І зноў аб "Тяни-Толкай": "Нам любыя дорагі дарогі..."



Свой першы юны (дзесяцігадовы) юбілей удзельнікі гурта "Тяни-Толкай", як сапраўды народныя выканаўцы, сустракаюць "на колах" -гастрольным турам па гарадах які не мінуў і дзятлаўскую зямлю. 3 удзельнікамі гурта "Тяни-Толкай” - Паўлам Клышэўскім, Паўлам Тараймовічам, Андрэем Зайцам і Кірылам Клішэвічам гутарыла карэспандэнт "Перамогі”.

— Сёння гурт “Тяни-Толкай” лічыцца самым гастралюючым з беларускіх папулярных музычных калектываў. I сапраўды, з турыстычнай перадачай “Компас” і падчас неаднаразовых канцэртных тураў вы скалясілі ўздоўж і ўпоперак усю Беларусь, ды яшчэ блізкае і не вельмі замежжа. Ці адрозніваецца публіка "там" і "тут", на сваёй зямлі? Як вам у нас на Дзятлаўшчыне?

Кірыл К.: Па-мойму, людзі не асабліва адрозніваюцца... У розных гарадах канцэрты могуць праходзіць нечакана па-рознаму. I я для сябе не вынес, чаму адно выступленне можа прайсці на "ура", і публіка лёгка і ахвотна кантактуе з намі, а літаральна на наступны дзень у наступным населеным пункце — аўдыторыя больш стрыманая, больш прахалодная да нас.

Павел К.: Не тое каб халодная, проста часам нашмат складаней "раскачаць" аўдыторыю, трэба прыкладваць у два, у тры разы больш намаганняў. Можа некаторыя проста саромеюцца адзін аднаго, не рашаюцца расслабіцца, скінуць сваю зацятасць на людзях і быць натуральнымі, не ўзважваць кожнае сваё дзеянне, а проста адпачываць. А ўвогуле публіка на радзіме і ў суседніх краінах кардынальна не адрозніваецца, проста за мяжой нас часцей адкрываюць як новы калектыў, таму пераважна слухаюць, а ў Беларусі ўжо добра ведаюць нашу творчасць, таму падпяваюць.

Павел Т.: Усё роўна выступленне раней ці пазней дасягае стадыі "Э-эх!!!", калі душа спявае і ўсе заадно. А дзятлаўская зямля заўсёды гасцінна і цёпла прымае: мы тут і ў "Радоне" гасцявалі, і па плошчы на веласіпедах каталіся, і дыскатэку тутэйшую наведаць давялося...

Андрэй 3.: Што і казаць, добра на Дзятлаўшчыне!

— А дзе больш падабаецца выступаць — на адкрытых пляцоўках або ў залах?

Кірыл К.: Лепш, безумоўна, у канцэртных залах. Бо на адкрытых пляцоўках выступаюць адразу многія калектывы і выканаўцы, і не факт, што ўсім гледачам падабаецца тое, што мы робім. А закрытыя канцэрты пераважна сольныя, і тут ужо няма сумневу, што чалавек, які прыйшоў сюды, хоча пачуць менавіта нашы песні.

— Канцэрт гурта “Тяни-Толкай” поўнасцю выконваецца ўжывую. На вашых выступленнях заўсёды жывы гук?

Павел К.: Так, на ўсіх сваіх выступленнях мы пастаянна спяваем самі, ужывую. Фанаграмма выкарыстоўваецца толькі падчас удзелу ў тэлеперадачах і фільмах, бо таго патрабуе здымачны працэс.

— А за галасы свае не баіцеся? Вось, напрыклад, расійскі спявак
Мікалай Баскаў застрахаваў свій залаты голас...

Андрэй 3.: Не, пакуль не прыходзіла такая ідэя...

Павел Т.: А мы жываты страхуем! (смяецца). I нават ужываем семачкі і арэшкі.

— Андрэй, як вядома, вы любіце і ўмееце смачна гатаваць. Ці хацелі б вы быць вядучым кулінарнай тэлеперадачы?

Андрэй 3.: Я прымаў удзел у адной з кулінарных тэлепраграм. А каб пастаянным вядучым... пакуль што не клікалі.

Павел К.: Яшчэ не факт, што Андрэю б хапіла часу на такі занятак: нашы працоўныя будні насычаныя і нават перанасычаныя справамі.

— Вы людзі шматпланавыя, і, акрамя музыкі, займаецеся рознымі відамі творчасці. Ці хапае часу непасрэдна на музыку?

Кірыл К.: Што ж, даводзіцца менш спаць і больш працаваць.

— А як жа сям’я?

Павел К.: Сям'я крыўдзіцца, але родныя ўжо прывыклі да такога нашага ладу жыцця.

— Нечаканым і, не хлушу, прыемным сюрпрызам для аматараў кінематографа стаў ваш удзел у кінастужцы “Стиляги”,
якая выйшла на экраны ў гэтым годзе. Там вы ігралі музыкантаў, як і ў папярэдніх кінаработах. У якіх фільмах мы зможам пабачыць вас у будучым?

Павел Т.: Пасля "Стиляг" мы зняліся ў серыяле "Вызов", дзе зноў-такі выконваем ролі саміх сябе, спяваем дзве свае песні. А яшчэ хлопцы прымералі на сябе вобраз міліцыянераў у крымінальнай драме, аператыўнікаў і экспертаў-крыміналістаў.

Павел К.: Да таго ж, паступіла прапанова напісаць кампазіцыю да фільма пра мяжу. Дарэчы, гэта зусім новая песня прагучыць у сённяшнім канцэрце.

— У якім амплуа ў кіно хацелі сябе паспрабаваць?

Павел К.: Было б цікава паўдзельнічаць у крымінальнай камедыі...

Андрэй 3.: У ролі маньяка! Жартую...

Павел Т.: Вось, напрыклад, для навагодняга праекта тэлеканала АНТ мы выканалі камедыйныя і нечаканыя ролі — сыгралі п'яніцаў. Так што глядзіце нас у навагоднюю ноч!

— Вас можна сёння назваць па праву не толькі музыкантамі, але і акцёрамі: у кожным з кліпаў вы адыгрываеце яскравых, характарных персанажаў.

Павел К.: Кожны з нашых кліпаў — гэта завершанная гісторыя з пэўным сюжэтам. Увогуле кліп – гэта або нейкая статычная карцінка, або сюжэт. А проста абстрактныя вобразы да нашых песняў ніяк не стасуюцца, таму кожную сваю музычную гісторыю мы пражываем у кліпе.

Павел Т.: Дарэчы, у хуткім часе свет убачыць кліп на новую песню "Банька", дзе мы паўстанем ізноў жа ў нечаканых цікавых вобразах.

— Сваім гастрольным турам вы адзначаеце дзесяцігадовы юбілей групы "Тяни-Толкай", і ваша сумесная творчасць пачыналася ўласна з сяброўскіх адносінаў. Цяпер, калі вы сталі, як гэта называюць, ”шоўмэнамі", калі творчасць з яўляецца ў першую чаргу працай, ці
змяніліся ўзаемаадносіны?

Павел К.: Калі б адносіны ў калектыве змяніліся, мы б даўным-даўно разышліся. Многія калектывы і развальваюцца таму, што ўзнікаюць непаразуменні з фінансамі, сумбур... Нешта паміж сабой не могуць падзяліць. Мы да такога не даходзім, таму і адносіны ў калектыве цёплыя, як і дзесяць год таму.

— А калі выдаецца вольная хвілінка, як вы любіце адпачываць?

Кірыл К.: Ходзім у лазню... Але не разам!

Павел Т.: Вось з Андрэем у Судак ездзілі... I былі нават там заўважаныя.

Павел К.: Любім проста дома адпачываць.
— Якімі музычнымі работамі парадуеце нас у бліжэйшы час? Ці хутка пабачыць свет новы альбом?

Павел К.: Дзесяцігоддзе гурта адзначым не толькі канцэртным турам па гарадах Беларусі, але і выпускам mpЗ-дыска, які змесціць нашыя песні за 10 гадоў. Яго складуць каля 70 кампазіцый з усіх альбомаў.

Андрэй 3.: Ён стане своеасаблівай справаздачай перад нашымі слухачамі за гэты перыяд.

— Што пажадаеце прыхільнікам вашай творчасці, увогуле — усім дзятлаўчанам?

Кірыл К.: Галоўнае пажаданне артыста, каб гледачы мелі цярпенне і не збягалі з канцэртаў да заканчэння. Гэта я, безумоўна, жартам... Такога з намі не здаралася.

Павел К.: У сувязі з тым, што зыступленне наша адкладвалася з-за хваробы Андрэя, і што ўвогуле людзі зараз шмат хварэюць, галоўнае пажаданне ўсім вам, дарагія, здароўя, моцнага і надзейнага, каб не ўзнікала з ім праблем.

Павел Т.: Добра сустрэць надыходзячы Новы год, і каб у наступным годзе ўсе былі шчаслівыя.

Н.Авярчук, “Перамога”, №97

_____________________________________________________________________________________________________
Ялта