
Мы выраслі даўно,
Паверыць нават цяжка,
Што ў нашае акно
Больш не загляне казка.
А з ёй салодкі сон
I ясная усмешка.
Там сёння ля акон
Пратоптаная сцежка
Ад лёгкіх ног чужых,
Віднеецца ледзь значна.
I песню ловіць слых,
Што кліча ў юнацтва.
Як не стае ўсім нам
Прыгожай шчырай казкі,
Каб не вяртацца к снам
Па радасць і па ласку.