ЦІ БУДЗЕ СТАРАСТА Ў ВЁСЦЫ ГУЗНІ?



Атрыманы афіцыйныя адказы раённых арганізацый і службаў на пытанні “Прамой лініі” старшыні райвыканкама І.І. Крахмальчыка з насельніцтвам Дзятлаўшчыны, якая прайшла ў канцы чэрвеня.

Пытанне: калі будзе абраны стараста вёскі Гузні Парэцкага сельсавета?
Адказ: Парэцкі сельскі выканаўчы камітэт прадаставіў інфармацыю аб тым, што рашэннем сельвыканкама ад 18 студзеня 2008 года №1-5 зацверджана Палажэнне аб старастах населеных пунктаў Парэцкага сельсавета. Згодна з пунктам 2.1 дадзенага дакумента стараста населенага пункта выбіраецца тэрмінам на 2 гады на сходзе грамадзян населенага пункта з ліку найбольш аўтарытэтных і паважаных жыхароў, якія пастаянна жывуць у гэтым населеным пункце. Прапановы па кандыдатуры старасты могуць уносіцца грамадзянамі, сельскім Саветам дэпутатаў, выканаўчым камітэтам. Сход грамадзян склікаецца згодна з артыкулам 28 Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 года № 108-3 “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” сельскім Саветам дэпутатаў, выканаўчым камітэтам. Выбары праводзяцца адкрытым галасаваннем. З правам дарадчага голасу ў сходзе могуць прымаць удзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў, арганізацый, размешчаных на тэрыторыі дадзенага населенага пункта.

За першае паўгоддзе 2013 года ў вёсцы Гузні двойчы праводзіліся сходы грамадзян з унясеннем прапановаў па кандыдатуры старасты населенага пункта, аднак, паколькі прапанаваныя насельніцтвам кандыдатуры не знайшлі поўнай падтрымкі з боку аднасяльчан, усім жыхарам вёскі былі раздадзены памяткі з нумарамі тэлефонаў сельвыканкама, усіх арганізацый, якія размешчаны на тэрыторыі сельсавета, і раённых службаў, па якіх грамадзяне могуць звяртацца для вырашэння ўзнікшых важных пытанняў.

Наконт прапанаванай кандыдатуры старасты Івана Пантэляймонавіча Даніловіча Парэцкі сельвыканкам паведамляе, што дадзены грамадзянін не мае права прымаць удзел у выбарах старасты, паколькі з’яўляецца грамадзянінам Расійскай Федэрацыі, зарэгістраваны па месцы жыхарства ў горадзе Гродна, не жыве пастаянна ў вёсцы Гузні.

У бліжэйшы час у вёсцы Гузні будзе скліканы сход грамадзян, на якім паўторна будзе ўзнята пытанне аб выбранні старасты населенага пункта.

Пытанне: у гарпасёлку Наваельня, у доме № 6 па вуліцы Снітко пустуюць кватэры. Каму яны належаць?
Адказ: вызначаныя кватэры знаходзяцца ва ўласнасці Гродзенскай вобласці і ў бязвыплатным карыстанні ААТ “Наваельнянскае міжраённае аб’яднанне па вытворча-тэхнічным забеспячэнні сельскай гаспадаркі”.

Пытанне: аб выдзяленні ўчастка для сенажу СВК “Русь-Агра” для жыхароў аграгарадка Раклевічы.
Адказ: упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання Дзятлаўскага райвыканкама пры выездзе спецыялістаў па месцы жыхарства заяўніка было ўстаноўлена, што жыхара з такімі адраснымі данымі (агучанымі ў час тэлефоннай размовы з І. І. Крахмальчыкам) у аграгарадку Раклевічы няма наогул.

У СВК “Русь-Агра”, зыходзячы з патрэбаў насельніцтва ў кармах для дамашняй жывёлы, быў выдзелены ўчастак, скошаны і падзелены. У праўленне гаспадаркі скаргі па пытанні выдзялення ўчастку для сенажу не паступалі.

Пытанне: калі будзе ўстаноўлены кандыцыянер у зале кафэ “Сосны” гарпасёлка Наваельня?
Адказ: мэтазгоднасць устаноўкі кандыцыянера ў кафэ “Сосны” была разгледжана Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэтам сумесна з кіраўніцтвам Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. У выніку, 5 ліпеня 2013 года кандыцыянер быў устаноўлены.

Пытанне: аб дапамозе ў выдзяленні пуцёўкі ў санаторый пенсіянерцы, былой работніцы Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства.
Адказ: згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 жніўня 2006 года № 52 “Аб санаторна-курортным лячэнні і аздараўленні насельніцтва” Гродзенскім аблспажыўтаварыствам пуцёўкі пенсіянерам не выдзяляюцца.

Пытанне: аб кампенсацыі шкоды па затапленні ліўневымі дажджамі зямельнага ўчастка жыхара вёскі Пацаўшчына?
Адказ: спецыялістамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, ДРБУ-119, землеўпарадкавальнай службай райвыканкама ў прысутнасці заяўніка 5 ліпеня 2013 года быў паўторна абследаваны зямельны ўчастак, на якім пасаджана бульба. Прычынай падтаплення ўчастка з пасевамі бульбы стала тое, што водаадводная труба, размешчаная насупраць участка, у час зацяжных праліўных дажджоў не справілася з вялікай колькасцю вады. У выніку лішняй вільгаці глебы 50 працэнтаў усходаў бульбы на плошчы 0,01 га загінулі. Па пытаннях кампенсацыі шкоды гаспадар можа звярнуцца ў дарожнае рамонтна-будаўнічае ўпраўленне № 119 камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства “Гроднааблдарбуд” у г. Дзятлаве.

Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/