"Без месца жыхарства" - спектакль пра дзяцей для дарослых



У межах акцыі "Галасуем за жыццё разам!", закліканай прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы суіцыду, на Дзятлаўшчыне праходзяць выступленні ўзорнай тэатральнай студыі "Мелодыя душы" з мюзіклам "Без месца жыхарства".

За час правядзення акцыі юныя артысты выступілі ў Жукоўшчыне, Гезгалах, Наваельні, Круцілавічах, Дзятлаве, Вензаўцы, Казлоўшчыне, Раклевічах i Дварцы. У Хвінявіцкім доме культуры адбыўся фінальны паказ спектакля.

Мюзікл "Без месца жыхарства" пастаўлены па аднайменнай п'есе маладога пісьменніка Аль Кваціёна. Ён распавядае пра дзяўчынку Сафі, якая патрапіла пад гарадскі мост, дзе жывуць многія дзеці, якія былі пакінуты бацькамі па розных прычынах i не знайшлі іншага прытулку. Гісторыя, поўная суму і разам з тым, веры у жыццё. На працягу ўсяго спектакля дзеці са сцэны агучваюць ісціны, пра якія мы, дарослыя, вельмі часта забываем.

— Шчасце — гэта не калі бацькі цябе хваляць, а калі яны ёсць, — кажа адна з гераіняў пастаноўкі. — Шчасце не ў тым, каб заснуць пад прыгожай коўдрай, а каб прачнуцца раніцай жывым. Такое яно — сапраўднае шчасце, а без лялек наогул можна пражыць.

Карэспандэнт газеты "Перамога" наведала выступленне тэатральнай студыі "Мелодыя душы" ў Раклевічах i абмеркавала з гледачамі праблемы, актуальныя для сённяшняга грамадства.

Іван Каско, рэжысёр узорнай тэатральнай студыі "Мелодыя душы":
— Пастаноўку "Без месца жыхарства" мы ўзялі для работы невыпадкова. На жаль, тэма пакінутых дзяцей дагэтуль актуальная. Дзіцячае сіроцтва — вынік сацыяльных праблем, якія не могуць вырашыць дарослыя, у тым ліку i праблемы самагубства. Бацькі ў безнадзейнай, як iм падаецца, сітуацыі знаходзяць самы просты выхад i асуджаюць cвaix дзяцей на пакуты i адзіноту. Дзякуючы дзяржаўнай праграме, цяпер ствараюцца дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, працуюць бацькі-выхавальнікі, якія даюць такім дзеткам другі шанц на шчасце.

Аляксандр Васюкевіч, дырэктар Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы:
— Хочацца пажадаць усім юным акцёрам студыі "Мелодыя душы" i увогуле усім дзецям, каб у кожнага з ix быў утульны дом, дастаткова ежы, клапатлівыя бацькі. Каб ніколі праблемы, паказаныя ў пастаноўцы, не азмрочылі нічыё дзяцінства. Мы, дарослыя, увесь час кудысьці бяжым, спяшаемся, а часам трэба спыніцца, пацікавіцца, чым занятыя дзеці, якія ў ix праблемы, пажаданні, дапамагчы i падтрымаць. Як спяваецца у пecнi, няхай смяюцца дзеці.

Наталля Сокал, настаўніца пачатковых класаў Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы:
— Праблема пакінутых дзяцей — гэта бяда сучаснага грамадства. Мы у паўсядзённай мітусні часта забываем, што нашым дзецям дораць радасць не толькі матэрыяльныя даброты, за якімі мы ўвесь час гонімся, а проста стаcyнкi i клопат. Вельмі хочацца, каб дарослыя больш увагі надавалі сваім дзецям, 6авілі з імі больш часу, выконвалі больш сумесных справаў, нарэшце, зрабіць шчаслівымі ўласных дзяцей. Такім чынам кожны чалавек зможа зрабіць маленькі ўклад у рашэнне вялікай грамадскай праблемы.

Тэкст i фота Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/