

Аляксандра рана засталася без бацькі, які загінуў на Вялікай Айчыннай вайне. Ужо з трынаццаці гадоў яна дапамагала матулі па гаспадарцы, вучылася працаваць.
— Гэта цяпер усё механізавана, — кажа Аляксандра Іванаўна,— а раней даводзілася рабіць усё ўручную: жаць, сеяць, саджаць і капаць бульбу, рваць, сушыць, трапаць лён. Усяму гэтаму мы вучыліся з маленства.
3 юнага ўзросту майстэрства каваля пераймаў ад свайго бацькі і Мікалай Вікенцьевіч. У спадчыну ён атрымаў кузню, якая і цяпер знаходзіцца на падворку ля хаты. Яшчэ год таму гукі яго накавальні ранкам чуліся па вёсцы: у кузні "нараджаўся" сельскагаспадарчы інвентар, такі неабходны ў вясковым побыце.
Сям'ю Мікалай Вікенцьевіч і Аляксандра Іванаўна стварылі больш за пяцьдзесят гадоў таму. Пасля вяселля маладыя пераехалі жыць у хату бацькоў Мікалая. Тады ж і былі пасаджаны яблыні ля хаты, якія растуць, пладаносяць і цяпер. Дзесяць гадоў таму на прысядзібнай тэрыторыі з'явіліся кусты каліны, плады якой Аляксандра Іванаўна выкарыстоўвае на лекі.
Сямейнае жыццё ішло няспешна, у будніх справах і клопатах, якія былі прасякнуты штодзённай працай — на рабоце, дома па гаспадарцы. I ўсюды паспявалі, з усім спраўляліся, гадавалі сына.
Аляксандра Іванаўна прыгадвае, як дзеля эканоміі часу яна нават прывучыла карову самастойна адчыняць веснічкі, калі тая вярталася з пашы.
Цяпер гаспадарка ў Мікалая Вікенцьевіча і Аляксандраўны Іванаўны невялікая: сілы ўжо не тыя, гады бяруць сваё. Але тым не менш, час не мог адняць працалюбства, якое ўжо ў крыві гэтых людзей.
Ім прасякнута жыццё і цяпер. Для Аляксандры Іванаўны кожны дзень пачынаецца ранкам: няма калі залежвацца. Трэба адмесці на дарожках на падворку снег, прыгатаваць сняданак, накарміць парася. А летам — клопаты на агародзе, у кветніку.
Шмат клопатаў і ў Мікалая Вікенцьевіча: трэба сачыць, каб у парадку быў падворак, каб на ім не было выбоінаў, смецця.
— Галоўнае, каб бацькаўшчыну дагледзець, — менавіта так трапна характарызуюць Аляксандра Іванаўна і Мікалай Вікенцьевіч свае справы і клопаты. Пад "бацькаўшчынай" яны разумеюць родную хату, якая засталася ім у спадчыну ад бацькоў. I няхай у ёй няма многіх сучасных зручнасцяў— толькі праведзены газ, але ў ёй пануюць чысціня і парадак, утульнасць. Як таму і вучылі бацькі.
А. Дуброўская, “Перамога”, №3.
Фото Б.Варны.