Не толькі паэты - гонар Зачэпічаў



Далёкі ўжо 1967 год. У адзін з кабінетаў Новага замка ў Гродне, дзе размяшчаўся абкам партыі, прыйшоў тады новы работнік. Гэта быў чалавек, лічы, юнацкага ўзросту, яму не было і трыццаці. Так у юбілейным па кастрычніцкім каляндары годзе адказнае крэсла ў сельгасаддзеле абкама заняў сын з сялянскай сям'і Аляксей Яновіч. Ураджэнец дзятлаўскай вёскі Зачэпічы, ён перад гэтым станоўча паказаў сябе на пасадзе старшага, затым галоўнага агранома Гродзенскага аблсельдзяржпраўлення.

Мне выпала пазнаёміцца з А. Яновічам, калі ён як намеснік загадчыка сельгасаддзела курыраваў прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу Гродзеншчыны.

А ад знаёмых старшынь калгасаў, журналістаў не раз чуў добрыя водгукі пра Аляксея Аляксандравіча як пра кампетэнтнага спецыяліста, прыстойнага кіраўніка. Падобную ацэнку нечакана пачуў і ад народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. У той час я працаваў рэдактарам Мастоўскай газеты "Зара над Нёманам". Ля гасцініцы, якая была побач з рэдакцыяй, сустрэўся з вядомым празаікам. Цёпла прывіталіся, сталі размаўляць. Васіль Уладзіміравіч паведаміў, што ён і яго сябра Аляксей Карнюк наведалі шэраг калгасаў вобласці. Апекаваўся ж у той паездцы пісьменнікамі Аляксей Яновіч.

— Разумны і прыстойны чалавек, — ха-рактарызаваў А. Яновіча В.Быкаў. — I цікавы суразмоўца. Словам, мудры сын вёскі. Важна падкрэсліць наступнае: якія б высокія пасады не займаў А. Яновіч, ён заўжды заставаўся простым і даступным чалавекам. Помню сустрэчы з ім у Лідзе, калі Аляксей Аляксандравіч наведваў старажытны горад разам з прэм'ер-міністрам Вячаславам Кебічам. Сталічны чыноўнік першым стараўся павітацца са знаёмымі людзьмі, распытваў пра землякоў-таварышаў, прасіў перадаць ім прывітанні.

У снежні (18.12.2009г.) нашчадку сялянскага роду споўнілася 70 гадоў. 3 гэтай нагоды шчырыя віншаванні і найлепшыя пажаданні шлюць Аляксею Аляксандравічу не толькі дзятлаўчане, а і многія людзі з іншых раёнаў, якім давялося ведаць А. Яновіча па рабоце. У ліку іх нямала і лідчан. А мне, працуючы над гэтымі нататкамі, падумалася вось аб чым. Не толькі знакамітымі паэтамі Пятрусём Гранітам, Васілём Струменем і Герасімам Праменем славяцца Зачэпічы. Яскравы прыклад таму — жыццёвы шлях юбіляра. А напрыканцы застаецца сказаць: такіх людзей выхавала працавітая, сумленная і патрыятычная вёска.

Аляксандр ЖАЛКОЎСКІ. г. Ліда. “Перамога”, №101