Наш доктар



Снежаньскі дзень вельмі кароткі. Ледзь стрэлкі гадзінніка пахіляцца на пасляабедзенны час, як за акном непрыкметна насоўваецца няпрошаная цемра. Не любіць гэтую пару года Барыс Сямёнавіч — невясёлая яна. У палоне ў зімы яркае сонца, пяшчотныя промні якога не толькі грэюць, але і бадзёраць душу. А так яна больш напоўнена смуткам, а жыццё, нібы суцэльны паток думак, што трывожаць, непакояць. У доктара так: перажыванні за здароўе людзей — знаёмых і незнаёмых, пажылых і маладых. Яго за грошы не купіш. Шукаюць паратунку ў медыцыны, якой і прысвяціў сваё жыццё мой аднакласнік Барыс Шмыгін.

Каля ста чалавек штодзённа пераступаюць парог рэнтгенаўскага кабінета. А ён працуе не толькі тут, а загадвае ўсёй рэнтгеналагічнай службай раёна. I кожны нясе сюды свой боль, свае пакуты, не здагадваючыся, што ўсё пазней кладзе адбітак на добрую душу гэтага цудоўнага чалавека. Людское гора не праходзіць для яго бясследна — яно суправаджае бяссоннымі начамі, нярвовым напружаннем, хваляваннямі, якіх не бачаць пацыенты.

Так было і ў гэты дзень. У рэнтгенкабінет зайшоў малады мужчына. Доктар, глянуўшы яму ў вочы, спрабаваў зразумець: што ж прывяло яго сюды. Барыс Сямёнавіч не прыкмеціў спачатку ў іх болю. Наадварот, вясёлая ўсмешка на твары, жарт сцвярджалі, што ён тут аказаўся выпадкова. Толькі доктару, праз рукі якога прайшлі тысячы хворых, так не падалося. Ён быў упэўнены: здаровага ж чалавека ў стацыянар не кладуць і выклікае пацыента на размову.

— Ранкам адчуваю лёгкае недамаганне. Але гэта, думаю, дэпрэсія, якая звычайна бывае такой парой года, — распавядае пра сябе Мікалай Аляксандравіч (так звалі маладога мужчыну). Жонка спакою не дае: ідзі ды ідзі да доктара. Паслухаўся. Здаў аналізы. Яны насцярожылі ўчастковага ўрача і ён параіў легчы ў стацыянар на абследаванне. Вось ужо пару дзён хаджу па кабінетах — усё добра. Трапіў і да вас. Кішэчнік неабходна прасвяціць, — не спыняў гаворку Мікалай Аляксандравіч.

Доктар падтрымаў суразмоўцу, абнадзеіў, але засумняваўся: у такім узросце шчокі павінны гарэць румянцам, а ў Мікалая яны неяк асунуліся, мелі бледны выгляд. I тут жа, адкінуўшы трывожныя думкі, Барыс Сямёнавіч пачаў абследаванне. Як экран тэлевізара, так і рэнтген адкрываў таямніцы чужой брушыннай поласці. Пільна ўглядваючыся ў кожны яе ўчастак, доктар радаваўся: парадак. I раптам халодны пот выступіў на лоб, які быў прыкрыты белай медыцынскай шапачкай. Рукі крыху паслабелі: так і ёсць. Вось што паядае малады арганізм — не вялікая пухліна вырысоўвалася яскрава. Сумнення не было — суцяшальнага мала. Барыс Сямёнавіч, каб не выдаць сваё хваляванне, прытармазіў некалькі хвілін і спакойным голасам папрасіў хворага апранацца. А той, і не падазраваючы, што яго чакае, зноўтакі жартаваў, спрабаваў заглянуць у адведзеныя ўбок вочы доктара, каб пераканацца, што ён жа здаровы, а недамаганне... пройдзе.

Барыс Сямёнавіч, зрабіўшы запіс у гісторыю хваробы, скупа ўсміхнуўся: "Можа і так. Ваш доктар усё растлумачыць". А пра сябе падумаў — не хацеў бы аказацца ў гэты час на месцы свайго калегі. Чым супакоіць хворага, дзе знайсці неабходныя словы.

Малады чалавек пакінуў рэнтгенкабінет, а Барыс Сямёнавіч адчуваў сябе як у цісках. Яму здавалася, што ён сам трапіў у шчупальцы гэтай каварнай хваробы, якая падчас не пакідае шанцаў на жыццё. 3 ранай на душы, якую нанесла чужое гора, ён працягваў прыём хворых.

У такім стане я і застала свайго аднакласніка. Апраўдваючы невясёлы настрой, ён і распавядаў мне гэтую сумную гісторыю. Паціраючы рукі, якія яшчэ дрыжалі ад хвалявання, прапанаваў лепш вярнуцца ў той далёкі час, калі мы вучыліся разам у адным класе дзятлаўскай СШ №2. Барыс сядзеў ад мяне праз адну парту...

Пераймаючы майстэрства бацькі (а ён быў добрым слесарам, токарам, любіў тэхніку), сын таксама захапляўся тэхнічнай справай. У 10-ым класе Барыс на ўрок фізікі прынёс невялікі рухавічок, зроблены сваімі рукамі. Хлопцы аб-ляпілі яго з усіх бакоў, а нас, дзяўчынак, больш цікавіла мода. 1 тым не менш, зайздросцілі Барысу: "Глянь, які ўдалы. Залатыя рукі мае. Проста здзівіў". Мы меркавалі, што разам з намі вучыцца будучы інжынер.

Але, як сталася пазней, Барыс пайшоў другой дарогай. Яго залатыя рукі і разумная галава спатрэбіліся ў медыцыне. Пасля заканчэння сярэдняй школы (і сам таго не разумеючы, што робіць правільны выбар) паступіў у Слонімскае медвучылішча. Ужо ў першыя месяцы вучобы юнак упэўніўся, што не памыліўся. 3 вялікім інтарэсам вывучаў новыя дысцыпліны, унікаў у таямніцы будучай прафесіі.

3 дыпломам фельчара малады спецыяліст пачаў працаваць у псіхіятрычнай бальніцы ў Навінках. Не трэба тлумачыць, наколькі адказная была работа. Да людзей, якія пакутуюць расстройствам нярвовай сістэмы, патрэбен быў асаблівы падыход, асаблівая мова. Барыс спраўляўся, а медыцына, як наркотык, зацягвала ўсё больш.

Пасля службы ў арміі (тут таксама набіраўся вопыту, практыкаваў, лячыў сваіх саслужыўцаў) у салдацкім шынялі, з ча-маданак у руках, не даехаўшы дадому, не пабачыўшы бацькоў, прыпыніўся ў Гродне, каб падаць дакументы ў медінстытут. Ваеннае абмундзіраванне надавала цяпер былому салдату яшчэ больш саліднасці. I гэта не магло не выклікаць сімпатый у тых, хто тут вучыўся і працаваў. А неўзабаве ён і сам заняў месца ў студэнцкай аўдыторыі, толькі не навічком, а ўжо вопытным медыкам.

Заняткі, сесіі, залікі — усё ішло сваёй чаргой. А вось на пятым курсе яго позірк пачаў ужо больш спыняцца і на дзяўчатах, асабліва на аднакурсніцы Вользе Пятровіч. Столькі часу хадзілі па адных калідорах, сустракаліся на лекцыях, хваляваліся на сесіях — усё звычайна, як у студэнтаў. Але цяпер, убачыўшы дзяўчыну, чамусьці ёкала сэрца. Барыс зразумеў, што ім авалодала светлае, высокае пачуццё — назва яму каханне. I ён баяўся паспяшыць, каб не спалохаць. Адчувала і дзявочае сэрца Вольгі, але яна не выдавала сябе: закрадваліся сумненні, здагадкі. Апошняе спатканне падвяло рысу ў іх адносінах. Барыс прапанаваў Вользе свае руку і сэрца — руку моцную, надзейную, а сэрца шчодрае, пяшчотнае. Дзяўчына паверыла, дала згоду стаць яго жонкай, ісці заўсёды побач. У пацвярджэнне сказанаму 34 гады сямейнага жыцця.

На шостым курсе парадаваў іх сваім нараджэннем сынок — назвалі Аляксандрам. Гадавалі немаўлятку самі ў маленькім пакойчыку інтэрната. Не клікалі на дапамогу бацькоў, разлічвалі на свае сілы. Так у паўсядзённых клопатах закончылася студэнцкае жыццё. Наперадзе была інтэрнатура ў Слонімскай гарадской бальніцы. Барыс набіраўся тут майстэрства, вопыту як хірург, быў асістэнтам у час аперацый. Вольга ўдасканальвала тэрапеўтычную справу.

У 1978 годзе маладыя медыкі па накіраванню прыехалі працаваць у Наваельнянскую бальніцу. Барыса Сямёнавіча прызначылі галоўным урачом. Работа адміністратара забірала шмат часу (ён распачаў будаўніцтва новай паліклінікі), а любімая хірургія заставалася на другім плане: прытупляліся навыкі, прафесіяналізм. Гэта вельмі непакоіла і ён адмовіўся ад "улады", не захацеў здрадзіць выбранай прафесіі. Пасля заканчэння курсаў у Мінску стаў доктарам-рэнтгенолагам. Змяніўся час, змянілася жыццё. Змяніўся і сам Барыс Сямёнавіч. Ен вырас прафесійна, дасканала ведае сваю справу, перадае, дзеліцца майстэрствам са сваімі падначаленымі. Не змянілася адно — ён і цяпер сціплы, добры, памяркоўны. А спагада да людзей, чуласць — гэта перадалося з нараджэння з малаком матулі, якая дала яму жыццё. А яно не прайшло марна. Усяго сябе доктар аддае хворым людзям. Галоўны прынцып у яго рабоце — не нашкодзь, не памыліся. Мы сядзім насупраць адзін аднаго, размаўляем як аднакласнікі. Яно і зразумела. Нас узгадавала адна школа, наш клас. Часу на гутарку амаль няма. Хвіліна-другая і Барыс Сямёнавіч зноў углядаецца ў чарговую рэнтгенаграму, робіць яе апісанне. А ў кабінет заходзіць новы пацыент, падае накіраванне. У работу ўключаюцца лабаранты, у адрас якіх доктар гаворыць толькі ўдзячныя словы. Пазней рэнтгенаграма зноў у руках Барыса Сямёнавіча, зноў апісанне і так бесперапынна. Я пабыла ў рэнтгенкабінеце не больш 15 хвілін. Барыс Сямёнавіч нават сумеўся (гэта ў яго характары), калі пачала развітвацца: я тут толькі перашкода. А людзі ішлі і ішлі.

— Паказаў бы яшчэ і рэнтгенкабінет на другім паверсе, — быццам апраўдваючыся, прапануе мне мой аднакласнік. — Пачакай, можа выдасца крыху вольнага часу.

Не, Барыс Сямёнавіч, я зразумела, які напружаны ў цябе графік работы. Жыві для хворых людзей, дапамагай ім, працягвай сваю высакародную справу, якую ты выбраў неспадзявана, але невыпадкова і назаўсёды. Я ўглядвалася ў прыгожыя вочы свайго аднакласніка — ім вельмі пасуюць белыя шапачка і халат — уніформа, якую носіць вось ужо больш 40 гадоў. Амаль столькі ж часу аддала людзям, дапамагаючы вярнуць здароўе, яго верная спадарожніца Вольга Мікалаеўна, якая працуе загадчыцай Наваельнянскай бальніцы.

Калі надарыцца бываць у паліклініцы і праходзіць каля зачыненых дзвярэй рэнтгенкабінета, кідаю позірк на белае табло, на якім яркай чырванню гараць словы "Не ўваходзіць" і пра сябе заўсёды думаю: "Тут працуе наш Барыс, наш доктар". I душу перапаўняе гонар за свайго аднакласніка. На ўспамін ідуць дзяцінства, школьныя гады і мы — хлопцы і дзяўчаты, якія выйшлі за школьны парог у самастойнае жыццё. Разам з намі быў і Барыс Сямёнавіч Шмыгін, пра якога мне так хацелася расказаць у "Перамозе". Я рада, што ты не зазнаўся, не заганарыўся і кожны раз пры сустрэчы шчыра ўсміхаешся і даеш зразумець: "Я ўсё той жа Барыс, твой аднакласнік..."

А. Дзікалава. “Перамога”, №101.
Фота Б.Варны

_____________________________________________________________________________________________________

Для хорошей работы нужна не только комфортная и функциональная мебель, но и хорошая, а главное безопасная атмосфера в офисе. Ну а так как управление недвижимостью лучше всего поручать именно тем лицам или организациям, которые в этом разбираются и имеют в этом деле опыт.