
3 поўначы дзьмуў сцюдзёны вецер. У небе цяжка сунуліся, напаўзаючы адна на другую, шэрыя хмары. Здавалася, што на змёрзлую зямлю вось-вось сыпне снег. Ад парывістага ветру непрыемна рыпелі аканіцы, неяк журботна шумелі кашлатыя сосны. Над царквой немаведама чаго надсадна крычалі вароны. Цёмнай сеткай яны ўзнімаліся ўгару, кружылі над вёскай і, штурхаючы адна другую, зноў усаджваліся на драўляны падгнілы крьіж царквы.
У гэтую раніцу на вуліцы не было звычайнага ажыўлення. Не мычалі каровы, не рыпелі калодзежныя журавы, над комінамі не віўся сіні дымок. Мёртвая цішыня апанавала Вялікую Волю.
Вяскоўцы сышліся ў хату Івана Павачкі. Папярэджанне немца, прынесеная вестка з Капцей не выходзілі ў іх з галавы. «Як быць, што рабіць?»—напэўна, соты раз дапытваліся самі ў сябе велікавольцы і не знаходзілі адказу. Думкі вяскоўцаў падзяліліся. Адны прапанавалі заставацца ў вёсцы, чакаць, што будзе, другія настойвалі — пакуль няма ў вёсцы немцаў, кідаць усё і ісці ў лес. Паўтарылася тая ж гісторыя, што тады ў лесе. Кожны стараўся даць разумную параду. I ніхто не ведаў толкам, што прадпрыняць у гэтую крытычную часіну.
Апошнім было слова Васіля Ламакі, старэйшага і паважанага чалавека ў Вялікай Волі. Ён сядзеў ля прыпечка і смактаў тоўстую самакрутку. Дасюль Васіль маўчаў, слухаў, што гаварылі другія. Але ўнутры старога таксама ішла барацьба, як лепш паступіць. Можна было пагадзіцца і з тымі, і з тымі. I ўсё ж нейкае пачуццё падказвала яму: трэба ўцякаць, уцякаць у лес, нават калі гэта звязана з вялікай небяспекай. Тут патрэбна рызыка.
— Вось што,— падняўся ён з месца,— раздумваць і спрачацца тут няма чаго. Чуе маё сэрца, што немцы задумалі штосьці нядобрае. Пакуль не позна, разыходзьцеся па хатах і без лішняй валакіты ўнепрыкметку падавайцеся ў лес. Перачакаем там некалькі дзён, а потым будзем бачыць, што рабіць... Гэта мой апошні сказ. Калі згодны са мной, то праз гадзіну каб у вёсцы не было ніводнай душы.
Тады, калі ўсё было вырашана, калі ўсе згадзіліся на тым, што трэба ўцякаць у лес, і вяскоўцы сталі разыходзіцца, Марыя Ламака зірнула на Шчару і абамлела... Зялёным частаколам вёску акружылі гітлераўцы. Жах паласнуў па сэрцах людзей, яны адчулі, што цяпер справа дабром не скончыцца. Разгубленыя, перапалоханыя, яны паспяшаліся да сваіх сем'яў: паміраць, дык разам.
Нібыта зграя галодных сабак, накінуліся фашысты на вёску. Яны ўрываліся ў хаты і выкідвалі людзей на вуліцу. Спачатку карнікі дазвалялі браць вяскоўцам такія-сякія пажыткі, але, упэўніўшыся, што гэта замаруджвае час, забаранілі. Жанчыны, наспех апрануўшы дзяцей, каб пазбегнуць удараў, самі выходзілі на двор. Адсюль іх пад канвоем зганялі на плошчу да царквы. Наўкола чулася адрывістая мова чужынцаў, яна перамешвалася з жаласным плачам дзяцей.
Карнікі не пакідалі ў доме ніводнай душы, хапалі з калысак грудных дзяцей і выкідвалі на вуліцу, калі маці не ўспявалі падхапіць іх на рукі. Двуногія звяры звалаклі з печы 109-гадовую Ганулю Чудзілоўскую, тую самую, што ў пачатку вайны з малітвай праводзіла пагранічнікаў. У старой неставала сіл ісці самой. Карнікі прымусілі Ігната Ламаку і Пятра Шалеснага нясці яе на руках. Канстанцін Пузач быў вельмі хворы, яму можа заставалася некалькі гадзін да смерці, але і яго не пакінулі ў пакоі, сцягнулі з перадсмяротнага ложка. Амаль нежывога бацьку на смерць неслі яго дзеці. Марыя Чудзілоўская хацела непрыкметна пакінуць у калысцы сваё дзіцё. Матчыну хітрасць убачылі салдаты. Град удараў абрушыўся на бедную жанчыну. Шасцігадовы хлопчык Яніны Дарашкевіч, згледзеўшы салдат з чэрапам на рукаве, кінуўся хавацца пад ложак. Раз'юшаны фашыст ухапіў яго за кволенькую ручку і тузануў да сябе.
— Ой, балюча! — не сваім голасам заенчыў малы і страціў прытомнасць,,. Карнік выламаў дзіцяці ручку.
Дзеці, як і дарослыя, сэрцам чулі бяду. Яны не плакалі, усе пакуты пераносілі моўчкі. Скардзіцца ім не было каму. Іх бацькі былі бяссільнымі, каб абараніць дзяцей.
Царкоўная плошча ўвачавідкі запаўнялася велікавольцамі. Змучаныя бяссоннымі начамі, знясіленыя, яны трымаліся за сваіх дзяцей як за адзіную ўцеху. Вяскоўцы ведалі, што для іх гэта апошнія гадзіны жыцця. Людзі маўчалі, а маўклівасць звычайна наступае ў самыя трудныя мінуты.
Дзіўна, але чалавек ніколі не траціць надзеі на выратаванне. Нават цяпер, калі ў велікавольцаў не засталося ніякага сумнення, што іх сагналі на верную смерць, яны ў думках спадзяваліся на нейкі цуд, які іх выратуе. У смерць яны не верылі і не хацелі верыць.
Першым такім цудам для іх здалася царква. Тое, што вяскоўцаў сагналі да царквы, а не яшчэ куды, усяліла ў іх нейкую надзею. «Яны ж вераць у бога, нават на спражках іх рэмняў напісана: «3 намі бог». Няўжо яны возьмуць такі цяжкі грэх на свае душы, як забойства дзяцей? У іх таксама ж ёсць маці»,— разважалі велікавольцы. Многія жанчыны падалі на калені і маліліся на чорны крыж царквы. I толькі тады, калі адзін з карнікаў ускінуў аўтамат і даў доўгую чаргу па крыжу, на якім угняздзіліся напыжаныя ад холаду вароны, людзі зразумелі, што царква іх не выратуе. Для забойцаў не існуе нічога святога.
Страціўшы надзею на жыццё, велікавольцы развітваліся адзін з другім. Ніхто не плакаў. Людзі нібыта дамовіліся не паказваць забойцам сваіх слёз.
Ігнат Стырнік, якога толькі што прыгналі на плошчу, паведаміў вяскоўцам, што карнікі злавілі Андрэя Шалеснага, Аляксандра Рэгіновіча, Вікенція Пузача, пятнаццацігадовых падросткаў Маціеўскага і Урбановіча, якія хаваліся ў хмызняку за Вялікай Воляй. Пасля цяжкіх катаванняў іх расстралялі. Аб чым дапытваліся ў іх гітлераўцы,— было невядома.
Вестка аб смерці пяці вяскоўцаў крывавай ранай лягла на сэрцы людзей. Яны разумелі, што гэта толькі пачатак, што смерць чакае і іх, тым не менш не заставаліся абыякавымі да чалавечага гора.
Да дванаццаці гадзін дня ўсе велікавольцы былі сагнаны да царквы. Выставіўшы моцную ахову, карнікі занялі апусцелую хату Івана Павачкі, якая стаяла побач з царквой, запалілі печку і грэліся. Яны не ведалі, што далей рабіць з людзьмі, і чакалі загаду.
Вяскоўцам не дазвалялася ступіць і кроку ўбок. Хто асмельваўся выйсці з натоўпу, карнікі прыкладамі зноў заганялі на месца. Яны да паўсмерці збілі Міхаіла Ламаку толькі за тое, што ён памкнуўся адвесці ўбок па патрэбе свайго сямігадовага хлопчыка.
Сярод велікавольцаў выпадкова аказаліся дзве дзяўчыны з іншых вёсак — Ніна Трагневіч з Пяроніма і Алена Ступчык з Гуты. Вяскоўцы прасілі салдат адпусціць дзяўчат. Але дзе там! Карнікі нават і слухаць не сталі. Яны не хацелі пакідаць сведак сваіх крывавых злачынстваў.
Людзі закачанелі ад холаду. Дзеці ўжо не маглі плакаць уголас, а паціху стагналі на руках бацькоў.
Нарэшце пачуўся гул матораў. У Вялікую Волю ўязджалі дзесяць грузавікоў, поўных карнікаў.
Велікавольцы з жахам глядзелі на чорныя грузавікі, на якіх, нібы пугалы, шчыльна прытуліўшыся адзін да аднаго, сядзелі салдаты ў глыбока насунутых касках.
Уз'ехаўшы на пагорак, грузавікі спыніліся каля хаты Павачкі. Нібы груганы, з іх пачалі саскакваць на гулкую прамёрзлую зямлю карнікі. Яны размахвалі рукамі, прысядалі, штурхалі адзін другога, спрабуючы сагрэцца. Людзі глядзелі на іх, як на звяроў, якія вось-вось накінуцца на натоўп і пачнуць смактаць кроў.
Некаторыя ўбачылі, што з кабіны аднаго грузавіка выйшаў Валерый Жылінскі. Ён быў у форме нямецкага афіцэра.
— Няўжо Валерый? — схамянуліся велікавольцы. I зноў з'явілася нейкая надзея на выратаванне. Яны рашылі прасіць Жылінскага заступіцца за іх, абараніць. Вяскоўцы спадзяваліся, што Валерый падыдзе да іх, пацікавіцца, чаму яны аказаліся на плошчы з малымі дзецьмі. Але здраднік больш не паказваўся.
— Відаць, памыліліся,— шкадавалі велікавольцы, маючы на ўвазе Жылінскага.
Калі б чалавек мог ведаць наперад, што з ім станецца. Навошта велікавольцам было выходзіць з лесу? Хай бы яны там прынялі смерць. А мажліва, што нічога б гэтага і не было. А так здарылася непапраўнае, і вінаваціць, акрамя ворагаў, не было каго.
Тоўсты афіцэр у цёплым скураным паліто з вітымі сярэбранымі пагонамі падаў гучную каманду. Карнікі рынуліся ў натоўп і, пускаючы ў ход прыклады, пачалі выстройваць людзей у адну калону.