Рэха вайны



Ці даводзілася вам калі назіраць, як лепіць гняздо ластаўка? Колькі старання, колькі настойлівасці ўкладвае яна ў сваю цяжкую працу! Урэшце гняздо гатова. Раптам свавольная дзіцячая рука бязлітасна разбурае земляны мяшочак. Птушка трывожыцца, крычыць, імкліва носіцца над сваім ворагам. Здаецца, што яна больш ніколі не вернецца на старое месца.

Але не. Варта схавацца хлапчуку, як пакрыўджаная ластаўка зноў пачынае будаваць гняздо. Паспрабуйце разбурыць яго ў другі, трэці, пяты раз. Яна з ранейшай настойлівасцю будзе працягваць ляпіць сваё жыллё. Ластаўка ніколі не пакіне аблюбаванага месца, нават калі гэта пагражае небяспекай.

Так было і з велікавольцамі. Іх расстралялі, спалілі вёску раз, потым другі, і ўсё ж той, хто заставаўся ў жывых, зноў вяртаўся ў Вялікую Волю і пачынаў жыццё.

Жыццё! Гэта не толькі існаванне. Жыццё — гэта барацьба, барацьба за лепшае, барацьба за шчасце сваіх дзяцей, унукаў, праўнукаў.

Аднавілася, вырасла Вялікая Воля за пасляваенныя гады. Тут пабудавана многа прыгожых дамоў, лепшым стала само жыццё сучасных велікавольцаў. Некалькі ўлягліся ў сэрцах жахі вайны. ! ўсё ж след вайны яшчэ застаўся.

Бывала, Вялікая Воля сатрасалася ад вясёлых, жыццярадасных галасоў моладзі. Веснавымі вечарамі з чаромхавых берагоў Шчары несліся чароўныя гукі песень, прыпевак, пералівы галасістага гармоніка... Нічога гэтага няма зараз. Непрывычная цішыня стаіць над Шчарай. Днём здаецца, што вёска жыве паўнакроўным жыццём. Яе ажыўляюць бесклапотныя, радасныя галасы дзяцей, а прыйдзе вечар, і сумная цішыня — след вайны — павісае над Вялікай Воляй. Няма моладзі, няма каму веся-ліцца, спяваць песні, назначаць спатканні...

Самаму старэйшаму велікавольцу — Міхаілу Шалеснаму — зараз дваццаць адзін год. 3 моладзі старэй за яго нікога няма. У Міхаіла нават няма равеснікаў. Ён адзін. У вёсцы не знойдзецца чалавека трыццаці — сарака год. Паміж узростам Івана Павачкі і Міхаіла Шалеснага каля пяцідзесяці гадоў.

Але загоіцца і гэтая рана вайны. Міне яшчэ тры-чатыры гады, падрасце моладзь, і зноў паплывуць над Шчарай вясёлыя песні. Будуць тут і танцы, і вяселлі... Жыццё мацней за смерць.

Пастарэў, асунуўся Іван Павачка. Але ён не можа сядзець без работы. Калі не ідзе на работу ў калгас, то робіць што-небудзь на сваім двары. Надумаўся стары адрамантаваць агарожу. Выцягнуў з закутка яшчэ нямецкую рыдлёўку і прыняўся капаць ямку пад новы слуп. Выкінуўшы нямнога зямлі, Іван Осіпавіч адчуў, як рыдлёўка стукнула аб нешта металічнае. Ён паспрабаваў пастукаць яшчэ—гук паўтарыўся. Стары рукамі выграб зямлю і ўбачыў на дне ямы снарады. Іх было многа.

Заляпаныя зямлёй і ржаўчынай, яны грозна тапырыліся меднымі лычамі з неглыбокай ямы, гатовыя ў любую мінуту ўзняць у паветра, хто асмеліцца іх крануць.

«Адкуль тут яны?» — задумаўся стары. А потым успомніў. На гэтым месцы ў 1943 годзе стаяла нямецкая батарэя. Адсюль фашысцкія гарматы цэлы дзень білі па Ліпічанскай пушчы.

«Але як здарылася, што яны пакінулі снарады?»
Іван Осіпавіч асцярожна накрыў яму галінкамі, а сам пакрочыў у сельсавет.

Прыбыўшыя з Гродна мінёры выцягнулі з зямлі сотні мін і снарадаў, якія праляжалі на гародзе Павачкі каля дваццаці год. Моцны выбух скалануў Вялікую Волю. Гэта было яшчэ адно рэха вайны.