
А потым прыкметы вясны з кожным днём становяцца заўважней: шэрая скарынка растае і вясёлымі ручаінкамі сцякае ў вялікія рэкі. Перазвон капяжу паведамляе: "Дзінь-дон, вясна прыйшла!" I няхай пад нагамі — хлюпота, у чаравіках — хлюпае вада, а прахожыя шморгаюць насамі. Дробязі! Гэта ж вясна прыйшла, і ўсе гатовы цярпець нядоўгі бездараж, за якім — цяпло, святло, прыгажосць.
I сёлета вясна нагадвала пра сябе ў лютаўскія дні. Справа ў тым, што ў гэтым годзе ў нас самы ранні Вялікдзень — 4 красавіка. Раней ужо і быць не можа. I калі ўжо Вялікдзень ранні, значыць, і вясна надыдзе таксама раней.
Штогод разам з вясною ў жыццё прыходзіць Вялікі пост. Яго чакаеш, старанна вывучаючы царкоўны каляндар. I ўсё ж ён пачынаецца неяк раптоўна. Справы, мітусня, вясёлая Масленіца... I вось ужо аналоі ў храме апранаюцца ў чорнае... Даравальная нядзеля... Раптам востра адчуваеш, асэнсоўваеш, што сэрца пакрыта ледзяной скарынкай граху і неадчування, хочацца вырвацца...
Першыя дні посту. Вялікі канон. "Памілуй мяне, Божа, памілуй мяне..." Адчуваецца цяпло Боскай прысутнасці. Яно паўсюль. Скарынка пакрыху пачынае таяць, а сэрца сагравацца. Літургія найперш-асвечаных дароў. "Няхай выправіцца малітва мая..." Дзесьці ўнутры нараджаюцца слёзы пакаяння. Вострае пачуццё яднання з усімі ў храме. Гэтыя слёзы нараджаюцца ў мільёнах сэрцаў, іх маленькія ручаінкі зліваюцца ў рэкі, цякуць. Але не ўніз, а насуперак закону прыцягнення — уверх, да прастолу Міласэрнага Госпада.
На душы становіцца лёгка. А пост ідзе, і вясна ідзе. 3 кожным днём усё навокал становіцца цудоўней. У сэрцы ўладкоўваецца радасць. I ўсё паветра напоўнена гэтай радасцю, быццам спевам птушак. I хочацца таксама заспяваць: "Алілуя!" Спявае душа, якая вышэй плоці.
У час посту даводзіцца адмаўляць сабе ў якіхсьці дробных жыццёвых радасцях. Многія з дзяцей любяць марожанае, цукеркі і іншыя пачастункі. У час Вялікага посту варта ад гэтага адмовіцца. Хто вельмі любіць гуляць у камп'ютарныя гульні, то ў вялікапостны час таксама трэба ад гэтага ўстрымацца. А ўзамен Гасподзь, як міласэрны Бацька, падорыць радасць у сто разоў большую: радасць вясны, ачышчэння, радасць маленькай перамогі над сабой.
Прыгадваю свой першы Вялікі пост. Ён прайшоў у старанным вывучэнні статутаў, высвятленні, што можна, а што нельга, у імкненні ўсё выканаць.
I вось Вялікдзень! Хрэсны ход, трапяткія агеньчыкі свечак, захапленне. I раптам ціхія, здзіўленыя словы бабулькі: "Трэба ж! Госпадзі! Да Вялікадня дажылі!" I стала зразумела, што гэта і сапраўды цуд: у нашым крохкім свеце мы і жывём, і радуемся вясне, і адчуваем рэальнасць Уваскрэсення. Цуд...
Расціслаў САЛАЎЕЎ, іярэй, місіянер Навагрудска-Лідскай епархіі.
"Перамога", №17.
_____________________________________________________________________________________________________
