
А які ж лёс другой групы велікавольцаў?
Калі карнікі аддзялілі ад агульнай калоны 150 чалавек і павялі іх да Шчары, многія з надзеяй падумалі, што адна з гэтых калон — большая ці меншая — застанецца ў жывых. Яны не разумелі, навошта карнікам спатрэбілася раздвойваць калону. Аб лёсе 150 велікавольцаў у той момант ведаў, напэўна, толькі адзін Валерый Жылінскі.
У суправаджэнні тых жа дзевяці грузавікоў са зграяй карнікаў астатніх велікавольцаў прывялі ў Казённы лес, у той самы лес, куды яны збіраліся ўцякаць ад смерці. Хіба маглі вяскоўцы думаць, што замест ратунку яны тут знойдуць смерць. Фашысты затрымалі калону каля невялікага пагорка.
Аляксею Ламаку было тады дзесяць год, але ён добра памятае падрабязнасці забойства велікавольцаў. Вось што расказвае ён, відавочца і ахвяра дзікай расправы гітлераўцаў над безабароннымі людзьмі.
— Спыніўшы калону, карнікі некаторы час чакалі, што ім загадаюць рабіць далей. 3 кабін грузавікоў павыходзілі афіцэры. Яны нядоўга аб нечым раіліся з немцам у скураным паліто, затым накіраваліся да натоўпу, углядаючыся крыважэрнымі вачыма ў змучаныя твары людзей. Выгляд іх быў спакойны, ніколі не падумаеш, што яны рыхтуюцца да такой крывавай расправы. Некаторыя карнікі бралі з кішэняў цукеркі і раздавалі іх дзецям. Адна цукерка дасталася мне, я аддаў яе сваёй малодшай сястры Валі.
Нарэшце салдаты лачалі выводзіць з калоны мужчын і жанчын. Дзяцей і старых пакідалі на месцы. Маці не хацелі выпускаць з рук дзяцей. Вылюдкі сілай вырывалі іх і кідалі на зямлю. Тут узняўся такі лямант, што яго, як затым расказалі, чулі ў Малой Волі — за чатыры кіламетры. Мяне і Валю таксама адагналі ад бацькоў. Я стаяў побач з Гануляй Чудзілоўскай. Бабулька была настолькі слабай і змучанай, што не зусім разумела, што адбываецца навокал. Нехта з вяскоўцаў яшчэ па дарозе падабраў сукаваты кій, з дапамогай якога яна і трымалася на нагах. Дзеці з плачам лезлі да сваіх бацькоў, салдаты штурхалі іх і адкідвалі назад.
Мужчыны і жанчыны, якіх карнікі вывелі з калоны, з жахам чакалі, што будзе з імі далей. А далей тварылася нешта незразумелае. Велікавольцам раптам загадалі стаць на калені і закрыць твары далонямі. Людзі чакалі стрэлаў, але карнікі не стралялі. Расступіўшыся, салдаты прапусцілі наперад чорную крытую машыну. Велікавольцаў ахапіў жах. Людзі падумалі, што зараз машына пачне іх давіць. Машына наблізілася да шарэнгі велікавольцаў і спынілася. Салдаты ў чорным сталі здымаць з яе нейкую апаратуру і наводзіць на людзей. Нечакана запаліліся моцныя пражэктары і застракаталі апараты. Так яны паўтарылі некалькі разоў. Карнікі рашылі ўвекавечыць сваю крывавую дзейнасць на кінаплёнцы. (Пазней у Слоніме, Казлоўшчыне, Дзятлаве і другіх гарнізонах акупанты паказвалі кіначасопіс, як «чырвоныя бандыты» здаюцца ў палон. За партызан яны выдавалі велікавольцаў.)
Машына ад'ехала. Людзям загадалі падняцца. Затым зноў сагналі ўсіх разам і павялі ў лес. Адвёўшы метраў сто ад дарогі, калону спынілі. Салдаты разышліся па ўсім лесе, амаль на кожным кроку стаялі вартавыя. Я трымаўся за бацьку, маці ўзяла на рукі сямігадовую Валю.
Мы не ведалі, што з намі будуць рабіць. Стаялі і чакалі. Думалі, што карнікі пастрашылі, а к вечару возьмуць і адпусцяць людзей да хат.
Да калоны наблізілася восем салдат з вінтоўкамі. Моўчкі яны выпхнулі з натоўпу па два чалавекі і павялі ў напрамку пагорка, на якім раслі гонкія сосны. Праз некалькі мінут там грымнулі стрэлы, а потым данёсся страшэнны крык людзей... Прагучала яшчэ некалькі залпаў, і на нейкае імгненне ўсталявалася мёртвая цішыня, ад якой можна было звар'яцець. Астатнія велікавольцы адчулі, што надышоў іх апошні час...
Раптам паваліў снег. Ён падаў і падаў буйнымі камякамі, зацярушваючы кроў і трупы велікавольцаў.
Зноў з'явіліся тыя ж салдаты, і зноў шаснаццаць чалавек убавілася з калоны. Натоўп заварушыўся, як патрывожаны муравейнік. Велікавольцы гатовы былі накінуцца на забойцаў, біць іх, ірваць на часткі.
Карнікі адчулі намер людзей, узвялі на баявы ўзвод аўтаматы, насцярожыліся.
Адзін за другім гучалі залпы, і кожны такі залп уносіў дзесяткі велікавольцаў. Вылюдкі рашылі спачатку расправіцца з мужчынамі і падросткамі, а жанчын і дзяцей пакуль што не чапалі. Плакалі дзеці, прарэзліва галасілі маці...
Браты Валяр'ян і Канстанцін Чудзілоўскія рашылі ўцякаць. Што будзе, тое і будзе, памерці, дык у барацьбе за жыццё. Разам яны вырваліся з натоўпу аднавяскоўцаў і кінуліся ў розныя бакі. Загрымелі стрэлы. Канстанцін, прабегшы некалькі крокаў, зваліўся мёртвым. Валяр'ян, пятляючы, нібы заяц, працягваў уцякаць. Пакуль што кулі міналі яго. Сцяўшы зубы, забыўшы пра ўласную бяду, людзі назіралі за гэтым жахлівым відовішчам, малілі бога, каб той дапамог выратавацца чалавеку. Валяр'ян спатыкнуўся, затым хуценька падняўся. Прабег некалькі крокаў і раптам спыніўся, ухапіўшыся рукамі за жывот... Пастаяў крыху і рухнуў на зямлю.
Услед за Валяр'янам Чудзілоўскім патупаў і яго чатырохгадовы хлопчык. Ён няўпэўнена семяніў слабымі ножкамі, абутымі ў ірваныя чаравічкі, за бацькам. Маці ўжо не магла яго стрымаць. Яна білася ў страшэнных сутаргах на руках вяскоўцаў.