1000 тон Арцёма Бандарэнкі



Уборачная кампанія ў раёне выйшла на фінішную прамую. Хуткімі тэмпамі растуць намалоты, а разам з імі - уласныя дасягненні камбайнераў, якія шчыруюць на залатых хлебных нівах, і вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа. Яшчэ адным лідарам працоўнага спаборніцтва і перадавіком сёлетняга жніва стаў вадзіцель КСУП "Русь-Агра" Арцём Бандарэнка, які перавёз 1016 тон зерня.

Словы віншаванняў і добрыя пажаданні маладому вадзіцелю-тысячніку выказалі старшыня РК прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, кіраўнік КСУП "Русь-Агра" Сяргей Лупач, яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Вадзім Царык і юрысконсульт КСУП "Русь-Агра" Лізавета Фіберг. Яны пажадалі маладому вадзіцелю моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, новых дасягненняў і перамог.

Арцём Бандарэнка працуе вадзіцелем у КСУП "Русь-Агра" трэці год. Перадавіком жніва стаў упершыню.
- Спадзяюся, першы раз - не апошні, - усміхаецца Арцём.

Ён упэўнены, што праца на зямлі - справа адказная, але разам з тым цікавая. Кожны дзень прыносіць новыя выпрабаванні, разнастайныя заданні, таму сумаваць не прыходзіцца.

"Толькі наперад" - з такімі словамі кожную працоўную раніцу садзіцца за руль МАЗа-551605 малады вадзіцель, з гэтымі ж словамі, як з дэвізам, крочыць па жыцці. Таму і справа спорыцца, і дасягненні радуюць.

У самы адказны аграрны перыяд Арцём Бандарэнка адвозіць зерне ад камбайнаў, паралельна займаецца нарыхтоўкай кармоў.

Кіраўнік КСУП "Русь-Агра" Сяргей Лупач адзначае адметныя рысы характару маладога і перспектыўнага вадзіцеля, характарызуе яго як станоўчага і адказнага працаўніка, хуткага, "на пад'ём". Арцёма Бандарэнку калегі па працы лічаць працаздольным, добразычлівым, які імкнецца не проста адпрацаваць адведзены час, а зрабіць гэта з поўнай аддачай.

За дасягненне высокіх паказчыкаў, за прафесійнае майстэрства і якаснае выкарыстанне тэхнікі на ўборцы ўраджаю, за самаадданасць справе Уладзімір Казак уручыў перадавіку жніва Арцёму Бандарэнку Падзячны ліст, грашовую прэмію, а таксама традыцыйныя падарункі са жніўнай сімволікай. Каштоўны падарунак і словы ўдзячнасці прымаў Арцём Бандарэнка і ад кіраўніцтва сельгасарганізацыі, у якой працуе.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/