Нашэсце



Зямля стагнала. 3 захаду на яе насоўвалася, давіла сваім цяжарам сталёвая навала. Ляскат гусеніц, цяжкі, завываючы рокат матораў скалануў наваколле. Здавалася, што ад моцнага гулу дрыжыць і лес, і рэчка, і зямля.

Затаілася ў чаканні бяды Вялікая Воля. Трывожная цішыня апанавала заўсёды ажыўленую вёску.
Сонца і тое ў першы раз за гэтыя пакутлівыя дні схавалася за хмару.

А гул нарастаў, набліжаўся. Удушлівы смурод ад перагрэтых матораў пацягнуўся па вуліцы.

Нечакана зусім блізка бухнулі гарматы. Выбухі ўскінулі ўгору кавалкі сухой зямлі. I раптам цёмна-зялёны натоўп запаланіў вясковую вуліцу. Фашысты расцякаліся брудным патокам, запаўняючы двары, шырокую вуліцу, сцяжынкі.

3-за шчыльна закрытых акон велікавольцы з жахам глядзелі на гітлераўскіх салдат; іх шэра-зялёныя мундзіры з распасцёртым арлом на грудзях, глыбокія каскі, цяжкія, падкутыя жалезам боты, адрывістая, незразумелая мова наводзілі невыказны страх. Людзі з трывогай чакалі, што ж будзе далей. А яны ўрываліся ў хаты, абшуквалі ўсе куткі, залазілі на гару, парасчынялі хлявы. То ў адным, то ў другім двары раздаваліся стрэлы. Акупанты лавілі курэй, забіралі жывёлу, дзеля забавы стралялі сабак. Ім усё было дазволена.

За некалькі дзён свайго «гаспадарання» акупанты не пакінулі ў вёсцы ніводнай курыцы, пастралялі ўсіх сабак. У Івана Павачкі прама ў хляве забілі свінню з малымі парасятамі, у Антона Павачкі забралі карову.

Вялікая Воля страціла сваю прыгажосць. Шырокія гусеніцы танкаў зруйнавалі гароды вяскоўцаў, затапталі ў зямлю кветкі, паразломлівалі кветнікі. У Вялікай Волі заставалася многа параненых чырвонаармейцаў. У доме Івана Павачкі знаходзілася дванаццаць чалавек. Ні адзін з іх не мог самастойна падняцца на ногі. Сярод параненых было некалькі камандзіраў. Іван Осіпавіч успамінае, што байцы вельмі шкадавалі, што ў іх няма зброі. Яны не хацелі жывымі давацца ў рукі ворагаў. Калі фашысты пачалі выкідаць іх на вуліцу, каб пагрузіць на машыны, параненыя плявалі ворагам у твар, кусалі рукі...

Зараз Павачка не памятае прозвішчаў параненых. Ведае, што былі рускія, адзін беларус з-пад Полацка, украінец і башкір. Іван Осіпавіч запомніў ленінградца, якога параненыя называлі то Жора, то «таварыш палітрук». Гэта быў малады прыгожы хлопец. У яго былі прастрэлены абедзве нагі. Ён часта траціў прытомнасць, прасіў піць. Калі хлопец пачынаў трызніць, то ўсё клікаў нейкую дзяўчыну, успамінаў Ленінград.

У Вялікую Волю пачалі даходзіць трывожныя весткі. У суседняй вёсцы Малая Воля гітлераўцы расстралялі двух чалавек толькі за тое, што тыя асмеліліся наблізіцца да забітых нямецкіх салдат.

Не, не свабоду і вызваленне неслі на сваіх штыках фашысты, як яны гэта трубілі на ўвесь свет, а смерць і разбурэнне. У гэтым велікавольцы пераканаліся з першых дзён гітлераўскага нашэсця.

А па дарозе на ўсход, скрыгочучы сталёвымі гусеніцамі, сунулася і сунулася карычневая чума. І кожны яе крок наперад пякучым болем аддаваўся ў сэрцах людзей.