ПАДРАСТАЕ МАЛАДАЯ ЗМЕНА



23 лютага -- Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь

У актавай зале сярэдняй школы №3 г. Дзятлава напярэдадні лютаўскіх святаў прайшоў урок-сустрэча вучняў старэйшых класаў з прадстаўнікамі ваенных факультэтаў вышэйшых установаў адукацыі, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь і вайсковых часцей. Мерапрыемства для моладзі арганізаваў Дзятлаўскі ваенны камісарыят. Начальнік групы прызыву на ваенную службу райваенкамата Аляксандр Панкевіч патлумачыў, што падобныя сустрэчы, прысвечаныя лютаўскім святам -- Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і Дню абаронцаў Айчыны -- прайшлі ў шэрагу школ нашай рэспублікі. Яны накіраваны на ідэалагічнае выхаванне падлеткаў, дапамагаюць юнакам вызначыцца з выбарам будучай прафесіі.

Ваенны камісар Дзятлаўскага райваенкамата Генадзь Суравец расказаў прысутным, у чым перавагі ваеннай прафесіі. Сёння, па яго словах, усе курсанты ваенных навучальных установаў знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні: жывуць у казармах або інтэрнатах, забяспечваюцца адзеннем, абуткам, харчаваннем, стыпендыяй. Яны пастаянна знаходзяцца пад наглядам афіцэраў-выхавальнікаў, таму бацькам будучых ваенных не давядзецца хвалявацца за сваіх дзяцей. Выпускнікі ваенных установаў накіроўваюцца служыць у розныя куткі мірнай Беларусі, атрымліваюць жыллё. Яны рана выходзяць на пенсію і могуць працягваць працаваць на грамадзянскіх спецыяльнасцях.

Пра ваенныя спецыяльнасці служачых, асаблівасці службы, віды выкарыстоўваемай лётнай тэхнікі і зброі 116-ай гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы, размешчанай у г. Ліда, расказаў яе прадстаўнік гвардыі маёр І. Булаўко. Ён зазначыў, што база дыслакуецца на самым старэйшым у Беларусі аэрадроме, якому летась споўнілася 100 гадоў. Наогул, у нашай краіне функцыянуюць 4 авіябазы, і ўсе яны знаходзяцца ў буйных гарадах: Мінску, Лідзе, Баранавічах, Пружанах. Жадаючыя тут служыць могуць атрымаць спецыяльнасць на ваенна-авіяцыйным факультэце Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь і ў Мінскім авіяцыйным каледжы.

Лётчык -- гэта высокааплочваемая спецыяльнасць: сярэдняя зарплата пачынаючага ваеннага лётчыка сёння складае каля 10 мільёнаў рублёў. Аднак для будучай прафесіі важна моцнае здароўе і высокія інтэлектуальныя здольнасці. Поруч з лётчыкамі служаць інжынеры, тэхнікі, радыётэхнікі, якія рыхтуюць самалёты да вылетаў, вядуць іх радыёлакацыйнае суправаджэнне. Ваенная тэхніка складаная і дарагая, каб яе абслугоўваць, на авіяцыйных базах працуе шмат ваенных спецыялісаў.

Пра свае ўстановы адукацыі і спецыяльнасці расказалі курсанты Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ горада Мінска, ваеннага факультэта ГрДУ імя Я. Купалы.

Як можна стаць афіцэрамі беларускай арміі, пацікавіліся ў сваіх гасцей і дзяўчаты-старшакласніцы. Ваенкам патлумачыў ім, што, на жаль, ваенныя ВНУ пакуль не вядуць прыём дзяўчат на вучобу. Аднак пасля заканчэння грамадзянскай вышэйшай навучальнай установы, дзяўчаты могуць падаваць дакументы ў любую з вайсковых частак Беларусі. Пры наяўнасці свабодных працоўных месцаў і пры прафесійнай адпаведнасці кандыдаткі, ёй будзе прысвоена званне лейтэнанта. Сваю працоўную кар'еру такая дзяўчына працягне ў якасці ваеннаслужачага.

Напрыканцы ўрока-сустрэчы А. Панкевіч прапанаваў вучням, якіх зацікавілі выступленні гасцей, звярнуцца ў групу прызыву на ваенную службу Дзятлаўскага райваенкамата (тэлефон 2-11-61), каб даведацца пра патрабаванні да абітурыентаў ваенных установаў адукацыі і час праходжання папярэдняй медыцынскай камісіі.

Карэспандэнтка газеты пацікавілася ў курсантаў, жыхароў горада Дзятлава, чаму яны выбралі для сябе ваенную спецыяльнасць, як складваецца іх цяперашняе жыццё і якія ў іх планы надалей.

Алег Юшкевіч, 1 курс ваенна-тэхнічнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта горада Мінска:
-- Стаць ваенным марыў з дзяцінства: падабалася форма, ды і ваенныя афіцэры -- гэта фізічна моцныя, падцягнутыя мужчыны, я таксама хацеў быць на іх падобным. Калі скончу навучанне, атрымаю два дыпломы -- аб ваеннай адукацыі і "грамадзянскі" па спецыяльнасці "інжынер-механік". Вучыцца складана, але цікава. Разам з ваеннымі дысцыплінамі вывучаем спецыяльныя. З астатнімі студэнтамі нашага ўніверсітэта прымаем удзел у розных мерапрыемствах, няма такой ізаляцыі ад навакольнага свету, як у ваенных установах. Жывём у інтэрнаце на казарменным рэжыме, але, хто мае высокія балы па прадметах, можа на выхадныя паехаць дамоў. Я раю тым, хто яшчэ вагаецца, стаць ваенным ці не, прыняць станоўчае рашэнне. Курсанты знаходзяцца на поўным дзяржзабеспячэнні і атрымліваюць добрую стыпендыю. Асабіста я мару хутчэй скончыць навучанне і паспрабаваць сябе ў ваеннай прафесіі. Ну, і вядома, далейшае маё жыццё будзе звязана з прафесіянальнай службай у арміі.

Аляксей Гусеў, 4 курс ваеннага факультэта ГрДУ імя Я. Купалы:
-- Я мэтанакіравана выбраў для сябе ваенную спецыяльнасць, бо служыць ва Узброеных Сілах марыў з дзяцінства. Вучыцца падабаецца. На кафедры фізічнай падрыхтоўкі ладзяцца розныя спартыўныя спаборніцтвы, у якіх прымаем удзел. Цікава ва ўнуверсітэце праходзяць Дні здароўя, калі збіраюцца разам усе факультэты. У мяне выпускны курс, і ёсць магчымасць часта выходзіць у горад. Усім юнакам-старшакласнікам, калі яны мараць стаць самастойнымі людзьмі, сапраўднымі мужчынамі, я раю паступаць на ваенныя спецыяльнасці. Але выбар прафесіі павінен быць асэнсаваным. А я хутка ўжо буду служыць, атрымліваць дастойную зарплату.

Артур Капковіч, 1 курс факультэта ўнутраных войск Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь:
-- Заўжды марыў трапіць у "спецназ", і цяпер у мяне ёсць такая магчымасць. У "элітныя" войскі адбіраюць згодна з рэйтынгам, які залежыць ад вынікаў вучобы і ад паводзінаў. У мяне з рэйтынгам пакуль усё ў парадку, таму, спадзяюся, мара стаць спецназаўцам ажыццявіцца. Я пакуль першакурснік, але знаходжуся на поўным дзяржаўным забеспячэнні. Для многіх абітурыентаў і студэнтаў гэта немалаважна. Вучыцца ў нас вельмі цікава. Ва ўніверсітэце ёсць багатая матэрыяльна-тэхнічная база, а курсанты нашага факультэта маюць магчымасць навучыцца страляць з усіх відаў зброі. На кожным курсе ладзяцца стажыроўкі. За паўгода навучання я стажыраваўся ў патрульна-паставой службе ў в/ч-5448 горада Мінска. Сёлета ў нашай краіне пройдзе чэмпіянат свету па хакеі, і мы, курсанты, разам з праваахоўнікамі будзем забяспечваць парадак на вуліцах сталіцы. У мяне з'явілася шмат надзейных сяброў, здольных дапамагчы ў цяжкую хвіліну, ёсць сапраўдная мужчынская справа, чаго жадаю і іншым хлопцам.

І. СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/