Помнік над Шчарай



Адмяцеліла крывавая завіруха. У цяжкім змаганні савецкі народ атрымаў перамогу над гітлераўскай Германіяй, знішчыў ненавісны фашызм. Дваццаць гадоў мінула з тае пары, калі прагрымелі апошнія залпы. На твары зямлі разраўняліся маршчыны вайны.

Зруйнаваліся траншэі і бліндажы, верасамі і багуннікам зараслі партызанскія зямлянкі, зніклі папялішчы, на месцах былых баёў квітнеюць маладыя сады.

Чытача, напэўна, цікавіць пасляваенны лёс герояў аповесці.

Былы партызанскі камбрыг Павел Іванавіч Булак жыве ў вёсцы Дзярэчын Зельвенскага раёна. Да нядаўняга часу загадваў млынам. Зараз ён на пенсіі. Адразу неяк не верыцца — баявы камбрыг і раптам — загадчык млына. Але гэта так. Стаць камбрыгам Паўла Іванавіча прымусіла вайна. У мірныя ж дні ён звычайны савецкі чалавек. I толькі тады, калі Павел Іванавіч апране святочны касцюм, на лацкане якога ззяюць два ордэны Леніна, ордэн Айчыннай вайны і пяць медаляў, можна меркаваць аб яго баявых справах.

Васіль Іванавіч Пішчулін і зараз не пакідае сваёй любімай прафесіі. Ён працуе інжынерам у Дзятлаўскім аб'яднанні «Сельгастэхніка», рамантуе трактары, камбайны, сеялкі. Як і ў дні вайны, ён бясстомны рацыяналізатар, уносіць у сваю працу ўсё новае, перадавое. Камуніст Васіль Пішчулін з'яўляецца перадавіком вытворчасці. Яго партрэт красуецца на раённай Дошцы гонару.

Па сённяшні дзень працуюць у родным калгасе «Перамога» «васкрэсшыя» з мёртвых. 3 трынаццаці іх засталося ў жывых трое. Аб Іване Осіпавічу Павачка ўжо гаварылася. Дадам толькі, што у 1965 годзе ён узнагароджан медалем «За адвагу».

Адным з лепшых працаўнікоў у арцелі лічыцца Аляксей Віктаравіч Ламака. Калі яго расстрэльвалі, яму было дзесяць гадоў, а зараз — трыццаць шэсць. У яго гадуецца дачка. Барыс Барысавіч Стырнік працуе конюхам.

Маці-Радзіма не забыла подзвігу велікавольцаў. У цэнтры вёскі над самай Шчарай узвышаецца помнік загінуўшым. Трохметровая фігура смуткуючай маці з сынам-сувораўцам схілілі свае галовы ў глыбокай жалобе. У ціхае надвор'е да помніка даносіцца пляск Шчары, развесістыя бярозы шапацяць лісточкамі, птушкі спяваюць над ім свае песні...

Калі табе, дарагі чытач, трапіць быць у Ліпічанскай пушчы, абавязкова наведайся ў Вялікую Волю, пакланіся помніку. Памятай, што тут пахаваны людзі, якія змагаліся за тваё і маё шчасце, за шчасце ўсіх людзей на зямлі.