
Пераможцам апошняга з праграмы раённай федэрацыі шахмат і шашак на 2009 год шахматнага бліц-турніру стаў Андрэй Лявончык.
Лідарства са старту захапіў Віктар Урбановіч. У калектыўную пагоню за ім кінулася група прэтэндэнтаў на перамогу.
За тры туры да фінішу напалову ўдалася першая спроба дагнаць фаварыта: Андрэй Лявончык, хоць і не перамог лідара, але змусіў таго падзяліцца ачкамі — нічыя між сапернікамі.
Поспехам завяршылася другая спроба — Яўген Кананкоў у апошнім туры нанёс такі паражэнне фаварыту.
Змагацца было за што: фінішны спурт Я. Кананкова дазволіў яму ўварвацца ў тройку прызёраў. I ... амаль падараваць перамогу ў турніры А. Лявончыку. Пры роўнай колькасці набраных ачкоў у Лявончыка і Урбановіча больш высокі персанальны каэфіцыент аказаўся ў Андрэя, ён вывеў А. Лявончыка на першае месца. На другім — Віктар Урбановіч. На трэцім — Яўген Кананкоў.
Навінкаю для гэтага турніру ста-ла запрашэнне да ўдзелу ў ім чатырох найбольш паспяховых сёлета юных спартсменаў з шахматнага гуртка Аляксея Гульніка (Дзятлаўскі дом дзіцячай творчасці). Дэбютантам давялося нялёгка, але ў асобных найбольш удалых партыях юныя Ілля Латушка і Максім Камароў годна супрацьстаялі старэйшым шахматыстам. У любым выпадку ўдзел у дарослым турніры стаў для іх някепскаю школаю гульні ў хуткія шахматы.
М. ВЕНСЛАВОЎСКІ, галоўны суддзя турніру. "Перамога", №100
_____________________________________________________________________________________________________
