
Трывожна і настойліва крычалі сігналы санітарных аўтамашын, патрабуючы дарогі. Скрозь няшчыльна закрыты брызент выглядвалі пачарнелыя твары параненых. Па колькасці санітарных машын, якія без усякіх прыпынкаў імчаліся на ўсход, можна было меркаваць аб тых цяжкіх няроўных баях, якія даводзіцца весці нашым часцям, стрымліваючы шалёны націск фашыстаў. Чырвоная Армія не толькі адступала, яна змагалася, нішчыла ворага.
На ўзбярэжжы Шчары калоны раптам ламаліся. Байцы на хаду скідалі скаткі шынялёў, прыпадалі на жываты і з рэчкі пілі цёплую мутную ваду. Параненыя абмывалі пякучыя раны, накладвалі новыя павязкі. Ледзь адпачыўшы, байцы зноў крочылі на ўсход.
3 болем у сэрцы сачылі жыхары Вялікай Волі за адступленнем роднай арміі. Стрымліваючы слёзы, жанчыны падавалі стомленым байцам шклянкі з малаком, сілком засоўвалі ў кішэні хлеб, сала. Велікавольцы забыліся пра ўласныя справы. Днямі ў вёсцы не выганялі ў поле жывёлу, гаспадыні не палілі печаў. Не да гэтага! Усе былі заняты вайной. Нават дзеці, і тыя не заставаліся ў баку ад людскога гора. Яны закінулі свае звычайныя гульні. 3 раніцы набіралі ў кошыкі прадукты і цэлымі днямі прастойвалі каля шашы, прапануючы чырвонаармейцам хлеб, яйкі, малако — усё, што знайшлося ў доме. Вясковыя дзяўчаты тут жа на вуліцы рабілі параненым перавязкі. 3 запаветных куфэркаў выцягвалі яны просціны, белыя абрусы, вышытыя беларускія ручнікі, што гадамі хавалі сабе ў пасаг, і без жалю рвалі ўсё гэта на бінты. А захад грымеў страшэнным гулам. 3 кожным днём гул набліжаўся, мацнеў, сціскаў жахам сэрцы людзей.
На трэці дзень вайны фашысты разбамбілі мост цераз Шчару. Раніцай над Вялікай Воляй праляцеў самалёт з жоўтымі крыламі, на якіх віднеліся чорныя фашысцкія крыжы. Ён пранёсся так нізка, што над зямлёй прамільгнуў яго цень. Над мостам самалёт выпусціў чаргу з кулямёта, забіў трох салдат і знік за густымі соснамі.
Неўзабаве над пераправай з'явілася шасцёрка «юнкерсаў». Выстраіўшыся ў небе ў баявы парадак, яны адзін за другім рынуліся на мост. Першыя бомбы ўпалі ў ваду. У адыходзячых чырвонаармейцаў не было зенітак, і фашысцкія груганы беспакарана насіліся ў нашым небе, Самалёты зрабілі другі заход, і мост разляцеўся на трэскі. Пераправа спынілася.
...Да разбуранага моста падыходзілі ўсё новыя і новыя часці. У доўгі рад выстраіліся аўтамашыны. Нізкі луг запоўнілі салдаты, абозы, аўтамашыны. Прырэчныя хмызнякі ўжо не маглі ўмясціць чырвонаармейцаў, якія хаваліся ў кусты ад праменняў сонца і варожай авіяцыі, Людзі з трывогай пазіралі ўгору — хаця б не наляцелі самалёты.
Трэба было наладзіць пераправу. А гэта было не лёгкай справай. Пад рукамі не было ніякага матэрыялу, струманту. Некалькі байцоў з абломкаў моста збівалі плыт. Але хіба гэта было выйсце?
На дапамогу чырвонаармейцам прыйшлі велікавольцы. Як толькі немцы разбамбілі мост, да Мікалая Павачкі прыбег устрывожаны Іван Альховік. Не прывітаўшыся, прама з парога ён загаварыў:
— Слухай, Мікалай, бяда. Трэба неяк выручаць людзей.
— Ведаю,— спакойна адказаў Мікалай.— А што рабіць?
— У цябе ёсць лодка. Антон Павачка, Валяр'ян Чудзілоўскі і іншыя вяскоўцы ўжо на перапразе,— паведаміў Іван.— Давай і ты. Потым што-небудзь прыдумаем. Разбяром некалькі хлявоў...
— За лодкай я ўжо паслаў хлапчукоў. Хутка прыгоняць. Але што лодкі?
Пакуль яны размаўлялі, да хаты Мікалая Павачкі, якая стаяла на самым беразе Шчары, сышлася амаль уся вёска. Людзей непакоіла думка, як наладзіць пераправу, дапамагчы чырвонаармейцам. Сярод вяскоўцаў разгарэліся спрэчкі. Кожны прапанаваў свой план, даваў, здавалася, самую разумную параду.
— Слухайце,— ускінуўшы ўгору вузлаватую руку, загаварыў раптам Антон Альховік.— Спрачаемся, а таго не ведаем, што ёсць гатовая пераправа. Няўжо вы забыліся пра плыты? Лепшага нічога не прыдумаеш...
— Праўда,— падхапілі вяскоўцы.— Самі ж іх вязалі. Ды там і баржы ёсць! Ну і галава ў цябе, Антон! А мы тут балбочам, пераліваем з пустога ў парожняе. Давайце хутчэй за справу!
3 даўніх часоў жыхары Вялікай Волі займаліся плытагонствам. Бо зямля мала чаго давала сялянам. На пясках, акрамя тытуню і грэчкі, нічога не расло. Усё дарослае насельніцтва вёскі