Аляксандр Раеўскі: "Ніколі не трэба адчайвацца"



Рэжысёр Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці Аляксандр Раёўскі атрымаў Гран-пры конкурсу "Песня без межаў"

У канцы красавіка ў Бераставіцы праходзіў VII Адкрыты раённы конкурс непрафесійных выканаўцаў песень пад гітару "Песня без межаў". Аматары гітарнай музыкі зноў сабраліся разам, каб падзяліцца з любіцелямі бардаўскай песні сваімі творчымі дасягненнямі. Атрымаць галоўны прыз - новую акустычную эстрадную гітару, вядома, марыў кожны ўдзельнік, але паехала яна ў Дзятлава. Нашаму земляку, рэжысёру Дзятлаўскага цэнтра культуры, Аляксандру Раеўскаму прысудзілі гран-пры гэтага конкурсу. Пакарыць залу ён змог аўтарскай песняй "Орлік", крыху сумнай і вельмі глыбокай, якая расказвае пра непарушнае сяброўства казака і яго вернага каня.

У метадычным аддзеле Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Аляксандру прапанавалі паехаць на гэты конкурс, бо разумелі, што ён можа не проста паўдзельнічаць, а перамагчы. Так і адбылося.

Аляксандр Раеўскі расказаў пра свае ўражанні ад конкурсу, пра любоў да гітары і аб планах на будучыню:
- Сапернікі былі вельмі моцныя. Я і не спадзяваўся, што вазьму гран-пры, а конкурс вельмі спадабаўся. Цудоўная арганізацыя, былі выдатныя прызы для ўсіх пераможцаў.

- Як думаеце, што вам дапамагло перамагчы?
- Можа, крыху лепш праспяваў, сыграў. Не ведаю, як так атрымалася (усміхаецца). Сваім падарункам вельмі задаволены. Шыкоўная гітара, ужо наладжаная, проста бяры ды іграй. Гэта восьмая гітара ў маёй дамашняй калекцыі, але кожная для мяне дарагая і каштоўная па-свойму.

А ўвогуле, за апошнія гады я шмат удзельнічаў у розных конкурсах і займаў прызавыя месцы. Мне гэта падабаецца. Там сустракаеш шмат цікавых людзей, гэта новыя знаёмствы, сябры, эмоцыі, напрацоўваецца новы вопыт.

- Што звычайна выконваеце на конкурсах?
- Толькі аўтарскія песні. 1х у мяне ўжо даволі шмат. Спачатку' пачаў музыку прыдумваць, потым і вершы пайшлі. Дарэчы, пры раённым Цэнтры культуры я вяду аб'яднанне аўтарскай. песні і паэзіі, займаюся з дзецьмі. Вось цяпер рыхтуемся да конкурсу ў Зэльве. Але вельмі хочацца, каб у аб'яднанні было больш удзельнікаў, і не толькі дзяцей, але і дарослых. Пэўна, ёсць у нашым раёне людзі, якія пішуць песні. Я мог бы дапамагчы ім, падказаць, як тэхнічна правільна напісаць песню, бо ўсё ж маю пэўны вопыт. Я езджу на фестывалі, форумы, у мяне шмат знаёмых выканаўцаў, беларускіх бардаў, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Запрашаю ўсіх жадаючых у аб'яднанне. Можна будзе праводзіць музычныя вечары аўтарскіх песень, бардаўскія сустрэчы.

- На гітары даўно навучыліся іграць?
- Ужо гадоў 27 іграю. Я самавучка, нават у музычную школу не хадзіў. Вучыўся іграць з сябрамі ў студэнцкім інтэрнаце, калі вучыўся ў сельскагаспадарчым тэхнікуме. Некалі нават іграў у трупе на рытм-гітары. .

- Як вы любіце адпачываць ад работы?
- На дачы. У мяне ёсць сабака, якога вельмі люблю. На дачу езджу не толькі летам, але і зімой. Там у мяне на стале заўсёды ляжаць вялікі сшытак і ручка, таму, калі прыходзіць натхненне, адразу можна зрабіць запісы.

- Як можаце ахарактарызаваць сябе ў двух словах?
- Пэўна, мэтанакіраваны. Калегі гавораць, што я адказны. Аднак калі я гавару "не", то гэта катэгарычнае "не", і мяне немагчыма будзе пераканаць у іншым. А калі разумею, што справа сур'ёзная і трэба зрабіць абавязкова, значыць, ніколі не адмоўлю.

- Настойлівы?
- Мабыць, не. Я магу ўзарвацца, настаяць на сваім, а потым пашкадаваць.

- Вылічыце сябе шчаслівым чалавекам?
- Не ў поўнай меры. Яшчэ не дабіўся таго, чаго хацеў. У планах - удзел у міжнародных фестывалях. У Польшчы, у Латвіі праводзіцца проста шыкоўны бардаўскі фестываль. Яшчэ я хачу зрабіць аранжыроўкі на свае песні і запісаць мінусы-трэкі, каб мог на вялікай сцэне пад акампанемент ансамбля спяваць свае песні не проста пад гітару, а рабіць добрыя прафесійныя аранжыроўкі. Мару выпусціць некалі свой дыск, але для гэтага патрэбны немалыя грошы.
Хацелася б больш свабоднага часу. Тады можна развярнуцца: і друкавацца, і ездзіць. Мне прапануюць стаць членам літаратурнага аб'яднання "Полоцкая ветвь". Хацелася б, цікава.

- Якія парады можаце даць навічкам або аматарам ігры на гітары, каб дабіцца поспеху?
- Ніколі не спыняцца і не адчайвацца. Калі ты рашыў, што гэта тваё, ідзі, пераадольвай усе перашкоды. Паступова вопыт напрацуецца. Нават калі не атрымаў ніякіх перамог, не трэба апускаць рукі. Гэта ты цяпер не атрымаў, можа, былі нейкія недапрацоўкі. А праз год ужо будзе вынік, а там - яшчэ І яшчэ.

Святлана ГРЫШЫНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/