
След вайны
Гісторыя Бандароў утрымлівае шмат цікавага. Пры польскай уладзе у гэтых маляўнічых мясцінах жылі два паны — Жаброўскі і Рафаловіч (дарэчы, вельмі знакаміты арыстакратычны род). Сядзіба аднаго з іх знаходзілася на беразе Нёмана. Другі пан уладкаваўся ў лясной цішы.
Напамінам пра далёкія падзеі — Айчынную вайну 1812 года— з'яўляецца напалеонаўская дарога, якая пралегла праз лес непадалёку ад Бандароў. А вось пра загінуўшых падчас адступлення французаў нагадвае стары курган.
Шмат "зарубак" у жыцці, на лёсах жыхароў вёскі пакінула Вялікая Айчынная вайна. Балючыя раны засталіся і ў душы Настассі Аляксандраўны Капцеўскай, цяперашняй жыхаркі горада Дзятлава, ураджэнкі Бандароў. Успаміны пра тыя далёкія гады сталі яе водгукам на артыкул "Сын шукае магілу бацькі", апублікаваны ў 91-ым нумары "Перамогі" за 2009 год. Размова ў ім ішла пра Якава Яўсеева, аднаго з удзельнікаў партызанскага атрада "Звязда" імя К. Каліноўскага.
Халодны снежань 1943-га...
Напрыканцы 1943 года Настачцы было толькі тры з паловай гады. Тым не менш, тыя жудасныя падзеі ракавога для яе сям'і года назаўсёды ўрэзаліся ў памяць. Нагадаў пра іх і прачытаны артыкул "Сын шукае магілу бацькі". Падзеі, пра якія ідзе размова ў публікацыі, адбываліся на вачах Настассі Аляксандраўны.
— Бацькоўская хата, — прыгадвае мая суразмоўца,— стаяла непадалёку ад дарогі, на ўскрайку вёскі. Падчас вайны сюды заходзілі то партызаны, то немцы, бункер якіх знаходзіўся за сем кіламетраў ад Бандароў. Прыходзілі, каб узяць што-небудзь паесці ці апрануцца.
10 снежня 1943 года да нас прыйшлі трое партызанаў, сярод якіх быў і Якаў Яўсееў. Яны паснедалі, пагутарылі з бацькам. Вечарам пачалася страляніна. Разам з маленькай сястрычкай і мамай мы залезлі на печ. Сядзелі там, пакуль не перасталі страляць. Раніцай на нашым агародзе ляжалі два застрэленыя партызаны. Трэцяму з іх, верагодна, удалося ўцячы.
Гэта была бяда для нашай сям'і. Яна мела і цяжкія наступствы: 25 снежня 1943 года мой бацька Аляксандр Дамянікавіч быў расстраляны. Яшчэ і цяпер у вачах стаіць той эпізод: два чалавекі стаяць пад вокнамі на падворку, двое прыйшлі ў хату. Яны дапытваюцца ў таты, ці ёсць у яго ружжо, патроны, ці ёсць сувязь з партызанамі. Поўзаючы на каленях, я прасіла гэтых людзей не забіраць тату, крычала, што ён нікога не забіваў, што ён ні ў чым не вінаваты. Але мае слёзы не дапамаглі: тату вывелі з хаты і ў канцы вёскі забілі.
На гэтым жахі вайны не скончыліся. Доўгі час да нас прыходзілі невядомыя ўзброеныя людзі, дапытваліся ў матулі, хто забіў яе мужа. Аднойчы наставілі на яе ружжо. Маўляў, калі не скажаш, дык застрэлім. Прыгарнуўшы нас да сябе, яна адказала: "Страляйце ўсіх, не пакідайце дзяцей сіротамі".
Яна не ведала, хто забіў мужа: у той час да нас прыходзілі ронаўцы, немцы, партызаны. Прыходзілі, каб узяць паесці або апрануцца. Мая матуля, яшчэ маладая жанчына, ад усяго перажытага вельмі хутка пасівела.
Вайна забрала ў нас з сястрой бацьку. Дзякуй Богу, што знайшоўся чалавек — сябра бацькі і наш хросны, які замяніў тату, выгадаваў нас з сястрой, дапамог уладкавацца ў жыцці.
Страшныя падзеі 1943 года, смерць бацькі, пастаяннае напружанне зрабілі сваю чорную справу. На працягу доўгага часу ў душы тады яшчэ маленькай дзяўчынкі жылі недавер да людзей, страх. Акрамя гэтага, вайна забрала ў Настассі Аляксандраўны мару стаць доктарам. Бачыць чужы боль, кроў яна ўжо не магла.
Падчас сустрэчы Настасся Аляксандраўна прыгадала і яшчэ адну гісторыю часоў Вялікай Айчыннай вайны. Яе расказвала мама — Фёкла Канстанцінаўна Урбановіч. Успаміны бабулі запісаў і сын Настассі Аляксандраўны — Аляксандр, гісторык па прафесіі.
— Гэта адбылося летам 1944 года. Мама разам з дзвюма жанчынамі ішла на поле жаць. Яны сустрэлі павозку з двума рускімі салдатамі: тыя гналі палонных немцаў. Магчыма, з таго бункера, што знаходзіўся непадалёку ад вёскі. Праз некаторы час жанчыны сталі сведкамі расстрэлу немцаў. У іх былі фотаздымкі, дакументы. Іх забралі людзі з Глушыцы, якім пазней было загадана закапаць расстраляных немцаў. Пра месца пахавання сведчыць пасаджаная бярозка.
Тыя людзі з Глушыцы пазней пераехалі ў Мінск, забралі дакументы і фотаздымкі забітых немцаў.
Мірная плынь жыцця
Пасля вайны жыццё паціху стала наладжвацца. У 1945 годзе ў Бандарах адкрылася пачатковая школа. Сярод вучняў першага класа было шмат пераросткаў, аднак адносіны паміж аднакласнікамі былі сяброўскія.
У 1945 годзе Настассі Аляксандраўне было толькі пяць гадоў, але тым не менш яна таксама наведвала школу: дома дзяўчынку не было з кім пакінуць. Праз год яна стала паўнапраўнай вучаніцай.
Закончыўшы пачатковую школу, Настасся працягвала адукацыю ў Нёманскай сямігадовай школе, якая знаходзілася ў вёсцы Сялец. Выпускны клас яна заканчвала ў Беліцкай сярэдняй школе. Разам з ёй там вучыўся яшчэ адзін хлопец з Бандароў.
Усе школьныя гады былі насычаны прагай да адукацыі, актыўным удзелам у мастацкай самадзейнасці, спартыўным жыцці, камсамольскай дзейнасці.
Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, Настасся разам з сяброўкай едзе ў Мінск, каб паступіць у інстытут электрыфікацыі і газіфікацыі народнай гаспадаркі. Уступныя іспыты паспяхова здала толькі Насця. Аднак з салідарнасці з сяброўкай, якая не здала экзамены, дзяўчына вяртаецца дахаты, у родныя Бандары.
Летам яна працуе ў калгасе, праз некаторы час пачынае працаваць на Дзятлаўскім сыраробчым заводзе. Заканчвае курсы лабарантаў, у 19 гадоў яна — майстар участка.
Падчас працы на сырзаводзе Настасся Аляксандраўна знаёміццца з будучым мужам — Яўгенам Іванавічам, выдатным і добрым чалавекам, у якога таксама быў нялёгкі лёс. У перспектыве — завочная адукацыя ў Ленінградскім інстытуце мясамалочнай прамысловасці. Аднак спроба паступіць туды была непаспяховая. Лёс рыхтаваў зусім іншую дарогу, якая была звязана з раённым аддзелам адукацыі. Тут Настасся Аляксандраўна прапрацавала 38 гадоў — бухгалтарам, эканамістам, інспектарам па кадрах, галоўным бухгалтарам (у свой час яна закончыла школу бухгалтараў, завочна — Маладзечненскі эканамічны тэхнікум).
Плённа, аддана, сумленна — менавіта так яна ставілася да сваёй работы. Пра гэта сведчаць шматлікія граматы, падзячныя пісьмы, атрыманыя як падчас працы на масласырзаводзе, так і ў раённым аддзеле адукацыі. Сярод іх ёсць і Ганаровая грамата Міністэрства асветы Беларускай ССР і Рэспубліканскага камітэта прафсаюзаў работнікаў асветы.
Жывая памяць
Настасся Аляксандраўна даўно на пенсіі. Але па-ранейшаму яе жыццё насычанае, дзейснае. Жанчына займаецца прысядзібным участкам, які дае някепскі ўраджай. На працягу многіх гадоў памкненнем душы з'яўляецца кветкаводства: палісаднік у Настассі Аляксандраўны вельмі прыгожы, дагледжаны, летам у ім пануе сапраўднае хараство. Зімой жанчына стварае яго ў вышытых карцінах. Гэта таксама занятак для душы. А яшчэ Настасся Аляксандраўна спявае ў хоры ветэранаў, які працуе пры Дзятлаўскім раённым доме культуры.
— Нягледзячы на ўсе цяжкасці, — гаворыць Настасся Аляксандраўна, — лічу, што маё жыццё прайшло някепска. Я паспела пабудаваць дом, пасадзіць сад, выгадавала двух сыноў, кожны з якіх атрымаў належную адукацыю. Цяпер жыццё працягваюць трое маіх унукаў. Унучка Наталля хутка ўжо атрымае вышэйшую адукацыю.
Жыццё ідзе сваёй чаргой. і толькі дзесьці ў глыбіні душы, назаўсёды параненай вайной, жыве сум. А ў глыбінях памяці — маленькая дзяўчынка, якая просіць у невядомых узброеных людзей не забіраць яе тату. Гарачымі слязьмі выліваюцца гэтыя ўспаміны, не даюць спакою і праз гады.
А.Дуброўская. “Перамога”, №5.