ПАД ПАКРОВАМ СВЯТЫХ АНЁЛАЎ



Адметнасцю вёскі Раготна з'яўляецца касцёл у гонар Святых Анёлаў-Ахоўнікаў. Яго вежы заўважны адразу, калі ўязджаеш у Раготна з боку Боркаў. Касцёл пабудаваны ў стылі позняга класіцызму, для якога характэрны магутныя дакладныя архітэктурныя формы, якія нібыта падкрэсліваюць усю веліч святыні.

Цагляны касцёл пабудаваны ў 1840 годзе. З гэтай даты пачалася навейшая гісторыя святыні, паколькі вытокі яе бяруць пачатак ажно ў 15 стагоддзі. Тады ў мястэчку быў узведзены драўляны касцёл. Першапачаткова ён быў названы ў гонар аднаго з апосталаў Езуса Хрыста -- Барталамея.

У 30-ых гадах сямнаццатага стагоддзя каталіцкая святыня знаходзілася ва ўладанні кальвіністаў, прыхільнікаў адной з галінаў пратэстанцкага вучэння. У 1656 годзе касцёл быў разбураны. Адноўлены ён быў дзякуючы старанням і фінансавым ахвяраванням Анджэя Завішы. Магчыма, гэта быў прадстаўнік вядомага роду, у гербе якога была выява лебедзя. Аб генеалогіі гэтага роду можна знайсці звесткі ў кнізе "Успаміны Крыштафа Завішы". Яна змяшчае і цікавыя дзённікавыя запісы, у якіх неаднаразова ўзгадваецца Раготна, тагачасная назва якой -- Раготня.

Асвяціў адноўлены каталіцкі касцёл у Раготне біскуп Слупскі. Адбылося гэта 9 лістапада 1673 года. У час Паўночнай вайны касцёл зноў быў знішчаны. Ужо ў 1809 годзе была ўзведзена мураваная святыня, пакрытая гонтам -- тонкімі драўлянымі пласцінкамі даўжынёю 20-28 дзюймаў, шырынёю 4-6 дзюймаў. У 1817 годзе пры Раготнаўскім касцёле мелася драўляная школа, а таксама шпіталь. У ім былі два мужчынскія аддзяленні і чатыры жаночыя. Акрамя гэтага, касцёл меў філіі ў Скрундзях, Рандзілаўшчыне і Харабровічах.

У 60-ых гадах 19 стагоддзя каталіцкая святыня была пераабсталявана пад праваслаўную царкву (аб гэтым і цяпер нагадваюць некаторыя адметнасці ва ўнутранай планіроўцы збудавання). Царква была названа ў гонар Ражаства Багародзіцы. Вернута католікам святыня была толькі ў 20-ыя гады 20 стагоддзя. А вось у савецкі час, а дакладна з 1950 па 1988 год Раготнаўскі касцёл выкарыстоўвалі пад зернясховішча.

-- Калі касцёл пераабсталявалі пад зернясховішча, -- прыгадвае Соф'я Антончык, адна з прыхаджанак парафіі, цяперашняя жыхарка Наваельні, -- на вуглу пабудавалі і невялікі млын. Са званніцы былі зняты званы -- іх было тры. Куды яны былі адвезены -- невядома.

Сапсаваны быў і арган. Памятаю, ён у нас быў вялікі, на 16 галасоў. Разбіраючы яго, хтосьці прыладкоўваў арганныя трубы пад запчастку да матацыкла. Калі ж казаць аб іконах, то многія прыхаджане забіралі іх дахаты, каб захаваць. Доўгія гады ў мяне дома знаходзілася палатняная ікона "Сэрца Езуса Хрыста". Захоўвала яе ў рамцы пад шклом. Мне прапаноўвалі прадаць ікону. Я на гэта адказвала: "А куды ж вы яе дзенеце?". Ікона павінна быць у касцёле. Як будзем жывыя, яна абавязкова будзе вернута". Так і сталася. Гэтая ікона цяпер зноў у нашым касцёле.

Была ў ім і фігура Езуса Хрыста. Яе на захаванне забрала адна сям'я з Яхноўшчыны. Толькі так сталася, што дом згарэў, згарэла і фігура.

Гады запусцення касцёла памятае і Яніна Юргель, ужо даволі пажылая жанчына, жыхарка Раготна. Яна прыгадвае тыя гады з болем. Слёзы, толькі ўжо радасці, выступаюць на яе вачах, калі яна расказвае, як касцёл быў вернуты вернікам, як паступова крок за крокам ён аднаўляўся. Рэканструкцыя святыні звязана з імем ксяндза Антонія Дзям'янкі, цяперашняга біскупа Пінскага. А вось першая пасля доўгага перапынку служба ў касцёле Святых Анёлаў-Ахоўнікаў адбылася ў 1990 годзе. Прыязджалі служыць набажэнства ксяндзы з Польшчы.

Увогуле, у гісторыю Раготнаўскага касцёла ўпісана шэраг імёнаў святароў. У ліку іх -- Аўгусцін Ліпко (ён быў пасаджаны ў Гродзенскую турму па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні 1863-1864 гадоў), Фелікс Драздоўскі, Ян Гой. Ён служыў з 1937 па 1939 гады, з прыходам новай улады быў арыштаваны і пасаджаны ў турму. Былі гады, калі ў касцёл Святых Анёлаў-Ахоўнікаў прыязджалі служыць святары з Навагрудку, Дзятлава, Наваельні.

Аб гісторыі касцёла вёскі Раготна мне расказаў цяперашні яго настаяцель ксёндз Віктар Захарэўскі. Ён -- ураджэнец Гальшан, тых самых, адкуль родам Соф'я Гальшанская, жонка Ягайлы.

З васьмі гадоў прыслужваючы ў касцёле, пасля школы Віктар паступіў у Гродзенскую семінарыю. Пасля яе заканчэння першапачаткова служыў дыяканам у касцёле ў пасёлку Рось Ваўкавыскага раёна. Там знаходзіцца цудатворная фігура Езуса Пакутніка (Фрасаблівага). Рукапалажэнне ў сан адбылося ў саборы святога Францішка Ксаверыя ў Гродне. У гэтым жа касцёле некаторы час Віктар служыў вікарыем. Пасля -- вікарыем у касцёлах Жалудка, Астраўца. З чэрвеня бягучага года ксёндз Віктар служыць у Раготнаўскім касцёле Святых Анёлаў-Ахоўнікаў.

Цяпер парафія касцёла налічвае каля пяцісот чалавек (быў час, калі парафія налічвала 3500 чалавек). Ксёндз Віктар таксама абслугоўвае парафію касцёла Святой Троіцы ў Стараельні, праводзіць службы ў капліцы Святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус ў Лапушне, у капліцы Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Данілавічах. Дарэчы, у кастрычніку ў капліцы Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Данілавічах ( капліца была ўзведзена ў 1990 годзе, дзякуючы тагачаснамцу ксяндзу Антонію Дзям'янку) прайшла парафіяльная ўрачыстасць. Яна адбылася і ў капліцы Святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус у Лапушне. Таксама адбыўся фэст у парафіі касцёла Святых Анёлаў-Ахоўнікаў. Удзел ва ўрачыстасці, якая нагадала вернікам аб ролі анёлаў ў жыцці кожнага чалавека, прыняў ксёндз Анатоль Захарэўскі -- старэйшы брат ксяндза Віктара. У час урачыстасці былі асвечаны чатыры новыя харугвы, якія пашыла іх маці.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/