
Лятуць, лятуць гусі
У далёкі вырай
Усё хавацца мусі
Ад нядолі шчырай.
Гусанькі, вы гусі
Крылле мне спусцеце,
Можа, падымуся
3 вамі й я ляцець.
Бо ўжо месяц цэлы
Воддаль родных гукаў
Тут з душой збалелай
Гіну я між мукаў,
Між галодных людзяў,
Між хваробы, смерці
3 таскнатой у грудзях,
3 каменем на сэрцы.
Лятуць, лятуць гусі
Удаль за сіне мора
Не зважаюць, мусі,
Ні на жаль, ні гора.
Ах, чакайце, гусі,
Я вас запытаю
Можа, ля мамусі
Праляціце краю.
Там, ля роднай вёскі,
Ведаю я, знаю,
Выйдзе на палоскі
У бок шумнога гаю.
Гдзесь на захад сонца
Сын яе забраны...
Мучаць мо, бясконца..
За што? незгадана...
Што любіў краіну
Ён усей душою,
Што яе не кінуў
Грознаю парою.
Нікаму ж у жыцці
Не зрабіў благога...
Нікаму не жычыў
Кепскага нічога.
Ах, скажыце гусі,
Што я жыў, здаровы,
Зараз павярнуся,
Вольны, без аковаў.
Лятуць далей гусі
У свой у даль далёкі,
Нашай Беларусі
Толькі краем — бокам.
Гусі, пачакайце
На адну хвіліну...
Момант... прывітайце
Родную краіну...
Паляцелі гусі...
Ужо на краю неба...
Ім ні Беларусі
Ні мяне не трэба.
1921 г.