
У той жа дзень, калі немцы падышлі да Шчары і завязаўся бой, усе жыхары Вялікай Волі з дзецьмі, жывёлай, хатнім скарбам падаліся ў Грабскі лес.
Трывожныя гэта былі дні. Акрамя пастаяннага страху дапякаў холад і голад. Была зіма. Хаця снег яшчэ не выпаў, але моцны мароз скаваў зямлю, пранізлівы вецер хістаў верхавіны аголеных дрэў, прабіраў да касцей холад. Наспех зробленыя буданы мала абаранялі ад сцюжы. Запальваць вялікія кастры было боязна. Увесь час над лесам гурчалі варожыя самалёты, выследжваючы партызан. Асабліва трудна было тым, у каго маленькія дзеці. Яны замярзалі, не было як змяніць пялёнак, накарміць, абагрэць. Плач малых, стогны хворых, мычанне галоднай жывёлы боллю сціскалі сэрцы людзей.
Велікавольцы мужна выносілі ўсе цяжкасці. Пакуль чуўся бой, у людзей жыла надзея, што гітлераўцы не прарвуцца праз Шчару, што іх не дапусцяць у партызанскі раён. Гэта надавала ім сілы.
Зрэдку іх наведвалі партызаны. Людзі акружалі іх, дапытваліся аб выніках баёў, аб намерах ворага. Навіны былі несуцяшальнымі. Акупанты рваліся ў Ліпічанскую пушчу, і стрымлізаць іх станавілася цяжэй і цяжэй.
Дванаццатага снежня ў лес дакацілася трывожная вестка: партызаны пакінулі Вялікую Волю. У вёсцы знаходзяцца фашысты.
— Што ж будзе далей? — трывожыліся велікавольцы.— У вёску зараз дарога закрыта.
Найбольш разважныя прапанавалі заставацца на месцы, чакаць, пакуль немцы не выберуцца. Не век жа яны будуць сядзець у вёсцы.
Новая вестка, якая невядома як пранікла ў лес, крута змяніла першапачатковае рашэнне. Велікавольцы дазналіся, што гітлераўцы аблавай ходзяць па лесе і хто трапляе ў іх кіпцюры, на месцы забіваюць. Можа стацца так, што немцы натрапяць на схованку велікавольцаў, і тады ўсім смерць. Тут было над чым падумаць. Сустрэча з ворагамі ў лесе не абяцала вяскоўцам нічога добрага.
Людзі думалі, як лепш паступіць: прабірацца ў вёску ці заставацца ў лесе? Невядома, як бы склаўся лёс велікавольцаў, калі б яны засталіся на месцы. Але ўсё павярнулася не так, як яны меркавалі.
Хлапчукі Чудзілоўскія нейкім чынам прабраліся ў вёску і выявілі, што немцаў там няма. Гэта было вечарам. Днём па ўсім лесе чулася моцная страляніна. Людзі не разумелі, дзе немцы і дзе партызаны. Заставацца далей у пакутлівай невядомасці было звыш чалавечых сіл. Вестка хлапчукоў Чудзілоўскіх здалася ім адзіным ратункам. Велікавольцы рашылі выкарыстаць адсутнасць немцаў і вярнуцца ў вёску. Другога выйсця ў той момант яны не бачылі. Пагрузіўшы скарб, глыбокай ноччу абоз рушыў з лесу. Перад світаннем велікавольцы прыехалі ў родную вёску.
Хлапчукі сказалі праўду. Немцаў у вёсцы не было. Спаць, акрамя дзяцей, ніхто не клаўся. Каб як-небудзь замаскіраваць сваю адсутнасць, трэба было распакаваць клункі, паставіць на месца жывёлу, навесці хоць які-небудзь парадак у хатах. 3 трывогай на сэрцы чакалі вяскоўцы наступлення дня.
Раніцай у Вялікую Волю зноў наехалі гітлераўцы. Вяскоўцам адразу кінулася ў вочы, што сярод салдат былі карнікі. Іх выдавалі чорныя шынялі з чалавечым чэрапам на рукаве. Нейкі новы, яшчэ затоены жах зноў закраўся ў сэрцы людзей. Але яны не выказвалі ўголас оваёй трывогі, наадварот, стараліся падбадзёрыць, абнадзеіць адзін другога, што ўсё абыдзецца, не трэба дарэмна хвалявацца.
Акупанты не звярталі ніякай увагі на велікавольцаў, нібыта не прыкмячалі іх. I гэта насцярожвала.
Вяскоўцы стараліся не выходзіць з хат, не трапляць на вочы салдатам. Яны чакалі, што будзе далей. Пакінуць іх фашысты ў спакоі ці стануць учыняць допыты, выяўляць партызан. Такое чаканне было пакутлівым.
У сярэдзіне дня акупанты загадалі вяскоўцам сагнаць усю жывёлу ў вызначанае месца. Калі загад быў выканан, уся жывёла была зведзена ў агульны статак, гітлераўцы назначылі дваццаць восем мужчын, якія павінны былі гнаць жывёлу ў Казлоўшчыну. У велікавольцаў некалькі адлягло на сэрцы. Вядома, жывёлы шкада, ды што зробіш. Людзі спадзяваліся, што на гэтым іх жахі скончацца, што немцы іх больш не крануць.
Прайшла яшчэ адна пакутлівая ноч. Акупанты чамусьці затрымалі адпраўку жывёлы. Гаварылі, што недзе каля Казлоўшчыны партызаны разграмілі атрад карнікаў. Магчыма, што гэта і паслужыла прычынай затрымкі.
Велікавольцы паціху сталі выходзіць на вуліцу, наведвацца да суседзяў. Гітлераўцы па-ранейшаму не звярталі на іх увагі. Знайшліся смельчакі: стары Васіль Ламака, Сымон Чудзілоўскі і іншыя, якія адважыліся пайсці да немцаў прасіць, каб тыя вярнулі ім кароў.
Жывёлу ахоўвалі чалавек трыццаць салдат. У тонкіх шынялях і кованых чаравіках яны дрыжалі ад холаду. Вайна гэтым ваякам мала прыносіла прыемнага.
Велікавольцы наблізіліся да першага трапіўшага ім салдата, словамі і жэстамі сталі выкладаць яму сваю просьбу. Немец слухаў уважліва. Ён неяк жаласна, па-чалавечаму глядзеў на змучаных людзей, і ў яго запалых ад сцюжы вачах адбіваўся смутак.
Азірнуўшыся па баках, салдат раптам загаварыў, звяртаючыся да Васіля Ламакі:
— Слухай, бацька. Я ёсць інтэрнацыянал, камуніст. Разумееш? Вашу вёску будуць страляць... Уцякайце ў лес.— Азірнуўшыся, ён яшчэ раз паўтарыў: — Уцякайце, а то будзе позна!
У людзей адразу апусціліся рукі, іх нібы апарылі варам, стала не да жывёлы. Не разбіраючы дарогі, яны паспяшаліся да сваіх хат.
— Што рабіць, як быць? — губляліся ў дагадках вяскоўцы.— Як разумець папярэджанне немца? А што, калі гэта правакацыя? Праўда, салдат быў не ў форме карніка, ды і твар яго такі, што не павінен ілгаць, асабліва вочы — сумныя, спагадлівыя. Але гэта быў вораг, і прымаць яго папярэджанне за чыстую манету было цяжка. Падвечар жывёлу пагналі ў Казлоўшчыну, а праз некаторы час акупанты зусім пакінулі вёску.
Такі манеўр фашыстаў зноў завёў людзей у тлум.
«Мабыць, салдат сказаў няпраўду. Фашыст ёсць фашыст, і верыць яму не трэба. Вяртацца зараз у лес небяспечна. Будзем сядзець у вёсцы, што будзе, тое і будзе».
Позна вечарам з суседняй вёскі Капці прыбегла дзяўчына з весткай, якая пацвярджала папярэджанне нямецкага салдата. Дзяўчына паведаміла, што ў іх доме стаяць карнікі. Вечарам яны прынеслі шнапсу і сталі піць. Гаспадыня якраз збіралася пайсці ў Вялікую Волю. Яе ўжо на парозе затрымаў салдат. Ён падазрона пачаў дапытвацца, куды жанчына сабралася ісці, можа, да партызан? Тая адказала, што хоча пайсці ў Вялікую Волю.
— Вялікую Волю? — перапытаў салдат.— Туды хадзіць нельга, яе будуць пуф-пуф, страляць, разумееш? — Дзіка зарагатаўшы, ён падаўся ў суседні пакой, адкуль несліся п'яныя выкрыкі. Жанчына (прозвішча яе так і не ўдалося ўстанавіць) пад страхам смерці выправіла сваю дачку, каб папярэдзіць велікаівольцаў аб намерах карнікаў.
У людзей пахаладзела кроў ад нядобрай весткі.
Няўжо салдат з сумнымі вачыма на самай спразе хацеў іх папярэдзіць? У трывозе, хваляваннях, страху перад невядомасцю прайшла гзтая бяссонная ноч. Займалася пахмурная раніца 16 снежня 1942 года.