Зенітчыкі б'юць без промаху



«Камандзіраў разлікаў і аддзяленняў на БКШ» — перадаў прыказанне дзяжурны разведчык.

Калі старшы сяржант Іван Фурсенка — камандзір 2-й гарматы — прыбыў на батарэйны камандзірскі пункт, там ужо былі амаль усе сяржанты і афіцэры. У вачах кожнага адно і тое ж пытанне: навошта выклікалі? Ціха перагаворваліся, чакаючы, паглядалі на камандзіра батарэі старшага лейтэнанта Уладзіміра Барысавіча Мусіхіна, які штосьці чарціў на карце чырвоным алоўкам. Нарэшце ён узняў галаву.

— Здаецца, усе. Слухайце баявы загад. Група фашысцкіх войск у складзе да трох пяхотных палкоў і каля 70 танкаў акружана ў лесе на поўнач ад в.Мішкенікі. Вось тут, — і ён паказаў месца размеркавання гітлераўскіх войск на карце, — часці 49-й арми блакіравалі групіроўку праціўпіка і не даюць ёй злучыцца з асноўнымі сіламі, якія абараняюцца на захад ад мястэчка Кузніца.

Камандзір 2012-га зенітнага палка загадаў:
— Першай батарэі заняць агнявую пазіцыю за кіламетр на ўсход ад в.Падліпкі і да 16.00 сёння быць гатовымі адкрыць агонь па самалётах і прамой наводкай па танках і пяхоце. Маршрут руху...

Старшы лейтэнант назваў некалькі насе-леных пунктаў.

«Значыць, гарачая работа чакае», - думаў Фурсенка, калі спешна крочыў да разліку, які яго ўжо чакаў.

...Каля шасці гадзін раніцы напружаную цішыню разарвала артылерыйская кананада, стракатанне кулямётных чэргаў. Праціўнік сілай да батальёна пры падтрымцы дзевяці танкаў, шасці самаходных гармат і трох бронетранспарцёраў пайшоў у атаку на Падлілкі, астатнімі сіламі — на мястэчка Кузніца.

Чорнымі каршунамі закружыліся над пазіцыяй самалёты. Па іх ударылі малакаліберныя зеніткі суседняга зенітнага палка.

Нечакана тры варожыя бронетранспарцёры з аўтаматчыкамі выскачылі з в.Падліпкі і пайшлі па дарозе на пазіцыю. Але далека ім зайсці не ўдалося: першым жа выстралам гармата сяржанта Васіля Мальцава знішчыла галоўны бронетранспарцёр. За ім адкрыў агонь разлік сяржанта Васіля Копасава.

Гітлераўцы, якія прарваліся цераз пярэдні край, не чакалі такой сустрэчы. Яны страцілі дзве машыны і адступілі.

Вораг узмацніў мінамётны абстрэл гарматы смельчакоў.

Цяжкая задача стаяла перад Фурсенка — знішчыць танкі, якія атакавалі з супрацьлеглых напрамкаў і маглі ўварвацца на пазіцыю ў адзін і той жа час.

Танк, ныраючы па калдобінах, ішоў драма на разлік, пагражаючы падмяць яго. Раздаўся выстрал, але танк працягваў імчаць. Да яго заставалася метраў трыста... Зноў выстрал, і танк заскрыгатаў, спыніўся. Пра небяспеку не думалася. Ва ўсіх была адна думка: «Паспець бы!..» Бо пяты танк быў ужо метраў за дзвесце ад гарматы. У сё вырашалі долі секунды.

— Па танку злева! — загадаў старшы сяржант.
Наводчык Шкірын і на гэты раз халаднакроўна і дакладна навёў гармату. Калі воблака ўзрыву рассеялася, усе ўбачылі ва-рожую машыну, што дымілася.

Перадышка была нядоўгай. Неўзабаве гармату атакавалі каля сотні аўтаматчыкаў.

Аўтаматная чарга ўдарыла па акопу, узняліся шэрыя фантанчыкі пылу. I ніхто не заўважыў, як Фурсенка схіліўся да бруствера, схапіўся за жывот.

...Толькі над вечар, калі ўсе атакі былі адбіты, старшага сяржанта Фурсенка адправілі ў медсанбат. Раны аказаліся смяротнымі. Пахавалі яго ў г.п.Наваельня Дзятлаўскага раёна.

Усе воіны гэтага мужнага разліку былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а старшаму сяржанту Івану Сямёнавічу Фурсенка пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

М. Арцёменка