
Дзейнічаў на акупіраванай тэрыторыі Дзяржынскага, Уздзенскага, Капыльскага, Ганцавіцкага, Васілішкаўскага, Дзятлаўскага, Скідзельскага раёнаў.
Створаны ў кастрычніку 1942 г., дзейнічаў у складзе партызанскай брыгады імя К. Я. Варашылава, у жніўні 1943 г. перададзены партызанскаму злучэнню Беластоцкай вобласці. У верасні — лістападзе 1943 г. у складзе злучэння П.П. Капусты зрабіў рэйд з Капыльскага раёна ў Ліпічанскую пушчу. Атраду прысвоена імя Дунаева (псеўданім I.М.Тараховіча — камандзіра атрада імя В.I. Чапаева 27 й брыгады, загінуўшага ў баі).
Камандзіры: Барыс Віктаравіч Жаўрыд (кастрычнік — снежань 1942, загінуў), Якаў Платонавіч Грыцаневіч (снежань 1942 — ліпень 1944), камісар Пётр Андрэевіч Жылко (кастрычнік 1942 — ліпень 1944); начальнікі штаба: Якаў Платонавіч Грыцаневіч (кастрычнік — снежань 1942), Васілій Мікалаевіч Елкін (снежань 1942 — студзень 1943), Стэфан Францавіч Крыжаноўскі (студзень — чэрвень 1943, люты — красавік 1944, в.а.), Анатолій Паўлавіч Цыбульскі (чэрвень 1943 — люты 1944), Дзяніс Рыгоравіч Зайцаў (лістапад 1943 — студзень 1944, в. а., май 1944, в. а.), Панцеляймон Аляксандравіч Рудзін (красавік — ліпень 1944).
Партызаны правялі 138 баёў, у тым ліку каля в. Станькава Дзяржынскага р-на (9.1.1943), з карнікамі на р. Котра (14.11.1943). Летам 1943 г. удзельнічалі ў нападзе на гарнізон у г. п. Узда, у аперацыі «рэйкавая вайна», на чыгуначным участку Коласава — Негарэлае. За ўвесь перыяд у дыверсіях і засадах знішчылі 113 мастоў, у тым ліку 7 — на чыгунцы, 24 аўтамашыны, разграмілі 8 маёнткаў, 2 заводы, 82 прадпрыемствы, электрастанцыю, 30 складоў. У час рэйду ў Беластоцкую вобласць падарвалі больш за 320 рэек.
11.7.1944 г. атрад (203 партызаны) злучыўся з Чырвонай Арміяй.
Ф. Красюк