

Спажывец мае права і на суразмернае змяншэнне пакупной цаны тавару (арт.26 Закона аб абароне правоў спажыўцоў). У такім выпадку ў разлік прымаецца цана тавару на момант прад'яўлення патрабавання на ўцэнку. А калі ў добраахвотным парадку гэтае пытанне не вырашаецца, то на момант вынясення судом рашэння аб суразмерным змяншэнні пакупной цаны.
Згодна арт. 25 Закона аб абароне правоў спажыўцоў іх патрабаванні аб суразмерным змяншэнні пакупной цаны тавару неналежнай якасці, кампенсацыі расходаў на ўхіленне недахопаў пакупніком або трэцяй асобай, скасаванне дагавору рознічнай куплі-продажу і вяртанне заплочанай за тавар сумы прадавец павінен задаволіць неадкладна. Калі такой магчымасці адразу не прадастаўляецца, то гэтае пытанне патрэбна вырашыць на працягу сямі дзён з дня прад'яўлення адпаведнага патрабавання, а пры неабходнасці правядзення экспертызы — 14 дзён.
Пунктам 9 арт.20 Закона аб абароне правоў спажыўцоў вызначана, што прадавец абавязаны прыняць тавар неналежнай якасці ў пакупніка, а ў выпадку неабходнасці — правесці праверку яго якасці, а таксама праінфармаваць пакупніка, што той мае права ўдзельнічаць у праверцы. Калі яе не ўдаецца правесці адразу — пазедаміць пра час і месца пазнейшага правядзення.
Кошт экспертызы аплачваецца прадаўцом. А калі ў выніку праверкі ўстаноўлена, што недахопы тавару адсутнічаюць або ўзніклі пры няправільным яго выкарыстанні, захаванні, транспартыроўцы, тады пакупнік кампенсуе прадаўцу ўсе расходы, якія звязаны з правядзеннем экспертызы.
М. АЛЕКСАНДРОВІЧ, загадчыца юрыдычнай кансультацыі Дзятлаўскага раёна. “Перамога”, №1.