Ахонаўскае Юр'я



5 мая ў Ахонаве сустракалі Юр'я. Самабытны абрад веснавога цыклу Юр'я традыцыйна праходзіць у Ахонаве 5 ці 6 мая. Земляробчае свята Юр'я адзначаецца ў гонар Юрая (Георгія Пераможцы) - па народных уяўленнях, заагупніка свойскай жывёлы і сялянскай нівы. 3 мясцовай традыцыі абрад вырас у падзею раённага маштабу, у якой, акрамя мясцовых жыхароў, нярэдка бяруць удзел работнікі культуры, жыхары іншых мясцовасцяў.

— На Дзятлаўшчыне захаваліся два традыцыйныя юр'еўскія абрады — у Ахонаве і ў Погірах, — адзначае даследчыца мясцовага фальклору Таццяна Янушкевіч. — Ахонаўскі абрад атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і занесены ў спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў Беларусі (адбылося гэта 1 ліпеня 2009 года), дзякуючы захаванай паўнаце, вялікай колькасці абрадавых дзеянняў і песень.

Абрад Юр'я традыцыйна праводзіцца пасля Вялікадня. Ён выконвае ахоўную магічную ролю, аб'ядноўваецца ідэяй урадлівасці: клопатам аб новым ураджаі, прыплодзе ў гаспадарцы, дастатку ў хаце, хляве, полі; з'яўленні дзетак у маладых сем'ях.

Ахонаўскі юр'еўскі абрад аўтэнтычны — вылучаецца выразнымі мясцовымі адметнасцямі сярод падобных беларускіх абрадаў. Акрамя традыцыйнай земляробчай і жывёлагадоўчай тэматыкі, ён мае выразны шлюбны змест, суправаджаецца развітым цыклам юр'еўскіх велічальных і лірычных песень, тэксты і мелодыі якіх падрабязна захаваліся.

Вось і ў гэты раз удзельнікі абрадавага юр'еўскага шэсця абышлі з песнямі ўсю вёску — ад аднаго паклоннага крыжа да другога. У спевах прасілі Юр'ю, каб абудзіў зямлю ад зімовага сну, каб летам было ў меру і сонца, і дажджу, каб багаты рос ураджай, каб добра гадавалася жывёла, каб людзі радаваліся жыццю. I абавязкова ўдзельнікі абрада завітвалі да вясковых шлюбных параў. 3 песнямі і пажаданнямі.

Маладыя гаспадыні частавалі гасцей і кідалі ўдзельнікам абраду паясы, якія, паводле павер'я, валодаюць магічнай сілай абярэгу. Гэтыя паясы абраднікі спрабавалі разарваць. Рвалі ды прыгаворвалі: "Рвалі, ажно ногі ў зямлю ўрасталі", "Рвалі, рвалі, ажно платы трашчалі". Але разарваць ніводзін з паясоў (а сёлета на іх пашчасціла — было аж чатыры. Для параўнання: летась — аніводнага) так і не ўдалося. Добры знак: значыць стасункі ў сем'ях будуць ладныя, моцныя. Не здолеўшы разарваць паясы, іх разрэзалі на часткі, якія раздалі прысутным на абрадзе як амулеты ад хваробаў і навалаў.

Тэма пояса як абярэгу рупна захоўваецца ахонаўцамі. Нездарма ў аздобе святочных строяў, пашытых мясцовымі майстрыхамі па ўзоры іх мясцовасці, абавязкова прысутнічаюць стужкі і паясы. У такіх строях народны фальклорны гурт вёскі Ахонава выступав на святах,

Пасля Юр'я можна смялей пачынаць палявыя работы. Сёлетні май выдаўся халодны, з частымі начнымі замаразкамі. I дзень 5 мая, калі сустракалі Юр'я, пачаўся з прахалоды. А затым у Ахонаве пад спевы абраднікаў праяснілася неба, і лагоднае сонца ўгрэла ўдзельнікаў вясковага шэсця, дазволіла распрануць цёплыя паліто і курткі. Значыць, пачуў-такі Юр'я просьбы, адамкнуў зямлю, абагрэў яе сонечным цяплом.

3 юр'еўскім абрадам звязана шмат земляробчых і жывёлагадоўчых павер'яў. Да прыкладу, калі дождж на Юр'я, то хлеб будзе і ў дурня; як на Юр'я вялікая раса, будзе шмат грыбоў; а як выпадзе снег, будзе добры ўраджай грэчкі.

У Ахонаве старэйшае пакаленне перадае свае традыцыі нашчадкам, да фальклорнага гурта, якому, дарэчы, споўнілася трыццаць гадоў, час ад часу далучаюцца новыя ўдзельніцы. Мясцовая дзятва, узгадаваная на тутэйшых традыцыях, ведае абрады сваей вёскі і ўдзельнічае ў іх. Сёлета калектыў чарговы раз пацвердзіў высокае званне "Народны аматарскі калектыў", якое носіць на працягу двух дзесяцігоддзяў.

Б. ВАРНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/