Спецатрад «Наватары»



12 верасня 1943 г. у Ліпічанскую пушчу Беластоцкай вобласці была скінута на парашутах спецгрупа наркамата Дзяржбяспекі БССР. Камандзірам групы быў інжынер-капітан Уладзімір Міхайлавіч Літвінскі (псеўданім — Давыдаў), камісарам — Мікалай Міхайлавіч Масленка (Міхайловіч), радзістам — Уладзімір Усціновіч (Кучарэнка). У склад групы ўваходзілі падрыўнікі Андрэй Прышчэпаў (Шчука), Канстанцін Шадзелка (Верны) і Мікалай Лябецкі (Георгіеў).

Групе не пашанцавала: неўзабаве пасля прыбыцця групы ў Ліпічанскую пушчу тут пачалася карная аперацыя супраць партызан.

Мясцовыя партызаны былі вымушаны пайсці з гэтых месцаў. Разведчыкі аказаліся ва ўмовах акружэння з усіх бакоў густой сеткай нямецкіх гарнізонаў і сыскной дзейнасці спецслужбаў. У дадатак да ўсяго немцы зрабілі мяжу паміж былымі Баранавіцкай і Беластоцкай абласцямі.

Беластоцкую вобласць яны выдзелілі ў асобную адмі-ністрацыйную адзінку — акругу «Беласток». Дзятлаўскі раён увайшоў у склад генеральнай акругі «Беларусь». Мяжа ахоўвалася, што перашкаджала манеўрыраваць у пушчы. Але групе ўдалося замацавацца і пачаць паспяхова дзейнічаць. Паступова спецгрупа «Наватары» папоўнілася мясцовымі жыхарамі, а таксама астаўшыміся ў тыле чырвонаармейцамі і вырасла ў асобны партызанскі атрад.

На першым этапе сваей дзейнасці галоўнай мэтай групы быў збор разведвальнай інфармацыі. У Маскву перадаваліся звесткі аб перамяшчэнні на фронт нямецкіх войск, аб месцазнаходжанні і складзе варожых гарнізонаў, псіхалагічным настроі насельніцтва. Але па меры таго, як група папаўнялася людзьмі, усё большае месца пачала займаць дыверсійная дзейнасць. Давыдаў арганізаваў школу дыверсантаў, праз якую прайшло каля сарака чалавек. Дзейнічала дзесяць дыверсійных груп.

Дыверсіі на чыгунцы праводзіліся на перагонах Ваўкавыск — Жалудок, Жалудок, Ваўкавыск — Слонім, Ваўкавыск — Ліда, Ваўкавыск — Баранавічы, на другіх суседніх участках. Было праведзена 68 дыверсій. Разбіта і пашкоджана 50 паравозаў, 119 вагонаў з жывой сілай праціўніка, 30 вагонаў і платформ з баявой тэхнікай, 32 вагона з аўтамашынамі, 51 вагон з боепрыпасамі, дзесяткі вагонаў з харчаваннем, вуглём, мукой і іншымі грузамі, 14 цыстэрн з палівам, 8 дапаможных цягнікоў. Акрамя гэтага партызанамі атрада быў узарваны мост, знішчаны 8 аўтамашын, бронемашына, узарваны лесазавод у мястэчку Дзятлава. Было забіта каля 470 і паранена 680 нямецкіх салдат і афіцэраў.

Паспяховасць аперацый атрада шмат залежала ад умелых дзеянняў яго камандавання. За час баявых дзеянняў капітан Давыдаў паказаў сябе патрабавальным і строгім камандзірам як да сябе, так і да сваіх падначаленых. Начальнік штаба партызанскага злучэння Беластоцкай вобласці генерал-маёр Ф. Ф. Капуста пісаў: «Личный состав отряда т. Литвинского отличался высокой организованностью и дисциплиной. Как истинный патриот он сам неоднократно участвовал в подрыве вражеских эшелонов и руководил боевыми операциями отряда, показав при этом образцы личной храбрости в непосредственных боях с противником. Смелый, инициативный командир».

Як вынік — за дзесяць месяцаў атрад «Наватары» згубіў забітымі толькі чатырох чалавек. На момант злучэння з часцямі Чырвонай Арміі 12 ліпеня 1944 г. ён налічваў 126 чалавек.

Падрыхтаваў Ф. Красюк