
Да выпускнога вечара заставалася некалькі дзён. Міша чакаў яго з нецярпеннем: у шафе вісеў напрасаваны новы, светлы касцюм, прыгожая кашуля, падабраны да яе гальштук. Хлопцу так хацелася апрануць усе гэтыя абноўкі, якія купіла яму на рынку бабуля. Карцела яшчэ раз прымераць, палюбавацца ўбраннем перад люстэркам. Так і зрабіў.
За ўнукам, каб не рассакрэціць сябе, тайна назірала бабуля Ліда. Светлы касцюм надаваў яму больш сталасці, прывабную постаць, вельмі гарманіраваў з яго русымі валасамі. Змахнуўшы са шчакі слёзы радасці, яна ціхенька адхілілася з праёму дзвярэй і міжволі падумала: "Здаецца, толькі нядаўна прывезлі з роддому, а ўжо за плячамі засталіся маленства, якое правёў у дзіцячым садку (тут, дарэчы працавала і бабуля), першы раз — у першы клас. Вырас незаўважна. I сёння ён выпускнік-дзевяцікласнік".
Яна ў чарговы раз непрыкметна глянула на Мішу, які красаваўся перад люстэркам і махнула рукой: "Няхай. Заўтра сам сябе бачыць не будзе. На яго з павагай будуць глядзець настаўнікі, аднакласнікі. Яно і зразумела. Міша на выдатна закончыў 9 класаў". Чэрвеньскі надвячорак быў цёплы. Вясёлы гоман прыгожа апранутых людзей з кветкамі ў руках, якія ішлі ў напрамку школы, прымушалі азірацца прахожых. Сёння там урачыстасць — выпускны вечар для дзевяцікласнікаў. Я таксама была ў ліку тых, хто з замілаваннем глядзеў на прыгожых, элегантна апранутых юнакоў і дзяўчат, хваляваўся і ўспамінаў свой час, свой выпускны баль.
Дырэктар школы Вольга Канстанцінаўна Галаднова пад гукі музыкі і дружныя апладысменты прысутных уручала вучням пасведчанні. Прозвішча Мішы назвала ў ліку апошніх. Гэта азначала, што ён атрымлівае пасведчанне з адзнакай — так высока была ацэнена яго праца, выдатныя поспехі ў вучобе. Віншаваць юнака прыйшлі бацькі, бабуля, дзядуля і мы, суседзі. Назіраючы за мамай Мішы, ба-чыла яе хваляванне. Яна не мела магчымасці падыйсці ў гэты момант, абняць, пацалаваць сына, прыціснуць да сябе — не дазволіла хвароба, якой пакутуе Анжэла ўжо 40 гадоў.
Шпакі вестку разнеслі...
Карэлія. Дзівосны край з вечна зялёнымі лясамі і блакітнымі азёрамі. Тут прайшло дзяцінства і юнацтва Лідзіі Пятроўны — бабулі Мішы Абярухціна. Тут яна сустрэла сваё першае каханне. А гэта быў прыгожы юнак з далёкай Арменіі, які праходзіў армейскую службу ў тутэйшых мясцінах. Пазней яна стала яго жонкай і памяняла дзявочае прозвішча Каракулька на прозвішча мужа — Авецісян.
Жылі маладыя дружна. Аднойчы ўсхваляваная Ліда паведаміла Агасі (па-беларуску яго сталі называць Алікам), што ў іх будзе немаўлятка. I сапраўды, калі ў Карэлію прыйшла доўгачаканая вясна, Ліда Авецісян нарадзіла дачушку. А за акном радзільнага дома ў гэты час, быццам іграючы на скрыпках, заліваліся ў спевах шпакі, апавяшчаючы ўсяму свету, што нарадзіўся новы чалавечак — вялікая радасць і надзея для бацькоў. А было гэта 21 сакавіка 1968 года — дзень, які не толькі даў немаўлятку пачатак жыцця, але і падпісаў страшэнны прыгавор: стаць назаўсёды інвалідам дзяцінства.
Падрастала дзяўчынка. Яе бялюткі тварык абрамлялі чорныя бы смоль валаскі і такія ж чорныя вочы пасылалі іскрынкі дабрыні і пяшчоты. Гукала, смяялася, цешыла сваім нараджэннем шчаслівых бацькоў. Каўказская яркая прыгажосць асабліва падабалася тату. Яму надавала гонару, што Анжэла падобная на яго радню і ён дзякаваў у душы лёс, які падараваў яму такі цуд-дачушку. Першыя словы, першыя крокі — нішто не прадвяшчала бяды. Але яна прытаілася і жыла ў іх сям'і з першага дня нараджэння Анжэлы. На чарговым медыцынскім аглядзе, калі дзяўчынцы было ўсяго адзін год і два месяцы, прафесар-неўролаг паставіў цяжкі дыягназ: дзіцячы цэрабральны параліч, які быў выкліканы, як высветлілася пазней, родавай траўмай. А праз два месяцы... маленькая прыгажуня наогул перастала хадзіць і размаўляць.
Жыццё для маладых бацькоў спынілася. Роспач і адчай рвалі душу маладой матулі, скупыя мужчынскія слёзы хаваў тата. Але яны не апусцілі рукі. Дачушку патрэбна было лячыць, ратаваць. Нельга перадаць словамі тыя пакуты, якія выносіла малое дзіця. Бальніцы, санаторыі — іх геаграфія была вельмі шырокая: ад Карэліі па ўсяму Савецкаму Саюзу. Гэтак жа пакутавалі мама і тата, якія заўсёды былі побач. Страшэнны боль чыталі ў яе вачах дактары і параілі нарадзіць яшчэ дзіця: патрэбна, каб з хворым маленькім чалавечкам быў здаровы. I Ліда рызыкнула. Зацяжарыла і ў дзень свайго нараджэння — 15 лістапада, калі Анжэле было ўсяго чатыры годзікі, падарыла ёй браціка Армэна. У гэты час дзяўчынку лячылі ў інстытуце курорталогіі і фізіялогіі ў Пяцігорску.
Набраўшыся крыху сіл пасля родаў, Ліда едзе за дачушкай сама. Яна і ўявіць не магла, што насустрач ёй з пявучым, дзіцячым галасочкам "мама" выйдзе на сваіх ножках іх пакутлівая дзяўчынка. Не вытрымлівае мацярынская душа і радасці, і хвалявання. Ад такога стрэсу матуля траціць прытомнасць...
Час бег, адлічваў месяцы, гады. У сям'і Авецісян змірыліся з вялікім горам, з пакутамі. Нікога не вінавацілі, не наракалі — прынялі крыж, наканаваны Богам, пакорліва. А дзяўчынка незаўважна стала школьніцай. Вучылася ў Ейскай спецыялізаванай школе для дзяцей, якія пакутавалі ад захворвання апорна-рухальнага апарата. Калі бацькі пазней пераехалі ў Дзятлава, перавялі і Анжэлу ў аналагічную школу, што працавала ў Валожынскім раёне.
Пісьмо незнаёмкі
Дзіма прыходзіў да сябе пасля трэцяй аперацыі на пазваночнік цяжка. Анямеўшыя ногі, быццам бярвенні, нерухома ляжалі на бальнічным ложку. Ён не праклінаў свой лёс, які ў чарговы раз напамінаў яму, што ў такім маладым узросце ён ужо інвалід. Наадварот, вялікая сіла волі і жаданне хадзіць (ён быў упэўнены) перамогуць.
Дзіма Абярухцін нарадзіўся ў шматдзетнай сям'і і жыў з бацькамі на Урале. Закончыў школу, прафесійнае вучылішча. Набыўшы спецыяльнасць газаэлектразваршчыка-арматуршчыка, уладкаваўся на мясцовую фабрыку. Адсюль яго выпраўлялі служыць у армію. Вярнуўся дамоў датэрмінова, камісавалі па інваліднасці: атрымаў траўму пазваночніка, перанёс аперацыю. Пазней хворы пазваночнік апанавалі грыжы. I ён аперыруецца па гэтай прычыне яшчэ двойчы. Вось у гэты час, калі ўсё цела працінаў востры боль, бацька прынёс яму ў палату пісьмо ад дзяўчыны-незнаёмкі. Анжэла Авецісян выбрала яго па клубу знаёмстваў, які друкавалі ў "Комсомольской правде", дзе юнак з Урала шукаў сабе сяброўку па няшчасцю, якая б зразумела, падтрымала. Такой і стала для Дзімы наша дзятлаўчанка.
Зарадзілася паміж маладымі людзьмі высокія пачуцці. Яны пісалі адзін другому часта і ў кожным пісьме баяліся спалохаць сваё завочнае каханне. А праз год Дзіма Абярухцін знайшоў наш гарадок, вуліцу Клары Цэткін, дом №5, кватэру №9. Тут жыла яго любімая дзяўчына, якая была для юнака адзінай, непаўторнай, самай абаяльнай. Анжэла адчыніла дзверы і спалохалася. Яна ўбачыла прыгожага хлопца і не магла прадугадаць, чым жа закончыцца гэтая сустрэча, як успрыме Дзіма яе, лічы, бездапаможнае становішча. Але юнак быў гатовы да ўсяго: перанёсшы столькі болю, фізічных пакутаў, ён вельмі спачуваў дзяўчыне, прасіў у пісьмах не паддавацца хваробе, не прыслухоўвацца да крыўдных словаў, наадварот, быць моцнай, упэўненай у сабе. Маляваў у кожным лісце сваю руку, якую ён падасць ёй і ў горы, і ў радасці. Словаў сваіх на вецер не кінуў і даказаў Анжэле, што стане для яе надзейным, верным спадарожнікам па жыцці.
Шчасце не мае межаў
Вясельны картэж аўтамашын выстраіўся па вуліцы Клары Цэткін, насупраць пад'езда, дзе жыла нявеста. Да ўрачыстасці было падрыхтавана ўсё: прыгожая Анжэла ў шыкоўным шлюбным плацці, побач жаніх — просты рускі хлопец, які не пабаяўся цяжкасцяў і прапанаваў сваёй любімай аб'яднаць лёс. Лідзія Пятроўна ў чарговы раз, перад выездам у ЗАГС, просіць Дзмітрыя абдумаць, пакуль не позна, свой высакародны ўчынак і, калі падказвае сэрца, адмовіцца ад Анжэлы, ад свайго кахання. Адказ яго быў кароткі: "Ні за што. Яна — мая адзіная, я дапамагу ёй стаць шчаслівай" . I ён, падтрымліваючы Анжэлу пад руку, не спяшаючыся, каб даць справіцца ёй з хваляваннем, вывеў з бацькоўскай хаты, даючы зразумець, што з гэтага моманту яны адно цэлае, не раз'яднаюць іх ніякія цяжкасці, нягоды.
У ЗАГСе пад гукі марша Мендэльсона ён трымаў руку каханай, баючыся выпусціць, каб не страціць. На пальцах маладажонаў ззялі залатыя шлюбныя пярсцёнкі — сімвал вечнай вернасці і кахання. Божае благаславенне ў гэты вечар ім даваў у мясцовай царккве айцец Мікалай. А пазней за вясельным сталом гучала “Горка, маладым!” Дзіма беражліва, даючы магчымасць супакоіцца, падымаў сваю любую, цалаваў яе ў гарачыя вусны і ў думках, як у сваіх пісьмах, маліў, дзякаваў Богу за такую дзяўчыну, з якой звёў яго лёс і ён кляўся сам сабе, што стане для яе прыстойным любячым мужам.
З таго памятнага дня прайшло 16 гадоў. Мы ўсе прывыклі бачыць у горадзе маладых Абярухціных. Анжэла, трымаючы мужа пад руку, ідзе заўсёды разам з ім, пераадольваючы цяжкасці. Яна ўжо не пасуе перад сваёй хваробай, наадварот, смела, упэўнена крочыць за Дзмітрыем, які дапамог ёй, усяліў веру, надзею, што ім разам шчасліва, лёгка, радасна. I не толькі. У іх нарадзіўся слаўны сынок Міша, пра якога я расказвала вышэй. Яго прыход у белы свет — падарунак Госпада, Маці Божай, якія дапамаглі Анжэле вынасіць дзіця, нарадзіць, адчуць шчасце мацярынства. Што і казаць, давялося б цяжкавата адным. На выручку і дапамогу прыйшлі бацькі Анжэлы — Лідзія Пятроўна і Агасі Завенавіч. Міша стаў для бабулі і дзядулі не толькі ўнукам, але і самым меншым сынам. Выпраўлялі яго ў садзік, у школу ўсе разам, дружна.
Шмат гадоў назіраю за Анжэлай і Дзмітрыем Абярухцінымі. Па-добраму зайздрошчу такому светламу каханню, падобнаму на сон, і шчасце іх не ведае межаў. Жыццё гэтай сямейнай пары, прыгожыя ўзаемныя адносіны заслугоўваюць пераймання. Чытаючы пісьмы Дзімы, згаджаюся з яго словамі, якія ён пісаў: "Жадаю, любая, каб злучыліся нашы сэрцы, мы так кахаем адзін другога, што не зможам пражыць паасобку. Сэрцы хворых людзей гэта разумеюць, а здаровым — падчас такое не дадзена". 3 ім нельга не пагадзіцца. Калі мы маем здароўе, не звяртаем увагі і не задумваемся, што чакае нас заўтра. А людзі, якіх пакрыўдзіў лёс, абмежаваў іх жыццё, даражаць кожнай яго хвілінай, цэняць пачуцці, спагадаюць чужому гору.
Пра Анжэлу і Дзмітрыя немагчыма расказаць усё на старонках раённай газеты. Пра іх трэба пісаць прыгожы раман. Кранае душу
неймаверна чыстае пачуццё маладых людзей. Хочацца пакланіцца маладому мужчыне, які не заўважае бездапаможнасці любімай жанчыны, наадварот, усім даказвае, што Анжэла шмат сама ўмее зрабіць, імкнецца не прымаць дапамогу. Мне застаецца пажадаць гэтым цудоўным людзям, каб у іх кахання дарога была доўгая, усыпаная толькі кветкамі. Яны гэтага заслугоўваюць. Няхай іх беражэ Бог. І мы, сустракаючыся, пажадаем кожны ў душы ім цярпення, якое прыйшло да іх праз вялікае і чыстае пачуцце.
А.Дзікалава. “Перамога”, №94.