
— Мікалай Іванавіч, як ацэніце дзейнасць вашай федэрацыі ў мінулым годзе?
— Вы назвалі 21 турнір, якія галоўныя з іх?
— Вядома, асабістыя і камандныя чэмпіянаты раёна па шахматах і шашках. У іх стараюцца выступіць усе мацнейшыя спартсмены. Чэмпіёнскае званне — гэта спартыўная вяршыня. Цікавыя для нас і матчавыя сустрэчы з прадстаўнікамі іншых раёнаў вобласці, краіны. Летась мы ездзілі на камандныя спаборніцтвы ў Ліду. Да нас летась прыязджалі шахматысты з Ваўкавыска, шахматысты і шашысты са Слоніма. Некалькі гадоў таму ў Дзятлаве гасцілі стаўбчане (Мінская вобласць). На жаль, магчымасці для такіх сустрэч у нас вельмі абмежаваныя, спадзяюся, пакуль абмежаваныя.
— I ўсёж, вы пашыраеце поле дзейнасці федэрацыі. Апошнім часам, ведаю, актыўна ўзяліся прапагандаваць шахматы ішашкі ў асяродку падлеткаў. Шукаеце таленты?
— Упэўнены, таленты ў раёне ёсць. 3 іх могуць вырасці — пры адпаведнай рабоце — і кандыдаты, і майстры спорту. На цяперашнім этапе дзейнасці федэрацыі мы стараемся як мага больш людзей зацікавіць шахматамі і шашкамі, далучыць іх да рэгулярнай трэніровачнай работы, турнірнай практыкі. Гэта актыўна спрыяе росту спартыўнага майстэрства. Ды і проста трэніруе работу мозга, дысцыплінуе разумовую дзейнасць, развівае логіку мыслення. Гульня ў шахматы і шашкі карысная для людзей любога ўзросту, а найбольш — для дзяцей.
— І якімі вынікаміўжо можаце пахваліцца?
— Актыўны ўдзельнік нашай федэрацыі Аляксей Гульнік распачаў работу шахматнага гуртка пры Дзятлаўскім доме дзіцячай творчасці. Летась шэсць яго выхаванцаў выканалі нарматыў чацвёртага спартыўнага разраду. А сёлета двое з іх — Максім Камароў і Вераніка Чыгір — яшчэ падраслі: яны ўжо ўладальнікі трэцяга дарослага разраду. Пазалетась каманда нашага раёна заняла перадапошняе чатырнаццатае месца ў абласных дзіцячым першынстве па шахматах, а летась мы фінішавалі сёмыя сярод пятнаццаці каманд-удзельніц.
— Тое, што вы назвалі — вяршкі дзіцячага шахматнага спорту. А што ў яго нізах, у аснове?
— Гурток Аляксея Гульніка (ён ужо ёсць) і вялікі абсяг прапагандысцкай, арганізацыйнай работы (яе мы разгортваем). Плануем аднавіць дзіцячыя турніры на прызы клубаў "Белая ладдзя" і "Цуд-шашкі". На жаль, шашкі і шахматы выключаны як дысцыпліны з круглагадовай школьнай спартакіяды. Яны і раней не былі абавязковаю дысцыплінаю, але адміністрацыі школаў маглі практыкаваць іх па ўласным выбары. Праўда, там дзе ёсць энтузіясты, шахматна-шашачнае жыццё цепліцца. Да прыкладу, у Казлоўшчыне заняткі шашачнага гуртка для дзяцей праводзіць Іван Станіслававіч Максімчык. I мы, федэрацыя, прапануем адміністрацыі аддзела адукацыі ўключыць шахматна-шашачны турнір у праграму раённага святкавання Дня абароны дзяцей 1-га чэрвеня.
— Для дзятлаўскіх дзяцей і падлеткаў ужо ёсць шахматны гурток, для казлоўшчынскіх — шашачны. А што ё'сць ціможа быць для вучняў вясковых, пасялковых школаў у Наваельні, у Гезгалах?
— Дзятлаўскі гурток могуць наведваць усе жадаючыя. Ён раённы. Мы актыўна клічам наведваць. Але для вясковых дзяцей непераадольнаю праблемаю з'яўляецца транспартная. Яны нават на спаборніцтвы не заўсёды могуць даехаць, не кажучы пра трэніроўкі. Да прыкладу, у дзіцячым асабістым чэмпіянаце раёна па шахматах летась (завяршыўся 29-га лістапада) удзельнічалі толькі дзятлаўчане. Хоць таленавітыя юныя шахматысты ёсць у Гезгалах, у Хвінявічах, іх нават вазілі на абласныя спаборніцтвы.
— Значыць, трэба неяк наладжваць работу гурткоў па месцы вучобы ці жыхарства дзяцей.
— Тут не скажаш, што нічога не робіцца. Праводзіцца нават асабіста-каманднае першынство раёна па шахматах і шашках у рамках спартакіяды сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства. Сёлета ў шахматным турніры гэтай спартакіяды ўдзельнічалі восем школьных каманд. I камандную перамогу аспрэчвалі не дзятлаўчане, а юныя шахматысты Гезгалаўскай гімназіі і Хвінявіцкай школы. Акрамя таго, асабістае першынство сярод дзяўчынак выйграла без адзінага паражэння гезгалаўская гімназістка Аксана Вянско. Прызёрамі ў асабістым першынстве хлопцаў сталі хвінявіцкія школьнікі Арцём Паўлюкевіч і Андрэй Пазняк.
У леташнім красавіку адбыўся і шашачны раённы дзіцячы турнір. У ліку яго прызёраў, акрамя двух дзятлаўчан, прадстаўнік Казлоўшчыны Мікалай Малахоўскі.
I гэтак атрымліваецца, што ёсць спартакіяда, ёсць яе выніковыя турніры, а сістэмнай трэніровачнай падрыхтоўкі ўдзельнікаў да турніраў няма. Клікнулі тых, хто самавукам хоць як навучыліся перастаўляць фігуркі на клеткавых палях, і прывезлі на спаборніцтвы. Турнір правялі і забыліся пра юных шахматыстаў, шашыстаў на год, да наступнага аналагічнага турніру. Калі няма рэгулярнай трэніровачнай работы, не арганізавана належная тэарэтычная падрыхтоўка, не будзе і росту ўзроўню гульні. Бачыце, запрацаваў у Дзятлаве шахматны гурток і праз год дзіцячая каманда раёна перамясцілася з 14-га на 7-ае месца ў вобласці.
Мы, федэрацыя, акажам любую метадычную дапамогу, калі хто ў пасялковай, сельскай школе, у Доме культуры, яшчэ дзе возьмецца за арганізацыю гуртка. Для гэтага патрэбны мінімальныя матэрыяльныя выдаткі — невялікае памяшканне і шахматныя, шашачныя фігуркі. Дарэчы, шахматна-шашачны гурток, магчыма, з'явіцца сёлета ў Гезгалах. I мы вельмі зацікаўлены, каб шахматна-шашачны інвентар з'явіўся ў школьных групах падоўжанага дня, у старэйшых групах дзіцячых садкоў. Трывалы інтарэс да шахмат, шашак пачынаецца менавіта з дзетсадаўската дзяцінства.
— Вы мімаходзь узгадалі Дамы культуры. А я падумаў, там маглі б займацца шашкамі-шахматамі не толькі дзеці...
— Вядома. Мы на зыходзе мінулага года прапанавалі адміністрацыі раённага аддзела культуры сумеснымі намаганнямі наладзіць першынство ўстановаў культуры раёна з удзелам не толькі работнікаў гэтых установаў. Знайшлі паразуменне, разгарнулі арганізацыйную падрыхтоўку, аддзел культуры купіў спартыўны інвентар. Але спаборніцтвы летась не адбыліся, арганізацыйна не дапрацавалі. Сёлета зробім другую спробу ажыццявіць задуманае.
— Дарэчы, работнікі Дамоў культуры маглі б прапанаваць шахматна-шашачныя турніры ў праграму святаў вёсак, разнастаіць іх канцэртна-падарункавы сцэнарый спартыўным зместам. Для шахматна-шашачных спаборніцтваў прыдатны любы ўзрост — за клеткавымі дошкамі маглі б спаборнічаць нават дзядулі-бабулі з унукамі-ўнучкамі. Гэта цікава, карысна — гэта яднае пакаленні.
— Поўнасцю згодны. Наша федэрацыя, дарэчы, актывізуе работу не толькі ў дзіцячым, падлеткавым асяродку. Сёлета павінны адбыцца шашачныя і шахматныя турніры раённага таварыства інвалідаў. Нашу арганізацыйную ідэю актыўна падтрымала старшыня таварыства Валянціна Юльянаўна Берднікава. Запланаваны спаборніцтвы ў Гезгалах, Казлоўшчыне, Наваельні, Дзятлаве. Магчыма, яны яшчэ дзе-небудзь адбудуцца. Думаю, людзям будзе цікава і спаборнічаць, і проста часцей сустракацца, размаўляць, не заставацца ў адзіноце. Зрабілі мы гэткую ж прапанову і старшыні раённай арганізацыі ветэранаў Леаніду Юльянавічу Кашко, спадзяёмся на станоўчы водклік.
— Мяркуючы са зробленага летась, з планаў на сёлета, з вашай актыўнасці можна зрабіць выснову, што раённая Федэрацыя шахмат і шашак выходзіць на новы ўзровень. Дарэчы, ваша, Мікалай Іванавіч, федэрацыя — адзіная ў раёне грамадская спартыўная арганізацыя, якая рэальна працуе і падае прыклад актыўнага гуртавання прадстаўнікам іншых відаў фізкультуры і спорту. Малайцы, шахматысты і шашысты!
— Дзякую. Нам прыемна, што нашу работу заўважаюць. I яшчэ дзякую за інфармацыйную дапамогу нам.
Б. Варна, "Перамога", №9