
Непрацуючыя абавязаныя асобы, а таксама тыя, хто працуе і кампенсуе расходы на ўтрыманне дзяцей у добраахвотным парадку па заяве, але не ў поўным аб'ёме, належаць працаўладкаванню.
Пытанні працаўладкавання абавязаных асобаў вырашаюцца судом пры вынясенні судовых пастановаў. Судовая пастанова аб працаўладкаванні такой асобы на працягу трох рабочых дзён пасля яе вынясення накіроўваецца ў орган унутраных справаў і ў орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства асобы.
Абавязаная асоба павінна з'явіцца ў арганізацыю для працаўладкавання і прыступіць да работы не пазней дня, які ідзе за днём атрымання накіравання органа па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Апрача накіравання на работу, яна абавязана прад'явіць наймальніку і іншыя дакументы, прадугледжаныя арт.26 Працоўнага кодэкса: пашпарт, працоўную кніжку, дыплом аб адукацыі (калі ёсць у наяўнасці).
Арганізацыі, уключаныя ў пералік арганізацый, незалежна ад форм уласнасці для працаўладкавання абавязаных асобаў, павінны ў трохдзённы тэрмін з дня ўзнікнення свабодных месцаў (вакансій) інфармаваць аб гэтым орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне з указаннем умоваў працы і памеру заработнай платы па адпаведных вакансіях.
У выпадку неабходнасці працаўладкавання асобы, якая знаходзілася ў лячэбна-працоўным прафілакторыі (ЛПП) або вызваленай з месцаў пазбаўлення волі, адміністрацыя ЛПП або калоніі абавязана за тры месяцы да заканчэння тэрміну яе прабывання (вызвалення) інфармаваць аб гэтым суд па месцы пастаяннага пражывання абавязанай асобы, орган унутраных справаў і орган дзяржаўнай службы занятасці, а таксама накіраваць у суд выканаўчы дакумент у дзень вызвалення дадзенай асобы. Судом выносіцца пастанова аб працаўладкаванні (у выпадку, калі яна не выносілася) на працягу пяці рабочых дзён з дня паступлення выканаўчага дакумента ў суд.
Заработная плата абавязанай асобы павінна быць такой, каб дазваляла забяспечыць поўнае выкананне штомесячных абавязацельстваў па кампенсацыі расходаў і за ёй захоўвалася не менш 30% заработнай платы.
На працуючых абавязаных асобаў, працаўладкаваных па судовай пастанове, распаўсюджваецца заканадаўства аб сацыяльным страхаванні, пенсійнае заканадаўства, заканадаўства аб працы, за выключэннем права на прадастаўленне работы ў адпаведнасці з адукацыяй і прафесійнай падрыхтоўкай. Яны таксама маюць права на асноўны працоўны водпуск працягласцю 7 каляндарных дзён, а не 24, як гэта прадугледжана Працоўным кодэксам, на сацыяльныя водпускі па цяжарнасці і родах, па догляду за дзіцём да дасягнення ім узросту трох гадоў. Іншыя працоўныя сацыяльныя водпускі, прадугледжаныя заканадаўствам аб працы, ім не прадастаўляюцца.
Кантроль за штодзённай яўкай абавязаных асобаў і выкананнем імі працоўных абавязкаў ажыццяўляецца наймальнікам сумесна з органам унутраных справаў і органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Для гэтых мэтаў на прадпрыемствах загадамі вызначаюцца адказныя асобы.
У дзень няяўкі абавязанай асо-бы на работу наймальнік павінен паведаміць аб гэтым у орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і орган унутраных справаў, устанавіць прычыны няяўкі і прыняць усе меры па забеспячэнні гэтай асобы на работу. Орган унутраных справаў аказвае садзеянне ў яе дастаўцы на работу.
Арганізацыі, дзе працуюць абавязаныя асобы, павінны кожны месяц прадастаўляць у орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і орган унутраных справаў інфармацыю аб уліку рабочага часу і дакументы, якія пацвярджаюць факты парушэння працоўнай дысцыпліны.
За парушэнні дысцыпліны наймальнік мае права прымяніць да абавязанай асобы меры дысцыплінарнага спагнання, устаноўленыя працоўным заканадаўствам, апрача звальнення.
Абавязаная асоба не можа быць звольнена з работы да поўнай кампенсацыі расходаў па ўтрыманні дзяцей, за выключэннем наступных выпадкаў: ліквідацыя арганізацыі, спыненне дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка; неадпаведнасць работніка займаемай пасадзе або выконваевай рабоце ў выніку стану здароўя, які перашкаджае працягванню дадзенай работы; крадзеж па месцы работы маёмасці наймальніка, устаноўленага ўступіўшым у законную сілу прыгаворам суда або пастановай органа, у кампетэнцыю якога ўваходзіць накладанне адміністрацыйнага спагнання; прызыў работніка на ваенную службу; аднаўленне на рабоце работніка, які раней выконваў гэтую работу; уступленне ў законную сілу прыгавора суда, якім работнік асуджаны да пакарання, што выключае працяг работы, або судовай пастановы аб працаўладкаванні работніка, які абавязаны кампенсаваць расходы на ўтрыманне дзяцей; смерць работніка; накіраванне работніка па пастанове суда ў лячэбна-працоўны прафілакторый.
Калі абавязаная асоба самастойна знойдзе сабе работу з заработнай платай, якая перавышае заработную плату па прадастаўленым месцы работы, наймальнік пры наяўнасці пісьма ад другога наймальніка мае права па пісьмовым узгадненні з органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне звольніць яе для далейшай работы ў гэтага наймальніка.
С. ЛАБАР, суддзя суда Дзятлаўскага раёна. “Перамога” №3