
Мая вёска — Варакомшчына была Слонімскага, Навагрудскага, цяпер Дзятлаўскага раёна.
Варакомшчына... Дзікаватае, незвычайнае слова. Але яно для мяне хрумсціць, як нарэзаная скрылікамі і падсмажаная з алеем бульба. Варакомшчына...
У нас усё шэрае: хаты, неба (бо край дажджлівы) і нават вечары — шарая гадзіна.
Мой род. Па мацярынай нітцы — ці не татары. Калі даць веру размаітым даведнікам, то ў 1242 годзе над Лідаю быў разбіты ліцвінамі хан Шайбак з яго «цьмою».
Палонных татар пасялілі на тутэйшых землях. Адсюль нашы суседнія вескі называюцца дзікавата: Таркачы. Шайбакова. Адсюль і прозвішча мацярыных дзядоў і прадзедаў — Шайбакі.
Бацькаў род — прымачы. Ні мой прадзед Янка (ён быу з суседняй вёскі Аханяны), ні дзед Тодар, ні бацька Ладзімер не мелі права на варакомскую спадчыну.
Як помню сябе, помню бітву і калатэчу за зямлю. Помню плач маці, збялелага бацьку з нажом і дзядзькоў з каламі.
Дзяцінства ўспамінаю, як нейкую далёкую радасць, тую ціхую радасць, як пісаў Талстой, у якой «немного чего-то недостает».
Помню падпаветку, куды. аддзяліўшыся ад дзеда перабралася наша сям'я, маленькае ў ёй акенца, гарышча ў вялых і шэрых лапіках павуціння, сярод ночы польскіх паліцыянтаў з ліхтарыкамі на грудзях. I пазней: Вільню, гатэль, старога яўрэя, што пусціў нас нанач. Бацька прывёз мяне на аперацыю — я праглынуў бляшку, якою прыбіваюць толь.
Помню маладое лета 41 года. Гарэла наша вёска. Сонца праз густы дым было мутна-жаўтаватае, як перад зацьменнем. Помню ядавіты свіст куль. Абгарэлыя трупы людзей на суседнім падворку, пажарышчы, растопленае шкло і абсмаленую галаву нашае каровы, што лезла, пэўна, з хлява ў акенца. Дзіўна, але шкада было толькі каровы.
Наваградчына зрабілася «зямлёю крыві».
Помню, як ставілі крыжы, За адну ноч кабеты пралі і вытыкалі ручнік, мужчыны секлі ў лесе хвойку, абчэсвалі, рабілі перакладзіну. Крыжы ставілі перад вёскаю — адзін з іх стаіць сёння.
Па хатах хадзілі «святыя пісьмы», «абнаўляліся» абразы. Помню, як прыслужваў ксяндзу. Цётка тарціярка перахрысціла мяне ў католіка.
Школа. Тры гады хадзіў у «нямецкую». Вучыліся ў пустой яўрэйскай хаце з аблупленымі шпалерамі. Пасля сёмага класа — недзе ў 49-м годзе — пайшоў у вячэрнюю. Пачаў прызарабляць сам. На чыгуначнай станцыі Наваельня грузіў цэмент, соль, гарэлку, кавуны. 3 таго часу люблю пах мазуты, свісток счэпшчыка, раптоўны лязгат вагонаў, белы салодкі дым ад чорных паравозаў.
У вячэрняй сабралася распуста. У школу пераросткі прыходзіді «пад мухай» і з самаробнымі кінжаламі з цэлулоіднымі ручкамі ў розны колер.
Да беларускага прывучылі кнігі віленскіх выданняў, што ляжалі на гарышчы ў дзядзькі.
Нізкі паклон старадаўняй Вільні.
Родныя песні ўчуў ад маці, ад кабет на вяселлях і хрэсьбінах, Пачаў трохі запісваць і складаць сам. Ад маці дазнаўся, што песні некалі збіраў яе родны брат — Ян Шайбак (цяпер жыве ў Польшчы), грамадавец, першы адукаваны (вучоны, як казалі ў нас) чалавек у вёсцы, бо скончыў царкоўна-прыходскую школу.
У шарачковым пінжаку, з драўляным куфэркам і дзіцячай надзеяй (1952 год) на нешта вялікае прыехаў ва ўніверсітэт.
Першае апавяданне напісаў ва ўніверсітэцкай аўдыторыі. Занес у «Полымя». Прачытаў Танк, сказаў: «Ну, нічога, брат... Першая ластаўка, ага... Будзем друкаваць». Што яго згубілі, дазнаўся тады, калі з дому прывёз «Зоню».
У роднай хаце за ясеневым сталом пры матчынай гаворцы — маці сядзела за кудзеляю: зімою яна прала, а ўвесну перад Вялікаднем снавала і ткала кросны — пісаў «Зоню». Пісаў і дзеля сябе і дзеля маці, каб ведала, што яе сын — колькі яна, пэўна, малілася, каб яе дзеці не зазналі гэтакіх мук у жыцці і цяжкае працы, як зазнала яна — стаў «вучоны». Колькі яна скардзілася і наракала, што яе не вучылі і яна асталася «цёмнаю». Маці сапраўды не ўмее чытаць і нават распісваца і па сённяшні дзень ставіць крыжыкі.
Усяго адну зіму «ад пашы да пашы» ў «вясковага дарэктара» вучыўся і бацька.
Напісанае чытаў усім, а бацьку і маці саромеўся і саромеюся, бо можа, што свая кніга яшчэ не напісана, — тая кніга, якую жадалася напісаць даўно і па якой даўно перагарэла душа.
Пісаў і пісацьму сваё жыта, сваю дарогу ў полі, маладую бярэзіну пры хаце, ціш, вечар і сваю маці з дзяружкаю зелля за плячыма.
Мяняюцца на зямлі людзі, адыходзіць адно і прыходзіць другое пакаленне.
Я думаў і думацьму пра тое, чаму асталося восем мільёнау беларусаў, а іх было больш дзесяці яшчэ тады, калі слынны чалавек з-пад Наваградка, чытаючы курс лекцый у Калеж дэ Франс у Парыжы, гаварыў пра найпекную прастату нашае мовы.
Я хачу гэта зразумець: для сябе і для другіх. Пра што і будзе свая кніга.
Мой невялікі народ варты вялікай кнігі. Я гавару не толькі пра сябе. Я веру нашай літаратуры, на яе спадзяюся. Трохі перайначу слыннае прароцтва: многія славянскія літаратуры сказалі сваё, надышла пара нашай.
Шчаслівы буду, калі на ніве беларускае літаратуры ўзыдзе і маё зярнятка.
17 ліпеня 1967 года