыцці, па-за межамі Ваеннай акадэміі, каштуе шмат грошай.
Начальнік групы прызыву на ваенную службу Дзятлаўскага раённага ваенкамата Павел Бараноўскі параіў падлеткам, у якіх ёсць жаданне вучыцца ваеннай справе, па інфармацыю аб паступленні звяртацца ў райваенкамат.
Напрыканцы сустрэчы школьнікі паглядзелі відэаролік аб Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, а таксама атрымалі буклеты акадэміі з пералікам спецыяльнасцяў для будучых афіцэраў.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/