Пакінутыя дзеці



Мы не выбіраем бацькоў, сям'ю, Радзіму. Мы пры ходзім у гэты свет па волі Божай. I шчасце, калі мы нараджаемся ў нармальнай сям'і. Тады ў нас ёсць дзяцінства, падтрымка бацькоў, у нас ёсць любоў — аснова жыцця. Мы, як кветкі пад сонцам, купаемся ў промнях бацькоўскай пяшчоты, асалодай і шчасцем напоўнены наш дзень. Мы марым пра новыя лялькі і вопратку. I для нас няма нічога недасягальнага — адно наша слова, слёзы на вачах, і жаданне здзейсніцца.

Мы атрымліваем падарункі на кожны наш дзень нараджэння — сапраўднае свята, калі пра нас помняць, нас любяць. Памятаюць кожны наш крок, нават першы, яшчэ такі няўпэўнены.

Нас вучаць, як жыць, даюць нам парады, мы атрымліваем дапамогу. Мы адчуваем, ведаем, што патрэбныя.

У нам ёсць дом, куды мы можам паклікаць сваіх сяброў. Мы не будзем саромецца, запрашаючы іх, бо ў доме чыста і ўтульна, у ім — водар камфорту.

I гора таму, хто нарадзіўся ў іншай сям'і. Гэта — зусім іншы свет, дзе пануе беспамяцтва. Даволі часта бацькі не помняць, калі дзіця зрабіла першыя крокі, калі ў яго дзень нараджэння. Гэта — зусім не свята, а нагода яшчэ раз акунуцца ў "асалоду", якую дае.алкаголь. А дзеці... Яны самі па сабе. Самастойна вучацца жыць і выжываць, слухаюць парады чужых людзей. У блакітных марах гэтых дзяцей — нармальны сон на чыстым ложку, на бялізне, якая прыемна пахне. Нармальная ежа, а не якая-небудзь пахлёбка (нібыта ў турме) або засохлы кавалак хлеба.

Прыгатаваная смачная ежа ў іх выклікае здзіўленне. Бацькоўская пяшчота таксама здзіўляе. Такія рэдкія моманты, калі, адышоўшы ад алкаголю, бацькі ўспамінаюць, што ў іх ёсць дзеці, у вачах якіх свеціцца спадзяванне на лепшае. 3 цягам часу яно змяняецца болем, затоенасцю. У душы накопліваюцца адчай, расчараванні, крыўды. На жыццё, на ўвесь белы свет. Спакою не дае пытанне: "За што, чым я горшы?" I ў душы снежным комам нарастае адзінота, якой няма куды прытуліцца.

Працаваў тэлевізар. Марына ўважліва глядзела перадачу, у якой вялася размова пра смерць дзіцяці. Гадавалая дзяўчынка памерла ад голаду. А бацькі заўважылі гэта толькі праз два дні, калі выйшлі з чарговага запою. Тэлевізіншчыкі гэтае здарэнне падалі як сенсацыю.

"Як такое можа быць? — падумала Марына. — I гэта ў наш час, час прагрэсу з усімі яго зручнасцямі. Цікава, а які ўсё ж такі ў прагрэса твар — гламурны, прыгожы аж да непрыстойнасці? Або адутлаваты твар вось гэтай жанчыны — маці памерлай дзяўчынкі?". Яшчэ не да канца ўсвядоміўшы, што адбываецца, жанчына спрабавала закрыць твар рукамі ад аб'ектыва камеры. Няўжо сорамна? Марына ў гэта не верыла.

Увогуле, з цягам часу яна перастала верыць у многае. Магчыма, такая асаблівасць жыцця: яно знімае ружовыя акуляры, прымушаючы глянуць праўдзе ў вочы. Ад разумення гэтага спачатку балюча, а потым — звыкаешся.

Марына была ўражлівым чалавекам. Яе звычку ўсё браць блізка да сэрца мама лічыла комплексам. Мела рацыю: усяму болю людскому немагчыма суперажываць — не хопіць сэрца. Тым не менш, Марыне было страшна і жудасна бачыць катастрофы, аварыі, чуць, што дзесьці існуе рабства, у тым ліку і жаночае, хтосьці церпіць здзекі, што ў свеце кагосьці б'юць, рабуюць, забіваюць. Ад усяго гэтага станавілася не па сабе. Хацелася куды-небудзь схавацца, хацелася, каб сэрца акамянела.

Часам ўзнікала думка: навошта Бог стварыў гэты свет, людзей? Дзеля прыгажосці і дабрыні? Толькі атрымліваецца наадварот: людзі ствараюць зло, сеюць яго па свеце, забіваюць у сабе духоўнасць, чалавечнасць. Магчыма, за гэта расплачваюцца нявінныя дзеці — сваім жыццём, скалечаным лёсам.

Колькі такіх вось анёлаў на абочынах жыцця. Згубленых, пакінутых, нікому непатрэбных, якія затаілі крыўду, азлобленых на жыццё, а затым'і жорсткіх. Мноства. Марына была рада, што яна не з іх ліку, што расла ў сям'і. Дзяўчына не магла ўявіць, што ў яе няма родных і блізкіх, што яе бацькі штодзень п'юць гарэлку. Не магла ўявіць, што з ёю сталася б, калі б бацькі адмовіліся ад яе і пакінулі дзесьці ў дзіцячым доме. Гэта было страшна. Толькі ад гэтай рэальнасці немагчыма было збегчы і схавацца. Яна існавала не толькі па той бок тэлеэкрана, а зусім побач. Марыне таксама давялося назіраць такую трагедыю, фіналам якой стала смерць.

...У школьныя гады разам з Марынай вучылася Ліка — дзяўчынка з русымі, вечна нячэсанымі, непрыбранымі валасамі. Ды і ўся яна была нейкая неахайная, неакуратная. Толькі карыя вочы неяк ліхарадкава блішчэлі.

У класе з Лікай амаль ніхто не сябраваў, сядзець за партай з ёй таксама ніхто не хацеў. Не дазвалялі мамы і таты. Ужо з малых гадоў яны выхоўвалі ў сваіх дзецях пачуццё перавагі над іншымі, што з цягам часу перарастала ў ганарлівасць. А Ліка цягнулася да сяброўства. Яна змянялася, як кветка, расцвітала на вачах, калі ёй гаварылі пяшчотнае слова. Ёй хацелася быць камусьці патрэбнай, хацелася вось гэтак жа размаўляць з дзяўчынкамі, дзяліцца з імі ўражаннямі. Аднойчы Ліка прынесла ў школу цукеркі, шчодра раздавала іх аднакласнікам. Цукеркамі яна хацела купіць сяброўства, хаця б толькі на нейкі момант, пакуль не будзе з'едзены апошні ласунак.

Мама Марыны была сапраўды добрай жанчынай. I сябраваць з Лікай не забараняла, нават дазваляла Марыне запрашаць яе ў госці. Ліка, апынуўшыся ў Марыніным пакоі, здзіўлена азіралася навокал, уважліва разглядала кніжныя паліцы, лялькі, асцярожна датыкалася да пакрывала на канапе. Здзіўлялі яе і смачны чай, ежа, увогуле — усё жыццё Марыны.

Дзяўчынкі былі такімі рознымі — Марына з прыгожымі бантамі ў чыста вымытых валасах, і Ліка — неахайная, непрыбраная. Тым не менш, іх сяброўства працягвалася. Хаця і мела яно некаторыя непрыемнасці. Неаднаразова маме Марыны даводзілася змагацца з вашыма ў сваёй дачкі і Лікі. Але паступова яна прывучыла Ліку глядзець за сабой. Марына і Ліка часта размаўлялі, дзяліліся сваімі дзіцячымі марамі або проста сядзелі летам на вуліцы, ласуючыся смачнымі піражкамі, прыгатаванымі Марынінай мамай. А вось да сябе Ліка сваю сяброўку ніколі не запрашала. Гэта крыўдзіла Марыну, неаднаразова з-за гэтага яны сварыліся і некалькі дзён не размаўлялі. Тады Ліка сядзела ў пустым пасля чарговага ўроку класе адна або прагульвалася па калідоры, уважліва ўзіраючыся ў школьныя вокны. А Марына скардзілася маме, якая Ліка кепская, не хоча запрасіць яе дахаты. Мама тлумачыла, што, значыць, ёсць свая прычына, якую яна, у адрозненні ад дачкі, добра ведала. Пазней яе даведалася і Марына, калі вырасла з дзяцінства, перайшла ў той ўзрост, калі многае можна зразумець. Даведалася, што ў Лікі амаль няма сям'і, што яна жыве ў хаце, якую хутчэй можна назваць прытулкам, што даволі часта там збіраюцца п'яныя людзі. Марына зразумела, чаму Ліка так часта атрымлівае гуманітарную дапамогу. Падрастаючы, яна пачала саромецца гэтага.

Зусім выпадкова Марына ўбачыла, як плачучы, Ліка вяла дахаты нейкую жанчыну. Жанчына чамусьці ішла няроўнай паходкай, часта падала, а Ліка, надрываючыся, працягвала падымаць яе і весці далей. — Мама, ну пайшлі, пайшлі дахаты, ты ж замерзнеш...

Марына нібыта аслупянела, не магла вымавіць ні слова. Толькі тады яна зразумела, чаму Ліка ніколі не запрашала яе дахаты, чаму яна амаль нічога не расказвала пра сваіх бацькоў, чаму амаль нічога не ўмела, была нейкая непрыстасаваная да жыцця. I ўвогуле, чаму яна ў апошні час гаварыла, што не хоча жыць, чаму аднойчы прыйшла ў школу з забінтаванай на запясці рукой... Зразумела Марына і тое, чаму Ліка адчувала сябе амаль непаўнацэннай, амаль пракажонай. Хаця яна вырасла даволі вабнай дзяўчынай. На яе заглядваліся хлопцы, толькі ж зноў мамы былі супраць, каб іх сыны сябравалі з Лікай: яны павінны сябраваць з прыстойнымі дзяўчатамі, з нармальнай сям'і.

Пра нармальную сям'ю марыла і Ліка. Неаднаразова яна з зайздрасцю глядзела на Марыну, на яе адносіны з мамай.

Але мары заставаліся марамі. Рэальнасць была зусім іншая, да болю крыўдная. У жыцці Ліка мела сваё месца, мяжу якога пераступіць не магла. Або не х'ацела, звыклася, зламалася. Змірылася са сваёй адзінотай і адчаем, крыўдай. Апошняя з іх была невыносная: жыццё Лікі, вабнасць трапілі ў рукі п'яных кавалераў яе маці, пакуль тая спакойна спала.

— Спакойнай ночы, мама... Тры словы на бялюткім аркушы паперы. Апошнія словы Лікі, якой было толькі шаснаццаць гадоў. Яе больш няма на свеце. Яна проста пакінула яго па сваім рашэнні, смела, адным махам. Паставіла кропку ў сваёй гісторыі. Сышла з абочыны жыцця, каб ісці па роўнай дарозе, усыпанай зоркамі...

А. ДУБРОЎСКАЯ.”Перамога”, №11