

Дзяцінства пачынаецца з гульні. У часы майго дзяцінства, ды і ў падлеткавым узросце таксама( а гэта 80-90-я гады) папулярнымі былі дваровыя гульні. Магчыма, іх назвы і невядомы сённяшняму пакаленню маладых. Лета — гэта абавязкова "казакі-разбойнікі","чыжык", "Алі-Баба", "хованкі", "лапта". I яшчэ шэраг іншых даволі цікавых гульняў. Дарэчы, не саромеліся ўдзельнічаць у іх і 14-15-гадовыя юнакі і дзяўчаты. Усё гэта было ў норме. Гульні выклікалі ў нас захапленне, а вось матуляў, ды і бабуляў (да якіх часта прыязджалі ўнукі з горада) прымушалі хвалявацца, паколькі дзяцей дахаты было не дачакацца. У зімовую пару ўсёй вялікай кампаніяй мы ішлі коўзацца на лёд, катацца на санках або на цыратах з горкі. Ляціш, і толькі дух захоплівае.
Сучасныя падлеткі шмат часу право-дзяць у віртуальным свеце. I перавагу аддаюць віртуальным гульням. Камп'ютар, зразумела,— патрэбная і неабходная сёння рэч. Але ж усё павінна быць у меру. А калі камп'ютар замяняе і сяброў, і прагулкі на свежым паветры, падарожжы — гэта ўжо перабор. На дадзеную акалічнасць бацькі часам не звяртаюць увагі, бачаць у гэтым пэўны плюс. Дзіця сядзіць дома, ну, што з ім можа здарыцца? А трывогу біць трэба. Паколькі паступова адбываецца "замбіраванне" яшчэ не самастойнай дзіцячай і падлеткавай псіхікі (ды што тут гаварыць, калі і дарослыя часамі могуць "завісаць" у камп'ютары).
Камп'ютар — гэта яшчэ і інтэрнэт. Сусветная павуціна (якое трапнае слова!) з кожным годам набірае новыя і новыя абароты, новыя ахвяры. I ў ліку іх — дзеці і падлеткі. Нормай для многіх з іх стала наведванне сайтаў з разнастайнымі відэа-прыколамі, якія даволі часта здзіўляюць сваёй жорсткасцю. Аднакласнікі збіваюць сябра і ўсё гэта пад дружны рогат, падпальваюць яму джынсы, пры гэтым выліўшы на іх запаленчую сумесь, назіраюць, як іх знаёмы б'ецца галавой аб сцяну — усё гэта падлеткамі ўсведамляецца як прыкол, своеасаблівая гульня. Гэта ж так весела, крута. Магчыма. Толькі калі б не было так сумна.
Далоў рамантыку?
Яшчэ адзін з улюбёных спосабаў бавіць вольны час — пайсці з сябрамі "патусавацца". Нярэдка — з бутэлькай (або некалькімі) піва, якім не грэбуюць ні хлопцы, ні дзяўчаты. Піва падлеткі ўспрымаюць як звычайны, а зусім не як алкагольны напой. Суправаджае такія кампаніі музыка, якая льецца з "дынамікаў" мабільнага тэлефона. Яго мелодыі, уключаныя на "поўную катушку", аглушаюць, часам раздражняюць сваёй грубасцю, аднатыпнасцю. А яшчэ — нецэнзуршчынай і пахабшчынай. I як тут з настальгіяй не прыгадаць меладычныя найгрышы гітары, без якой калісьці немагчыма было ўявіць ніводную маладзёжную кампанію. Гучалі песні пра Асоль, якая чакае свайго Грэя. Цяпер гэтыя героі неактуальныя для сучаснага пакалення маладых. Часам здаецца, што яно жыве пад дэвізам "Далоў рамантыку".
На мой погляд, для сучасных падлеткаў характэрна нейкая празмерная даросласць. Яна, у першую чаргу, праяўляецца ва ўзаемаадносінах двух палоў. Дзяўчаты і юнакі так хутка спяшаюцца стаць дарослымі, пазнаць граматыку кахання, забываючы пра тое,
што сапраўднае каханне — духоўная субстанцыя, а не наадварот. Неяк я спытала ў аднаго знаёмага падлетка, што ў яго разуменні каханне, ці было ў яго першае пачуццё? Адказ быў адмоўны. Юнак шчыра прызнаўся, што па-сапраўднаму ён нікога яшчэ
не кахаў. I з гонарам дадаў, што фізічны аспект кахання ў свае шаснаццаць гадоў ён ужо ведае добра.
На жаль, сарамлівасць, чысціня духоўная і фізічная — усё гэта стала такім нямодным, запісана ў разрад комплексаў. Як лічыць сучасны падлетак, ад гэтых перажыткаў мінулага варта пазбавіцца і як мага хутчэй.(Гэта актыўна прапагандуецца маладзёжнымі стужкамі накшталт "Амерыканскага пірага"). Ідэалам дзяўчыны для многіх падлеткаў з'яўляецца гэткая "Лаліта без комплексаў".
Тое, што раней выклікала абурэнне з боку грамадства, яго асуджэнне, цяпер стала нормай. Гэта і дзяўчына з цыгарэтай, і тое, як "смачна" яна выкарыстоўвае нецэнзурныя запасы мовы, як па-майстэрску распраўляецца з бутэлькай піва альбо гарэлкі, яшчэ шэраг акалічнасцяў. Толькі гэта ў сваю чаргу цягне за сабой непавагу да дзяўчыны, што праяўляецца нават у мове — сістэме, якая першая рэагуе на змены ў грамадстве. "Дзетка", "чувіха", яшчэ шэраг больш грубых словаў. Замест звыклага "я сустракаюся з дзяўчынай" падлеткі нярэдка выкарыстоўваюць "мне падабаецца з ёй тусіць". I ўсё часцей у юнацкай лексіцы выкарыстоўваецца слова "сэксуальнасць". Дадзены аспект з'яўляецца адным з галоўных параметраў пры выбары сябра ці сяброўкі. I ўсё гэта зноў жа ідзе з масмедыя культуры. Яе энергетыку, як губка, усмоктвае цяперашні падлетак — прыгожы, амаль гламурны юнак ці дзяўчына. Ён бадзёра крочыць па жыцці, мяняючы мабільныя тэлефоны, стараючыся быць крутым, сэксуальным, атрымаць ад жыцця як мага больш асалоды. А як жа душа? Няўжо і яе — далоў?
Кумір i падлетак
У кожнага пакалення — свае куміры. Напэўна, у гэтым нічога няма кепскага. (Хаця праваслаўная культура гэта катэгарычна забараняе). Пры ўмове, што твой кумір сапраўды можа зрабіць цябе лепшым. Я вельмі сумняваюся, што гэта характэрна для сённяшніх безгалосых спевакоў і спявачак, герояў баевікоў і мульціплікацыйных стужак. "Якасць" куміраў прымушае жадаць лепшага.
Памятаеце, у яшчэ такія нядаўнія гады падчас зімовых ці летніх канікулаў абавязкова па тэлебачанні трансліраваліся дзіцячыя стужкі, казкі. Нядаўна пераглядвала іх на відэа. У іх шмат наіўнасці, прыгажосці, лёгкасці, непасрэднасці, чаго так часта нехапае ў жыцці і даросламу чалавеку. Праглядваючы старыя добрыя дзіцячыя стужкі, адпачываеш душой, гэта свайго роду тэрапія. Цяперашнім дзецям многія з гэтых фільмаў альбо мультыплікацыйных стужак невядомыя. Дзіцячую і падлеткавую свядомасць запаланілі пакемоны, монстры, жудасныя героі нейкіх незразумелых мультфільмаў, у якіх зноў жа прапагандуецца жорсткасць, агрэсія. А дзе выхаванне прыгожага, светлага? Тое ж самае можна сказаць і пра музыку, якую выбірае падлетак. Адна з дарослых жанчын,наведаўшы дыскатэку па роду службы, доўга абуралася, як такую музыку можна слухаць, яна ж прапітана агрэсіяй. Магчыма, яно і так, тым больш улічваючы доказы таго, што музыка ўплывае на свядомасць чалавека. На маладзёжных дыскатэках можна назіраць і такі малюнак: танцуе толькі невялікая групка людзей, астатнія проста сядзяць, назіраюць за ходам вечара. Многія пачынаюць танцаваць, толькі выпіўшы перад гэтым бутэльку піва або яшчэ якога-небудзь моцнага напою. На іх погляд, толькі ў такім выпадку можна танцаваць, радавацца жыццю, кожнаму яго імгненню. Інакш — зусім не весела. I гэта страшна.
...Інтэрнэт, камп'ютар, мабільны тэлефон, масмедыя культура. Гэта, вядома, прагрэс, без якога немагчыма ўявіць сённяшняе жыццё. Толькі і яны, як у большасці сваёй і іншыя дасягненні чалавецтва, маюць адваротны негатыўны бок. I, на жаль, менавіта гэтая энергія, выліваючыся моцным патокам, фарміруе свядомасць сучасных дзяцей і падлеткаў — пакалення NEXT!.
А.Дуброўская. ”Перамога”, №1.