Партызанскі бронеатрад



Хваля партызанскай вайны з кожным днём шырылася, расла, захоплівала ўсё новыя і новыя раёны. Летам 1942 года ў Ліпічанскай пушчы дзейнічала звыш дзесяці партызанскіх атрадаў. За кожным кустом, за кожнай купінай захопнікаў падсцерагалі кулі народных мсціўцаў. Па многіх дарогах Дзятлаўскага, Слонімскага, Навагрудскага і іншых раёнаў немцы вымушаны былі спыніць усякі рух. Не ўтрымаліся фашысцкія сельуправы, гарнізоны. Стварылася так званая «партызанская зона», на тэрыторыі якой існавала Савецкая ўлада. На межах сваёй зоны народныя мсціўцы паставілі пагранічныя слупы з надпісам «СССР». Гітлераўцы рэдка асмельваліся парушаць межы партызанскай зоны.

Вялікая Воля стаяла на самым скрыжаванні партызанскіх дарог. Днём і ноччу праз вёску праходзілі групы лясных салдат. Адны ішлі на баявое заданне, другія вярталіся ў атрад. Велікавольцы мелі магчымасць не толькі бачыць колькасць партызан, але і іх узбраенне. А яно было далёка не першакласнае. Побач з аўтаматам нярэдка можна было ўбачыць звычайнае паляўнічае ружжо або вінтовачны абрэз. Не хапала патронаў.

Лепш адчувалі сябе тыя, у каго была трафейная зброя. Ім зайздросцілі. Да яе заўсёды можна было дабыць боепрыпасаў у саміх акупантаў, што партызаны і рабілі. Яны білі немцаў іх зброяй.

Аднойчы партызаны Булака падабралі ў лесе гармату, якую пакінулі ў час адступлення нашы байцы. Гармата была без прыцэла, але страляла, і гітлераўцы баяліся яе агню. Як ні дзіўна, але іменна гэтая шустрая 45-міліметровая гарматка з'явілася прычынай нараджэння партызанскага бронеатрада, які затым на працягу двух гадоў граміў акупантаў.

Неяк летам сувязныя атрада Булака браты Астап і Уладзімір Ламакі ўбачылі трох хлапчукоў, якія, абліваючыся потам, валаклі па зямлі скрынку са снарадамі.
— Дзе гэта вы ўзялі снарады? — адразу схамянуліся хлопцы.
— А там, у рэчцы,— ахвотна адказалі хлапчукі, выціраючы белабрысыя віхры.— Там іх многа! Вось гэтыя аддадзім партызанам. А потым яшчэ дастанем. Вада цё-ё-плая. Там і вінтоўкі ёсць, а патронаў колькі!..
Астап і Уладзімір пераглянуліся.

— Ну добра, хлопцы, цягніце скрынку дахаты, а потым разам пойдзем на Шчару. Мы вам дапаможам дастаць вінтоўкі, а можа і аўтамат знойдзем. Вось пастраляем...
— Добра,— згадзіліся тыя.— Вы нас тут пачакайце. Мы вам і танк пакажам,— паабяцалі ўзрадаваныя новым сяброўствам хлапчукі.

3 гэтага і пачалося. Цэлымі днямі хлапчукі і дарослыя велікавольцы пляскаліся ў рэчцы, цягаючы на бераг патроны, міны, снарады, вінтоўкі. Зброя і боепрыпасы адразу ж перапраўляліся ў атрад Булака. Калі дно Шчары было ачышчана ад боепрыпасаў, жыхары Вялікай Волі ўспомнілі пра затопленыя машыны. У вяскоўцаў узнікла смелая думка — дастаць са Шчары бранявік, які затоплен каля моста, правільней, дзе быў мост. Задума ўскалыхнула вёску.

Хто першы з велікавольцаў падаў думку выцягнуць са Шчары бранявік, невядома. Адны гавораць, што ініцыятарамі былі Астап і Уладзімір Ламакі, другія, што да гэтага дадумаўся Іван Альховік. Вядома, што ніхто з вяскоўцаў не заставаўся абыякавым да смелай задумы. У «аперацыі» па выцягвакню браневіка са дна Шчары ўдзельнічалі старыя і малыя велікавольцы.

Усімі работамі кіраваў Віктар Бартош. Нехта з вяскоўцаў невядома адкуль даставіў да месца работы моцныя карабельныя ланцугі. Без такіх ланцугоў нельга было брацца за гэтую нялёгкую справу. Доўга не ўдавалася ўстанавіць, хто з велікавольцаў апускаўся пад ваду і замацоўваў ланцугі да машыны. Пазней герой стаў вядомы. Ім аказаўся Жорж Павачка. У той час яму было семнаццаць гадоў.

Спачатку рашылі цягнуць бранявік коньмі. 3 усёй вёскі былі зведзены коні да Шчары. Іх упрэглі ў дзве групы па шэсць пар. Коні напружваліся з апошніх сіл, ірваліся пастромкі, а бранявік нават не варухнуўся з месца. Тады вяскоўцы рашылі пабудаваць калаўрот.

Некалькі дзён працягвалася нялёгкая праца. Здзіўляла настойлівасць людзей, якія, самі таго не ведаючы, рабілі подзвіг. Бранявік амаль напалавіну зацягнула ліпкім глеем. Топкі бераг і дно стваралі нязручнасці. Работы вяліся не толькі днём, але і ноччу. На дапамогу прыйшлі жанчыны і дзеці. Яны збіралі і падносілі каменне, усцілаючы ім бераг і дно ракі.

I вось, здаецца, усё гатова. Яшчэ раз праверана мацаванне, змазан вялізны калаўрот, зноў упрэжаны коні. Прыціх на беразе натоўп велікавольцаў. Пад гучную каманду Бартоша напружыліся коні і людзі... Парваліся вяровачныя пастромкі, а машына—ні з месца. Рывок, яшчэ рывок! Марудна, са скрыпам завярцеўся калаўрот. Яшчэ і яшчэ падае каманду стары Бартош. Натужліва верціцца калаўрот, нібы струна, нацягнуўся масіўны ланцуг, бурліць мутная вада. Апошняе намаганне — і заляпаны граззю і ракушкамі бранявік стаіць на беразе. Колькі радасці! Вёрткія хлапчукі абляпілі башню, залезлі ў люк. Ім ўсё карціць убачыць, памацаць сваімі рукамі. Дзеці вайны! Чаго ім толькі не давялося ўбачыць і перажыць. Як і дарослыя, яны бачылі смерць, кроў, зведалі голад і холад і заўсёды заставаліся дзецьмі — дапытлівымі і непасрэднымі.

Уладзімір Чудзілоўскі, Антон Ламака, Жорж Павачка і іншыя велікавольцы