Цяжкія выпрабаванні



Івана Павачку немцы палічылі за партызана і разам з двума вяскоўцамі — Уладзімірам Стырнікам і Міхаілам Крупіцам — павезлі ў Дзятлава ў турму. Іх кінулі ў вялікі мураваны склеп, дзе яны павінны былі чакаць сваёй смерці.

Пацягнуліся доўгія пакутлівыя дні няволі. У гэтай падземнай камеры немцы трымалі смяротнікаў. Акрамя Павачкі і яго вяскоўцаў тут знаходзіліся і сапраўдныя партызаны. Асабліва запомніўся Івану Осіпавічу партызан па прозвішчу Казёл з вёскі Сямёнавічы, што пад Наваельняй. Яго схапілі ў палон, калі група вярталася з баявога задання. Партызаны натрапілі на засаду. У час перастрэлкі Казёл выскачыў на паляну. Яго прыкмецілі варожыя коннікі. Цяжкія падкозы ўтапталі партызана ў зямлю... Яго не расстралялі адразу толькі таму, што палічылі за камандзіра. У турме яго кожны дзень цягалі на допыты, пасля якіх вяртаўся збітым да непазнавальнасці. Але партызан мужна зносіў усе катаванні, якія выпалі на яго долю.

На допыце збівалі ўсіх. Нямала зведаў пабояў і Іван Павачка. Гестапаўцы дамагаліся ад яго звестак аб партызанах, патрабавалі здрады. Але ён рашыў: лепш смерць, чым здраду.

Кожны тыдзень немцы выводзілі групы людзей на расстрэл. Іх стралялі тут жа на тэрыторыі турмы. У камеры ўрываліся перадсмяротныя крыкі людзей, глухія стрэлы. У такія жудасныя ночы ніхто не мог заплюшчыць вачэй. Акупанты наўмысна забівалі свае ахвяры на віду людзей, якія знаходзіліся ў лагеры-турме. Яны ведалі, што нішто так не дзейнічае на чалавека, як жах смерці, і ўсяляк імкнуліся паздзекавацца над тымі, хто яшчэ заставаўся ў жывых.

У адну з такіх страшэнных начэй у партызанскую камеру ўварваліся салдаты. Забраўшы Павачку і яго вяскоўцаў, гітлераўцы павялі іх у двор турмы.

«Цяпер ужо ўсё, канец,— думаў, крочачы за фашыстамі, Іван Осіпавіч.— А як хацелася жыць! Хутка вызваленне, фронт ужо зусім блізка. Якія яны зараз, нашы воіны?..»

Моцны крык, а потым удар у спіну вывеў яго з задумення. Палонных упхнулі ў другі агульны барак. Назаўтра Павачку разам з іншымі вывелі на работу, на збудаванне земляных умацаванняў.

У дзятлаўскай турме знаходзілася ў той час каля чатырох тысяч зняволеных. Людзі цярпелі тут такія пакуты, якія немагчыма апісаць. Палонных не лічылі за людзей. За малейшае парушэнне лагернага рэжыму збівалі да смерці. Каты марылі людзей голадам. Дзвесце грамаў трухлявага з пілавіннем хлеба і тухлая вада — вось і ўвесь рацыён палоннага. Многія паміралі. Чорныя крытыя машыны амаль кожны дзень адвозілі мёртвых некуды за лагер. У Павачкі распухлі ногі, ён ледзь валачыўся, але здавацца не хацеў.

А фронт падыходзіў усё бліжэй і бліжэй. Гарматныя выбухі сатрасалі сцены доўгіх баракаў. Нявольнікі з надзеяй узіраліся на ўсход, адкуль ішло вызваленне. Часта над лагерам праляталі самалёты з чырвонымі зоркамі на крылах. Людзі не хавалі сваёй радасці, вачыма, поўнымі слёз, сачылі яны за імклівым палётам савецкіх знішчальнікаў.

У пачатку ліпеня фронт наблізіўся да Дзятлава. Да турмы даносіліся частыя чэргі з аўтаматаў, выбухі ручных гранат, аглушальна стракаталі кулямёты. Фашысты заварушыліся, наступіў крах іх панаванню. Яны падрыхтаваліся ўцякаць. Але перш чым убрацца ў сваё звярынае логава, гітлераўцы ўчынілі яшчэ адно страшэннае злачынства.

Палонных цяпер трымалі ў бараках. Яны сядзелі і не ведалі, што творыцца навокал. Кароткія радасныя весткі час ад часу прыносіў у сцены барака Рыгор. Прозвішча гэтага сумленнага савецкага хлопца Павачка не запомніў. Рыгор быў партызанам. Дзесьці пад Бешанковічамі яго, цяжка параненага, фашысты схапілі ў палон. Яго збівалі, катавалі, але партызан не выдаў ваеннай тайны. Страціўшы надзею вырваць якія-небудзь звесткі аб лясных салдатах, замест смерці гітлераўцы прапанавалі Рыгору пайсці да іх на службу ў так званую армію здрадніка Уласава. Хлопец згадзіўся ў спадзяванні, што пры першай магчымасці зноў уцячэ да партызан. У турме Рыгор з вялікай рызыкай праз зняволеных спрабаваў звязацца з народнымі мсціўцамі. Гэта яму не ўдавалася. Людзі баяліся правакацый, і хаця адчувалі, што хлопец свой, савецкі, трымалі язык за зубамі. Калі трапляўся зручны момант, Рыгор падоўгу размаўляў з Іванам Осіпавічам, расказваў аб сваім жыцці. Ён усім сэрцам ненавідзеў акупантаў, а яшчэ больш свой мундзір здрадніка. Употай ад немцаў ён прыносіў зняволеным хлеб, раскаэваў аб падзеях на франтах, разам з усімі радаваўся хуткаму збаўленню ад акупантаў. Чым мог ён дапамагаў нявольнікам лягчэй пераносіць пакуты. Ці застаўся ён жывым пасля крывавай завірухі, якая адбылася ў лагеры,—невядома. У апошнюю мінуту нехта бачыў, як яго вялі два гестапаўцы.

Аднойчы ранкам, калі страляніна асабліза ўзмацнілася, у вузкія вароты лагера-турмы ўехала стракатая легкавая машына. Праз некаторы час у лагеры аб'явілі трывогу. Перад баракамі нявольнікаў гітлераўцы выставілі кулямёты.

У асобным бараку фашысты трымалі палонных савецкіх афіцэраў. Іх было не менш пяцісот чалавек. Павачка бачыў іх здалёк, бо падыходзіць блізка да барака афіцэраў не дазвалялася. Гэта былі маладыя хлопцы. Нават тут, у лагеры, знясіленыя, параненыя, яны выклікалі захапленне сваёй нескаронасцю ворагу. Калі іх выводзілі на кароткую прагулку, многія плакалі, гледзячы, як яны носяць на руках сваіх таварышаў, якія ўжо страцілі апошнія сілы. Моцная салдацкая дружба дапамагала ім пераносіць цяжкасці.

Пасля аб'яўлення трывогі да барака афіцэраў пад'ехаў бензавоз. Моцны струмень бензіну заскакаў па даху і сценах барака, а праз мінуту яго ўжо лізалі чырвоныя языкі полымя... Вылюдкі падпалілі барак разам з ваеннапалоннымі.

Горкі, удушлівы дым цераз вузенькія акенцы пацягнуўся ў суседнія баракі. Людзі прыніклі да рашотчатых квадратаў і абамлелі. Барак, дзе знаходзіліся савецкія афіцэры, палаў як свечка.

Ад жаху ніхто не мог вымавіць слова. Людзі на нейкае імгненне аслупянелі. Не паспелі яны апамятацца, як раптоўна расчыніліся вузкія дзверы астатніх баракаў. Па рупары палонным загадалі пакінуць баракі. «Хто застанецца, будзе спалены»,— папярэдзілі фашысты.

Звар'яцелыя ад жаху людзі кінуліся да выхада, і тут у твары ім секануў свінцовы град. Гітлераўцы ва ўпор білі з кулямётаў па выбягаючых. Пярэднія валіліся мёртвымі, заднія, не ведаючы, што адбываецца ў двары, ірваліся наперад, насустрач смерці...

Іван Осіпавіч не памятае, як апынуўся за варотамі барака. Кулі і на гэты раз абмінулі яго. Павачка з апошніх сіл уцякаў ад стрэлаў, ад смерці. Ззаду ў яго раздаваліся кулямётныя чэргі.

Каты ніяк не маглі адарвацца ад людской крыві. Іх мучыла звярыная смага.

Толькі падвечар прыйшоў у сябе, сабраўся з думкамі Іван Осіпавіч. Ён яшчэ не верыў, што застаўся жыць. Яму ўсё здавалася, што вось-вось зноў наляцяць ворагі і пачнуцца новыя катаванні.

Непадалёку пралягала дарога. 3 цяжкім грукатам па ёй каціліся машыны, танкі. Толькі чые? Высокае жыта надзейна хавала Павачку ад чужых вачэй. Пераадольваючы ўласны страх, стары асцярожна пасунуўся наперад, каб зірнуць на шашу. Ён падабраўся зусім блізка і стаў услухоўвацца. 3 дарогі несліся рускія песні, вясёлы смех, родная мова...

— Няўжо нашы?!
Павачка асцярожна расхінуў перад сабой жыта і зірнуў на шашу. Па ёй імклівай хваляй праносіліся магутныя грузавыя машыны з чырвонаармейцамі. Маладыя загарэлыя твары, знаёмыя гімнасцёркі... «А чаму пагоны? — спалохаўся стары.— Можа гэта ворагі, можа мае вочы перасталі бачыць?.. Не, не можа быць, каб так смяяліся ворагі. Чакай! Рыгор нешта гаварыў пра пагоны... Значыць, свае, дачакаліся!»
Іван Осіпавіч устаў і, хістаючыся, пакрочыў насустрач савецкім воінам-вызваліцелям.
— Сынкі, родныя... вярнуліся! — са слязьмі на вачах прамовіў стары і па-бацькоўску прытуліў да схуднелых грудзей маладога салдата...

Затым, супакоіўшыся, ён доўга стаяў на абочыне дарогі і ўважліва ўглядаўся ў твары салдат. Іван Осіпавіч спадзяваўся ўбачыць знаёмых чырвонаармейцаў, якія адступалі праз Вялікую Волю чатыры гады назад. Яны ж казалі, каб іх чакалі...

Так да Івана Осіпавіча Павачкі прыйшло вызваленне. Чалавек застаўся жыць. Можа сам лёс захаваў яго ад смерці як сведку нечуваных злачынстваў, якія ўчынялі гітлераўцы на акупіраванай зямлі.