

Гледзячы на шчасце чалавека, не спяшайся жаліцца на сваю долю. Ты не ведаеш, што чакае яго наперадзе. Магчыма, вось гэтая шчырая, шчаслівая ўсмешка, рамантычныя дні кахання, радасці — апошнія ў яго жыцці. Не спяшайся зайздросціць, вучыся радавацца чужому шчасцю. Яно — хуткакрылы матылёк. Непастаянны, непадуладны нікому. I памятай, што кожнаму чалавеку — свая доля шчасця, свая доля пакутаў. Галоўнае— вытрымаць выпрабаванні, не зламацца, выстаяць.
Вольга зрабіць гэтага не змагла. Яе душу зламала каханне. Яно падарыла ёй крылы, потым гэтак жа імгненна і неспадзявана, не пытаючыся, абарвала палёт душы, кінула яе ў бруд. Цяжка было паверыць, што гэта магло здарыцца з такой маладой, абаяльнай дзяўчынай, якой многія зайздросцілі — яе прыгажосці, вабнасці, узнёсласці.
Вольга была нейкая ўся паветраная, лёгкая. На яе зазіраліся хлопцы, калі яна ішла па вуліцы, цокаючы абцасамі, вітаючы ўсіх шчырай усмешкай. Яна дарыла яе ўсім і нікому, яна ўсміхалася цэламу свету. Узіралася ў яго сваімі блакітнымі вачыма-азёрамі, шукала сваё шчасце, чакала яго.
Яно прыйшло неспадзявана, у адзін з летніх дзён. На танцах яна пазнаёмілася з Сашам. Вочы-азёры сустрэліся з позіркам такіх жа блакітных вачэй. Вользе здалося, што яна магла б глядзець у іх бясконца. Нібы летні лівень, дзяўчыну захапіла першае каханне. Яна ўжо не магла і дня пражыць без Сашы — любага, адзінага. I калі хлопца забралі ў армію, яна ведала, што будзе чакаць яго. Вочы Волыі свяціліся шчасцем кожны раз, калі яна атрымлівала ад Сашы пісьмы і паштоўкі, па некалькі разоў перачытвала іх. У марах яна бачыла сябе толькі разам з Сашам, як у белай сукенцы разам з ім танцуе вальс.
Першае каханне — самае моцнае, гарачае. I сляпое, нібы толькі што народжанае кацяня.
Вольга не заўважала, што паштоўкі Сашы сталі больш скупыя на словы, у апошнія месяцы службы ён і зусім перастаў пісаць. "Хутка ж убачымся", — тлумачыў ён у апошнім сваім лісце. Вольга верыла гэтаму, жыла ў чаканні сустрэчы. Калі яна адбылася, дзяўчына не пазнала любага. Узмужаў, пасталеў, у вачах не было больш пяшчтоы да яе. Чаму так, растлумачыць дзяўчына не магла, яшчэ жыла ў сваіх марах.
Цяпер яны вучыліся ў каледжы. Часта званіла Сашы, а прыязджаючы дахаты, адразу ж бегла да яго. Пасля кароткіх спатканняў крыўдамі на Сашу за яго абыякавасць, халоднасць дзялілася са сваёй сяброўкай Лерай. I не магла ўявіць, што праз колькі месяцаў менавіта Лера стане жонкай Сашы. I ўвогуле, увесь час ён кахаў толькі Леру — не такую прыгожую, як Вольга, але такую абаяльную, непрыступную, і ад гэтага яшчэ больш жаданую. Менавіта назло Леры Саша пачаў сустракацца з Вольгай, стараючыся забыцца пра свой боль.
Здаецца, банальная гісторыя. Толькі на яе фоне разыгрываюцца зусім не жартоўныя трагедыі. I перажываюць іх часцей за ўсё менавіта такія героі, як Вольга — адкрытыя, рамантычныя, узнёслыя.
Лёгкакрылы матылёк шчасця пакінуў Вольгу, душа апусцілася на калені. Набатам гучалі словы:"За што?", "Няпраўда, ён кахае мяне...", "Не пакідай, вярніся!" Душа звярталася і парывалася да свайго куміра — Сашы. А ён схіляўся перад іншай, быў шчаслівы з ёю. Толькі сляпое кацяня-каханне ніяк не хацела адкрываць вочы — каб даць магчымасць выстаяць, змагацца за жыццё.
Даведаўшыся пра вяселле любага, Вольга зусім засумавала. Выратаванне шукала ў вучобе, у новых знаёмствах. Толькі боль не адпускаў, расла крыўда. Хацелася даказаць, што яна чагосьці вартая.
Хлопцы па-ранейшаму звярталі на яе ўвагу, сяброўкі па каледжы былі вясёлыя, з імі было лёгка. Яны не "грузіліся" якімсьці там каханнем, жылі па прынцыпе: "Жыццё і так кароткае, у ім варта паспытаць усё."
— I я буду так жыць, не буду белай варонай,— вяла нягучную размову з Сашам Вольга. — Табе не патрэбна мая вернасць. I яе не будзе. Яна спатрэбіцца камусьці іншаму, другому, трэцяму.
Вольга пачала новае жыццё. Яна стала сваёй у новай кампаніі хлопцаў і дзяўчат, дзе была самая прыгожая, самая вясёлая і самая даступная. Жыла дзеля свайго задавальнення — вясёлыя кампаніі, гарэлка, цыгарэта, лёгкія сувязі. А маладосць, свежасць Вольгі паступова таялі. Як дым ад цыгарэт у яе пажоўклых пальцах.
Ішоў час. Крыўда змянілася абыякавасцю. Вользе было ўжо ўсё роўна, як яна выглядае, што з ёй адбываецца. Хлопцы, якія калісьці захапляліся дзяўчынай, цяпер смяяліся над ёй, адштурхоўвалі ад сябе, калі яна чаплялася да іх, прапаноўвала сябе. Калі занадта надакучвала, маглі і ўдарыць па твары.
А хутка на ім з'явілася і яшчэ адна адмеціна. Вольга парэзала шчаку аб шкло, калі падала на падлогу, ад п'янага дурману не ўстаяўшы на нагах. Тады яна знаходзілася ў адным кроку ад той бездані, адкуль больш не вяртаюцца. Толькі, напэўна, на гэты раз нябёсы пашкадавалі Вольгу.
Выратаванне прыйшло неспадзявана. Вольга зацяжарыла. Калісьці яна так марыла аб гэтым, уяўляла, як будзе трымаць на руках свайго сына,падобнага на Сашу. А атрымалася зусім інакш: яна не ведала, хто бацька яе дзіцяці. Тым не менш, пазбаўляцца ад яго не спяшалася, ды і было ўжо позна.
Вольга не змянілася ў адзін момант. Ці бывае такое ў жыцці? Па-ранейшаму выпівала, але ўжо не так часта, як раней. Стоячы перад люстэркам, падоўгу ўглядалася ў свае вочы, блакітныя, як азёры. Усё, што засталося ад яе былой прыгажосці.
У Вольгі нарадзіўся хлопчык. Да таго моманту яна зусім перастала піць, хаця неаднаразова рука цягнулася да чаркі. Напэўна, гэтае жаданне перасіліў страх, што дзіця забяруць, што яго будзе выхоўваць хтосьці іншы. А яна калісьці марыла стаць маці. I цяпер Вольга хацела даказаць, што вартая гэтага. Яна і так шмат згубіла ў жыцці — каханне, сяброўства, сваю маладосць і прыгажосць.
Дзіця давала ёй шанц пачаць усё спачатку, знайсці сэнс жыцця, адчуць яго сапраўдную асалоду. Гэта было вельмі цяжка. Нібы пасля доўгай хваробы, Вольга зноў вучылася жыць, вучылася быць мамай для свайго сына. Ён нарадзіўся кволым, адна ножка была трохі карацейшая за другую. Вольга разумела, што, калі сын пачне хадзіць, абавязкова будзе кульгаць. Але гэта не пужала Вольгу, ёй было сорамна перад сваім хлопчыкам. Такім ён нарадзіўся па яе віне. Але, дзякуй, Богу, гэта быў толькі адзін недахоп.
Ішлі гады. Яе сын падрастаў, рабіў першыя крокі, вучыўся гаварыць, штосьці спрабаваў тлумачыць маме — самаму роднаму і дарагому чалавеку ў яго жыцці.
Волыу перапаўняла любоў да сына, якога яна назвала Сашам. На яе твары свяцілася ўсмешка, калі сын смяяўся, жанчына турбавалася, калі сын хварэў. Ёй станавілася страшна ад думкі, што яна можа яго страціць. У гэтым маленькім чалавечку было яе выратаванне, разам з ім у яе жыццё зноў прыляцеў хуткакрылы матылёк шчасця.
А. ДУБРОЎСКАЯ, "Перамога", №29