Паядынак



Нельга ўстрымацца, каб не расказаць аб незвычайнай гісторыі партызанскага танка Т-34, аб тым цяжкім паядынку, які давялося вытрымаць яму на другі дзень свайго нараджэння.

Велікавольцы, якія засталіся ў жывых, расказваюць не столькі аб трагедыі вяскоўцаў, колькі захапляюцца адвагай і мужнасцю народных мсціўцаў. I гэта зразумела. Успаміны цяжкія, і людзі з неахвотай расказваюць аб смерці сваіх родных і блізкіх. Ім прыемней гаварыць пра геройскія справы партызан. Са слоў велікавольцаў, і не толькі іх, а і жыхароў іншых вёсак, нараджалася захапляючая легенда. I цяжка было зразумець, дзе ў ёй праўда, а дзе фантазія народа.

Яны з захапленнем расказвалі, як Пішчулін украў у немцаў матор для партызанскага танка. Калі не хапала якой часткі, ён рабіў яе з дрэва. Нібыта фашысты некалькі разоў запальвалі танк, але полымя яго не брала, што ў танку замест адной былі дзве гарматы і г. д.

Доўга ворагі нічога не маглі зрабіць геройскаму танку. Тады яны пайшлі на яго «фронтам», накіроўвалі самалёты, білі з шасціствольных мінамётаў. Але танк не спалохаўся варожай сілы. Два дні трымаў ён «фронт» немцаў, разбіў іх мінамёты і знішчыў палавіну салдат. Адна гармата танка біла па самалётах, другая — па пяхоце. Пішчуліна, які знаходзіўся ў сваім танку, не бралі ні кулі, ні снарады, а бомбы ніяк не маглі трапіць у машыну. Але фашыстаў было многа, і яны лезлі і лезлі на партызанскі танк. Калі ворагі ўрэшце наблізіліся да машыны, яна ўзарвалася. Выбух выкінуў Пішчуліна з танка, фашысты партызана не заўважылі, і ён застаўся жывы. Вось прыкладна такі змест пагалосак жыхароў Ліпічанскай пушчы аб Пішчуліне і яго танку.

Пры сустрэчы з Васілём Іванавічам цікава было высветліць, наколькі верагодныя расказы аб яго танку, якія да гэтага часу жывуць у народзе.

— Усё гэта, вядома, у некалькі разоў пераўвялічана,— адказаў, крыху падумаўшы, Васіль Іванавіч.— Але тое-сёе праўда.

...Непадалёку ад Дваркоў стаяў падбіты ў пачатку вайны Т-34. Танк доўгі час прыцягваў да сябе ўвагу Пішчуліна і Валетава. Яны некалькі разоў аглядвалі машыну і кожны раз вымушаны былі адказвацца ад сваёй задумы. Рамонт «трыццацічацвёркі» ў іх умовах здаваўся непасільным. Але спакуса была настолькі моцнай, што партызанскія майстры не змаглі ёй процістаяць. Калі ж разведчыкі паведамілі, што каля Галынкі стаіць другі танк, яны не стрымаліся. 3 двух танкаў можна паспрабаваць зрабіць адзін. Праўда, у Галынцы стаіць моцны гарнізон і адкрыта да машыны не дабярэшся, але партызаны прывыклі працаваць ноччу.

Магчымасць атрымаць магутны танк зацікавіла Булака. Ён вырашыў дапамагчы сваім умельцам. Для большай бяспекі выдзеліў у распараджэнне Пішчуліна групу партызан. Бо працаваць майстрам прадстаяла пад самым носам у немцаў і паліцэйскіх, Прыхапіўшы гаечныя ключы, адвёрткі, малаткі і другі струмант, партызаны адправіліся ў Галынку.

Кароткая красавіцкая ноч. Не паспеюць партызаны па-сапраўднаму ўзяцца за справу, як пачынае віднець. Прыходзіцца збіраць ключы і адлежвацца ў лесе, чакаючы наступнай ночы. Працаваць трэба было асцярожна, без лішняга шуму. Каб не лязгаць, гаечныя ключы абгортвалі анучкамі. Ноччу фашысты гарланяць песні, а партызаны ў іх пад бокам знімаюць з танка матор. Хлопцы настолькі асмялелі, што пачалі нават курыць.

Мінула пяць начэй напружанай працы. Матор і другія неабходныя часткі былі вызвалены ад мацаванняў. На шостую ноч, калі па разліках партызан немцаў і паліцаяў зваліў сон, да танка асцярожна пад'ехала павозка, упрэжаная ў пару моцных коней. Пачалі грузіць матор. Працавалі моўчкі, асцярожна. У любую мінуту з Галынкі маглі наляцець немцы, тады партызанам нездабраваць. Пры дапамозе драўляных рычагоў матор удалося пагрузіць на павозку.

Кругом стаяла цішыня. Веснавая ноч палыхала цяплом, пахам ажыўшай зямлі. Цурчалі нябачныя ручайкі. Галынка маўчала.

Замятаючы сляды, партызаны адправіліся са сваёй дабычай у дарогу. Дужыя коні лёгка кранулі з месца цяжкую павозку.

Група падзялілася. Некалькі чалавек падаліся наперад, астатнія крочылі ззаду. У выпадку неабходнасці яны павінны агнём прыкрываць павозку з каштоўным грузам. Пішчулін з Валетавым не адлучаліся ад матора.

Ужо ад'ехалі кіламетры тры, як пачулася частая страляніна.
— Што там такое? — устрывожыліся ездавыя.

Ці хто выдаў, ці акупанты самі