Памяці славутага земляка



Сёлета споўнілася 115 гадоў з дня нараджэння нашага славутага земляка Ігната Дварчаніна. Гэты таленавіты чалавек пакінуў пасля сябе багатую духоўную спадчыну — вершы, навуковыя работы. Ён — аўтар "Хрэстаматыі беларускай літаратуры", даследавання жыцця і творчасці Ф. Скарыны. У Дварчаніна — трагічны лёс: ён загінуў у час сталінскіх рэпрэсій. Доўгі час імя Ігната Дварчаніна было забыта, толькі ў 1956 годзе ён быў рэабілітаваны. 3 забыцця вернута яго дзейнасць і творчасць.

Постаць свайго часу

Жыццю палітычнага дзеяча, паэта, літаратуразнаўцы было прысвечана пасяджэнне Міжнароднага "круглага стала", якое прайшло ў Гродне. У рэдакцыі газеты "Гродзенская праўда" сабраліся навукоўцы Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы, дырэктар Інстытута гісторыі Беластоцкага ўніверсітэта В.Сляшыньскі, прадстаўнікі Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта. У час мерапрыемства яшчэ раз былі перагорнуты старонкі гісторыі, жыцця і дзейнасці славутага дзеяча Дзятлаўшчыны.

— Ігнат Дварчанін — значная асоба свайго часу. I праз стагоддзе яго дзейнасць і лёс цікавыя для даследчыкаў. Яны дапамагаюць асэнсаваць некаторыя старонкі беларускага нацыянальнага руху. Ігнат Дварчанін прайшоў шлях, які можна назваць шляхам барацьбы і выпрабаванняў, — адкрываючы пасяджэнне, адзначыў дэкан факультэта гісторыі і сацыя-логіі ГрДУ імя Я. Купалы Эдмунд Ярмусік.

Пытанню рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, у якім актыўна ўдзельнічаў I. Дварчанін, было прысвечана выступленне кандыдата гістарычных навук Аляксея Загідуліна. Сваё меркаванне пра гэты перыяд у гісторыі выказаў Войцех Сляшыньскі. Асаблівасці нацыянальна-вызваленчага руху на Гродзеншчыне акрэсліў кандыдат гістарычных навук Сяргей Токць.

Значную ролю I. Дварчаніна ў нацыянальна-вызваленчым руху адзначыў кандыдат гістарычных навук, дацэнт Міхаіл Васілючак. "Толькі тое, што ў гады акупацыі ён змог адкрыць беларускую школу, выклікае павагу", — падкрэсліў ён.

На пасяджэнні "круглага стала" прысутнічаў пляменнік I. Дварчаніна — кандыдат гістарычных навук, дацэнт Яўген Місарэвіч. Ён спыніўся на старонках жыцця дзядзькі, вёў размову пра малую радзіму I. Дварчаніна — вёску Погіры, што на Дзятлаўшчыне. Начальнік аддзела культуры Дзятлаўскага райвыканкама Васіль Шыцько расказаў, як захоўваецца памяць пра Дварчаніна землякамі на яго малой радзіме. "Мяркую, што мы і далей будзем ушаноўваць памяць пра свайго земляка, у прыватнасці, пашырым музейную экспазіцыю", — адзначыў ён.

Погляд на творчасць Дварчаніна выказаў прафесар Аляксей Пяткевіч. Тэта ў першую чаргу — асветнік. Яго "Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры" прызначалася не толькі для школ, але і для хатняга карыстання. У ёй сабраны не толькі выдатныя беларускія творы, ёсць шмат аналітыкі складальніка, выдатна адчуваецца яго патрыятычны настрой". Прафесар Іван Крэнь адзначыў, што Дварчанін быў унікальным чалавекам. Ён — таленавіты педагог, вучоны, паэт, перакладчык. Ён быў інтэрнацыяналістам у самым лепшым сэнсе гэтага слова.

У апошнія гады імя I. Дварчаніна адраджаецца, вяртаецца з забыцця. Шмат у гэтым напрамку зроблена Яўгенам Місарэвічам, які ў сааўтарстве з Мікалаем Каралёвым напісаў кнігу аб сваім дзядзьку "I. С. Дварчанін". Матэрыялы, прысвечаныя гэтай гістарычнай постаці, змешчаны ў кнізе "На зямлі Дзятлаўскай".

"Мяркую, будуць і новыя творы па ўшанаванні памяці нашага земляка. Павінны быць,— адзначыў намеснік старшыні грамадскага аб'яднання "Беларускае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры" Дзмітрый Аляшкевіч.

Ушанаванне на Дзятлаўшчыне

Раённая канферэнцыя, прысвечаная I. Дварчаніну, адбылася ў Дзятлаўскай цэнтральнай бібліятэцы. Шэраг пытанняў, якія абмяркоўваліся ў час пасяджэння, датычыліся яго творчасці. А яна даволі багатая і цікавая, на што звярнуў увагу ва ўступным слове начальнік аддзела культуры Дзятлаўскага райвыканкама Васіль Шыцько.

За сваё кароткае жыццё Ігнат Дварчанін пакінуў вялікую духоўную спадчыну — вершы, навуковыя працы. Яго творчасць актыўна вывучаецца нашчадкамі, ёсць яна і ў праграме гімназіі №1. 3 дакладам выступіла вучаніца гімназіі №1 г. Дзятлава Вікторыя Якубоўская.

Дварчанін — таленавіты літаратуразнаўца, аўтар "Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры", навуковай працы па творчасці Францыска Скарыны. Работа, прысвечаная беларускаму асветніку, бліскуча абароненая ў Пражскім універсітэце, прынесла Ігнату Дварчаніну вучонае званне доктара філасофіі. Аб яе структуры, гісторыі напісання расказала бібліятэкар Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Наталля Ступчык.

Жыццё Ігната Дварчаніна пачыналася ў Погірах. Як ушаноўваецца памяць паэта на яго малой радзіме, паведаміла Людміла Цюленіна, загадчыца Жукоўшчынскай сельскай бібліятэкі. На мерапрыемствах па захаванні памяці пра Дварчаніна на Дзятлаўшчыне засяродзіла ўвагу дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Дзінара Харошка.

У час канферэнцыі гучалі вершы паэта. Іх чыталі маладыя чытачы раённай бібліятэкі, вучні школ горада Дзятлава. У выкананні Ірыны Вайтушка прагучала "Балада пра Ігната Дварчаніна", аўтарам якой з'яўляецца беларускі паэт Віктар Шніп.

На канферэнцыі прысутнічала пляменніца Дварчаніна Лідзія Верабей. Яна падзялілася ўспамінамі аб сваім дзядзьку, шмат пра якога яна даведалася з аповедаў маці, а таксама ў час сустрэчы з вядомым навукоўцам Адамам Мальдзісам.

Цяпер аб жыцці Ігната Дварчаніна публікуецца шэраг артыкулаў, кніг. Літаратурны агляд зрабіла загадчыца аддзела абслугоўвання Ларыса Шыцько. За работу, якая вядзецца па сістэматызацыі матэрыялаў, афармленні стэндаў па краязнаўстве яна выказала ўдзячнасць на адрас бібліёграфа Ганны Лашчэўскай.

Завяршылася канферэнцыя ўскладаннем кветак да помніка Ігнату Дварчаніну, устаноўленага ў цэнтры Дзятлава, якраз насупраць раённай бібліятэкі.

А.Дуброўская, “Перамога”, №49

Комментарии

Интересно,

Интересно, родился он в Погирах, а памятник ему стоит в Дятлово.

Действительно,

Действительно, странно... Ленин родился в Симбирске, а памятники ему стояли по всей стране... Пережитки прошлого, наверное... :))))

Дворчанин не

Дворчанин не Ленин. Такого влияния он не имел.
Но обычно памятники ставят на родине. Даже дома-музеи стараются из прежних домов этих знаменитых людей делать.
Да и не находите ли вы это странным. Человек родился в деревне. Там, можно сказать, вершил все свои хорошие дела. те места может и послужили тому, что он таким стал: с такими убеждениями, взглядом на жизнь. А памятник в районном центре ставят. Почему?

Родился Игнат

Родился Игнат Семёнович действительно в д. Погири. Но его богатая биография не замыкается только на этой деревне. Кстати сказать, в этой деревне, на том месте, где стоял дом в котором он родился, на доме весит памятная доска, которую весьма торжественно открыли в своё время. Я не знаю по какой именно причине памятник открыт именно в Дятлово а не в Погирях, но на мой взгляд это весьма логично, так как его просветительская деятельность проходила на Дятловщине, за что благодарные потомки и увековечили память о нём в камне именно в Дятлово.